Дуплянкі для Птушкі году і не толькі

 

У Беларусі павольна, але няўмольна пачалася вясна. А разам з ёй прыйшла самая адказная пара ў жыцці птушак – размнажэнне, якое немагчыма без адпаведнага месца для гнездавання. Зусім нядаўна ў біясферным рэзерваце ЮНЕСКО «Заходняе Палессе» і Рамсарскім угоддзі «Палеская даліна ракі Буг» сябрамі Брэсцкага абласнога і Заходне-Палескага аддзяленняў АПБ былі пабудаваны і размешчаны гнездавыя платформы для рэдкіх буйных птушак (арлан-белахвост, малы арлец, пугач, чорны бусел). І вось чарговыя віды атрымалі новую жылплошчу. 

Ў гэты раз нашы высілкі былі накіраваныя на будаўніцтва дуплянак-гагалятнікаў для Птушкі 2016 году гогаля і гнездавых платформаў для сокала-кабца.

У абодвух гэтых відаў птушак аднолькавая праблема ў нашых лясах – недастатковая колькасць падыходзячых для гнездавання месцаў. На жаль, звязана гэта з дзейнасцю чалавека. Так, напрыклад гогаль – у адрозненне ад большасці нашых качак, можа гнездаваць толькі ў дуплах. А з-за таго, што птушка немаленькая (памерам зў варону), то і дуплы, і дрэвы для яе павінны быць адпаведнага памеру. Аднак менавіта такія старыя і дуплістыя дрэвы высякаюцца ў нашых лясах у першую чаргу. Таму рашэнне праблемы магчыма з дапамогай штучных дуплаў – гнездавых скрыняў. Першыя 8 з 15 зробленых напярэдадні гагалятнікаў былі развешаныя ў мінулыя выходныя ў наваколлі сажалак рыбгасу “Страдач”. Яшчэ 7 развесілі ў рыбгаса “Руда” ў в.Гусак і на ТВП “Арэхаўскае”.   

Акрамя гогаля, новыя патэнцыйныя кватэры атрымаў і сокал-кабец – адзін з самых распаўсюджаных сакалоў Беларусі, аднак таксама рэдкі і занесены ў Чырвоную кнігу від. Як і ўсе іншыя сокалы, кабец не будуе сам гнёзды, а выкарыстоўвае звычайна гнёзды крумкачоў ці іншых птушак падобнага памеру, якія знаходзяцца паблізу адкрытых прастораў у сасняках, на ўскрайках балот альбо нават на апорах ЛЭП сярод сельскагаспадарчых палеткаў. І калі адкрытых прастораў на рыбгасе “Страдач” і вакол яго хапае, то падыходзячыя незанятыя гнёзды ёсць незаўсёды. Каб зменшыць канкурэнцыю за іх, мы размясцілі там 7 гнездавых платформаў. У красавіку-траўні мы абавязкова праверым ці спадабаліся сакалам новыя кватэры.

Мерапрыемства адбывалася ў рамках праекту Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ “Супрацоўніцтва як механізм рашэння лакальных экалагічных праблем” пры фінансавай падтрымцы ўраду ЗША.  

Наступныя акцыі па будаўніцтву і развешванню дуплянак для Птушкі году і штучных гнёздаў для іншых відаў запланаваны на ТВП (тэрыторыях, важных для птушак) “Сялец”, “Дзівін – Вялікі Лес”, “Хаваншчына” і “Балота Спораўскае”. Калі ў Вас жаданне далучыцца і дапамагчы – звязвайцеся з намі: yankevich.apb@mail.ru.

Юры Янкевіч,
Брестское областное, Западно-Полеское региональное 
отделения АПБ
 

Здымкі аўтара і Андрэя Абрамчука