Ужо ў 23-і раз па ўсёй Еўропе, а таксама ў краінах Цэнтральнай Азіі адбыліся разнастайныя экскурсіі і фестывалі, мэтай якіх было прыцягнуць увагу грамадства гэтых краін да шматлікіх праблем мігрыруючых птушак. Масавая міграцыя пералётных птушак была адзначана ў большасці краін, якія прынялі ўдзел у ПанЕўрапейскіх назіраннях: было сонечна і усходнія спадарожныя вятры дапамагалі птушкам перамяшчацца ў патрэбным кірунку да месцаў зімоўкі.
Сёлета на працягу першай суботы і нядзелі кастрычніка адбылося больш за 1000 мерапрыемстваў у 41 краіне, у якіх удзельнічала больш 25 тысяч чалавек. Яны разам адзначылі больш за 4 мільёны 300 тысяч птушак, большасць з якіх - мігранты.
Самымі частымі адзначанымі пад час назіранняў відамі сталі звычайны шпак, берасцянка і лыска. Тройкі самых масавых адзначаных відаў у розных краінах, а таксама іншую статыстыку можна паглядзець ТУТ.
Па колькасці ўдзельнікаў назіранняў Беларусь апынулася на трэцім месцы пасля Швайцарыі (4660) і Венгрыі (4559). Найбольш – каля 1 мільёна 100 тысяч птушак розных відаў падлічылі ў Фінляндыі, потым па колькасці адзначаных асобін ідуць Швецыя з 630 тысячамі і Літва (троху больш за 600 тысяч).
У Беларусі самымі масавымі зарэгістраванымі пад час мінулай суботы-нядзелі відамі сталі звычайны шпак, шызы голуб і качка-крыжанка. Усяго ў нас назіранні адбыліся ў некалькіх гарадах і іншых месцах, у якіх прынялі ўдзел 1796 чалавек. Усе разам яны адзначылі амаль 21 тысячу птушак.
Самымі цікавымі для Гарадзеншчыны можна лічыць назіранне нырка-плёсаўкі (трэцяя сёлетняя рэгістрацыя для Беларусі) на р.Нёман у в.Свіслач, параўнальна вялікую групу з 80 шэрых гусей, а таксама працяглыя і паспяховыя назіранні за паляваннем двух пралётных скопаў на вадасховішчы ў в.Карозічы.
У Люксембургу была злапаная першая для гэтай краіны сардынская леска, у Аўстрыіі і Нідэрландах адзначаны чырвонаваллёвыя свірстуны, бурая пячураўка і сібірскі ерчык у Фінляндыі, кулік-гразевік у Італіі, стэпавы свірстун і пячураўка-зарнічка ў Нідэрландах, 5 дропаў і 6 крэчатак у Турцыі, сокал-белазор і пячураўка Х’юма ў Швецыі, арол-шуляк у Швайцарыі і ажно 2200 крэчатак ва Ўзбекістане.
У Чарнагорыі адбылося першае кальцаванне птушак чарнагорскімі кольцамі
Паводле www.eurobirdwatch.eu падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з назіранняў у Гродна яго ж
На гэтую тэму:
ЕUROBIRDWATCH-2014: НАЗІРАННІ ЗА ПТУШЫНАЙ МІГРАЦЫЯЙ АДБЫЛІСЯ Ў 40 КРАІНАХ
EUROPEAN BIRDWАTCH-2013: У 21 РАЗ АДБЫЛІСЯ НАЙВЯЛІКШЫЯ ЕЎРАПЕЙСКІЯ НАЗІРАННІ ЗА ПТУШКАМІ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ