Маеш шанец дапамагчы адбудаваць бусліную вёску!

 

Пружанскае раённае экалагічнае грамадскае аб’яднанне “Агратур” запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у дабраахвотніцкім летніку, прысвечаным аднаўленню калоніі Белага бусла на хутары Бабінец, знішчанай у выніку прыроднага катаклізму. Некалі тут існавала найбольш шматлікая ў Беларусі калонія Белага бусла; на некаторых дрэвах месцілася да 6 гнёзд!

Летнік адбудзецца з 11 па 13 сакавіка 2016 году ў вёсцы Залессе Пружанскага раёну, на ўскрайку Белавежскай Пушчы. У праграме летніка пабудова гнездавых платформаў для буслоў, назіранне за прыродай Белавежскай Пушчы і Балота Дзікае, нефармальная камунікацыя з аднадумцамі і бяседы ля вогнішча. Удзельнікі летніка будуць бясплатна пражываць у вясковых хатах з пячным ацяпленнем, забяспечвацца цёплым і смачным харчаваннем, чыстай вадой, працоўным інструмантам ды матэрыяламі. Праезд удзельникаў за свой кошт! З сабой неабходна мець цёплую і водаадпорную палявую вопратку і абутак для працы (у тым ліку пару гумовых ботаў), камплект паходнага посуду (міска, кубак, лыжка, нож), спальны мех, ліхтарык, па магчымасці – бінокль. Страхоўка, лекі ды прысмакі – паводле індывідуальных патрэбаў.

За будаваннем буслянкі. Здымак Вадзіма Пракапчука

Колькасць месцаў у летніку абмежаваная і таму арганізатары пакідаюць за сабой права правесці папярэдні адбор кандыдатаў на падставе запоўненых імі анкетаў. Зацікаўленых удзелам у мерапрыемстве просім запоўніць заяўку і даслаць яе не пазьней за 7 сакавіка на адрас zalessie@gmail.com. Прыярытэт будуць мець анкеты, дасланыя раней. Паспяховым кандыдатам будуць дасланыя запрашэнні і дэталёвая праграма мерапрыемства.

Летнік праводзіцца ў рамках праекту «Падляшскі шлях Белага бусла» - Еўрапейскі досвед сацыяльна-эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні для Пружанскага раёна пры падтрымцы Праграмы Развіцця ААН у Беларусі. Партнэры праекту:

  • Упраўленне спорту и турызму Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта
  • Пружанскі раённы выканаўчы камітет
  • ГПУ «Нацыянальны парк «Белавежская Пушча»
  • Брэсцскае абласное аддзяленне ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны
  •  Podlaska Regionalna Organizacja Turystyczna
  • Аграсядзіба «Залессе»

Верхні здымак: так калісьці выглядала калонія буслоў. Здымак Мікалая Чэркаса