Рака Лясная –тэрыторыя, важная для птушак і людзей!

 

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) правяла першую сустрэчу для аматараў прыроды з населеных пунктаў, размешчаных на рацэ Лясной. Запрошаныя на семінар людзі ўжо з’яўляюцца, або патэнцыйна могуць стаць удзельнікамі праграмы “Захавальнікі тэрыторый, важных для птушак”, ці добраахвотнымі памочнікамі эколагаў.

Як зазначае прадстаўнік АПБ Вольга Лукшыц, на кожнай такой тэрыторыі, да яе захавання прыцягваюцца не толькі навукоўцы, але і мясцовыя жыхары: "Немагчыма нешта захоўваць, калі ёсць нейкі супраціў на месцах. Калі людзі нешта не разумеюць, для чаго гэта, як гэта. Таму вельмі важная інфармацыйная праца з людзьмі, каб знізіць нейкі ўзровень шкоды з іх боку. Ёсць розная актыўнасць, якую звычайныя людзі могуць выконваць на тэрыторыі, – гэта маніторынг птушак, сачыць за пагрозамі."

Чаму рака Лясная стала адной з Тэрыторыяй, важнай для птушак, тлумачыць каардынатар захавальнікаў ракі Вадзім Пракапчук: – Менавіта тут робяць першы свой прыпынак усе птушкі, якія мігруюць з Заходняй Еўропы. Тут могуць спыняцца ад некалькіх дзён, да тыдняў, тут адпачываць, назапашваць тлушч. Насамрэч гэта вельмі важна для птушак, таму гэтая тэрыторыя і была заснаваная.
На сёння ў Беларусі налічваецца 51 Тэрыторыя, важная для птушак. Каб адпавядаць гэтаму статусу, тэрыторыя мусіць масава прывабліваць птушак для размнажэння, зімоўкі ці для адпачынку падчас міграцыі. Усяго ў свеце зарэгістравана больш за 12 тысяч такіх тэрыторый. У праграме ўдзельнічае 200 краін.

Паводле www.racyja.com