Дакументацыйныя здымкі
Хаця зімы ў апошнія гады ў нас бываюць вельмі розныя і часцей ўсё ж параўнальна цёплыя, але і ў цёплыя зімы бывае тыдзень-другі з марозамі і снегападамі, калі лёд пашырае свае белыя стужкі ад берагоў. І яны паступова, але няўхільна сціскаюць цёмную стужку адкрытай вады нават на вялікіх рэках - такіх, як Нёман.
Тады прыходзіць цяжкі час для тых зімародкаў (Alcedo atthis), якія вырашылі застацца зімаваць паблізу месцаў, дзе і нарадзіліся. І так абмежаваная колькасць прысадаў уздоўж берагоў, з якіх зручна лавіць невялікую рыбу, катастрафічна змяншаецца, бо ранейшыя добрыя для рыбалкі месцы апынаюцца пад ільдом, які пашырае і пашырае сваю плошчу. Пад яго пасіўнай аховай для атак з паветра застаюцца і дробныя рыбкі. І хаця зімародкі могуць - і часам паспяхова палююць - завісаць над вадой у паветры там, дзе ніякіх прысадаў няма, нават летам гэта вельмі энергаёмкі тып палёту, а зімой акрамя гэтага там, дзе застаецца адкрытая вада, так тэарэтычна можна злавіць толькі рыбу, якая памерамі пераўзыходзіць маленькіх рыбакоў. Таму я яшчэ ні разу не бачыў такой зімовай рыбалкі зімародкаў.
У дадатак падобна да крапіўнікаў (Troglodytes troglodytes), якія таксама зімуюць па берагах і актыўна бароняць свае зімовыя тэрыторыі ад канкурэнтаў, зімародкі стараюцца праганяць сабе падобных са свайго ўчастку зімовай рэчкі і ракі. І шанцы злавіць нешта за кароткі зімовы дзень і так невялікія, у марозныя дні яшчэ больш змяншаюцца.
Магчыма, што дарослыя птушкі ў такія дні пералятаюць рыбачыць на невялікія, але хуткія рэчкі, якія ніколі цалкам не пакрываюцца льдом і дзе шмат добрых прысадаў над неглыбокай вадой. І тады моладзь можа паспрабаваць сваё рыбацкае шчасце па берагах вялікіх рэк на ўчастках дарослых птушак. І выбіраюць для гэтага не самыя атымальныя прысады, з якіх параўнальна далёка да адкрытай вады - як сцябліны трыснягу на здымках ніжэй, з якіх прабавала паляваць маладая самка (паддзюб'е з чырванаватым адценнем кажа пра самку, а шэры ўчастак на аранжавай грудзі кажа пра малады ўзрост птушкі). Затое прынамсі ніхто не праганяе.
Гродна, Нёман у вусця Гараднічанкі, 15 і 16.01.2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ