Смешную сытуацыю чатыры разы запар назіраў на беразе Нёмана.
Прыбярэжная тэрыторыя з абодвух бакоў старога маста падзелена паміж двумя ці трымя групамі вераб'ёў, сярод якіх найбольш палявых (Passer montanus). З аднаго боку набярэжнай - нізкая трава з нізкім пустазеллем, з другога - бераг часткова завалены валунамі, там вырасла высокае пустазелле і дзе-нідзе ёсць кусцікі вяза. На гэтай частцы ўсё і адбылося.
Частку высокага, ад 1 да 1,5 метра і ўжо засохлага пустазелля вецер нахіліў да самай зямлі ці валуноў і вераб'і, хаця і могуць выбіраць насенне на любой вышыні, чамусьці больш любяць гэта рабіць невысока або ўвогуле амаль з зямлі. Так і робяць.
А вось сіняя сініца ((Parus) Cyanistes caeruleus), якая перайшла з пошука насякомых і павучкоў таксама на харчаванне насеннем, стараецца трымацца зверху сухіх раслін. Але час ад часу яна трывожна пачынае трашчаць і сама ляціць ад уяўнай ці сапраўднай небяспекі на бліжэйшыя кусты вязу - там не так высока, але падаецца бяспечней. Хто ці што яе палохае - я не бачу.
Як толькі сігнал небяспекі чуюць вераб'і, яны кідаюць есці і таксама разлятаюцца па кустах вязу. Усе некалькі дзесяткаў!
Але праз некалькі секунд ніхто з іх небяспекі не бачыць, і , як і снічка, яны вяртаюцца выбіраць насенне. Вераб'і знізу, сінічка - зверху. Прыкладна праз хвіліну сінічка зноў паведамляе пра небяспеку і адлятае на вяз, вераб'і таксама разлятаюцца. І так паўтараецца раз за разам. Ці то давер да сінічак у вераб'ёў вялікі, ці то прасцей і бяспечней адляцець нават на той сігнал небяспекі, які потым не пацвердзіцца, чым паленавацца і не адляцець і тады ўсё можа кепска скончыцца?
А вераб'ёў, якія "слухаюцца сінічку" аказваецца больш, чым я меркаваў без іх падкліку - больш за 120 разам!
02-11-2020, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________-
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 03.11.2020 - 19:41
Часта выглядае так, што…
Часта выглядае так, што палявыя вераб'і інстынктыўна павінны пераядычна ўздымацца. Цікава, што адчувае такая сініца, якая здольная трошкі пакіраваць сотняй птушак?))
Harrier - 03.11.2020 - 20:10
In reply to Часта выглядае так, што… by Apus
Так, можна стаць…
Так, можна стаць маніпулятаркай)
Але яна і сама адлятала - таму нешта такое, што яе турбавала, там было. Проста я нічога не ўбачыў.
А наконт вераб'ёў - так, і самі узлятаюць усе час ад часу. Можа каб драпежнікам цяжэй было выбраць адну ахвяру з мноства птушак?