Метабалізм птушак і звяроў рэгулюецца па-рознаму

Лептын – невялікі бялковы гармон, які ў млекакормячых выдзяляецца галоўным чынам тлушчовай тканкай. А яна, ў сваю чаргу, выконвае галоўную ролю ў падтрыманні энергетычнага гомеастазу арганізму. Акрамя гэтага, узровень лептыну ў крыві прапарцыянальны колькасці тлушчовай тканкі для дадзенай асобіны. Дзейнічае лептын як гармон сытасці, які змяншае колькасць ежы, якую з’ядае жывёла і павялічвае энергетычныя затраты арганізму.

Наяўнасць лептыну і рэцэптара на яго была адкрыта ў свойскіх птушак. Акрамя гэтага, лептын знайшлі ў тлушчовай тканцы і ўнутраных органах вялікага кіркуна (Calidris alpina). З-за таго, што пад час міграцыі гэтыя птушкі часам адкладваюць параўнальна вялікія колькасці тлушчу, было вырашана праверыць, ці асобіны з большай колькасцю тлушчу будуць мець большы ўзровень лептыну ў крыві чым тыя, якія тлушчу маюць менш.


Мы лавілі дарослых вялікіх кіркуноў (старэйшых, чым пнршы каляндарны год жыцця) на пункце кальцавання ў вусці Віслы каля Сьвібна (Польшча). Птушкі былі аб’яднаныя у тры групы ў залежнасці ад ступені тлушчу на целе: шчуплыя асобіны (клас атлушчэння 0 або 1), асобіны сярэдне тлустыя (клас атлушчэння 2 або 3) і асобіны тлустыя (клас атлушчэння больш 3). Са 153 кулікоў была ўзятая кроў з падкрыльнай вены. У даследаванай вадкасці узровень лептыны вызначалі з дапамогай радыёімуналагічнага метаду (RIA – Radio Immuno Assay).


Не было знойдзена статыстычна пацверджаных адрозненняў ва ўзроўні лептыну паміж кіркунамі з розных груп, што можа сведчыць пра тое, што ў дзікіх птушак выкарыстоўваецца іншы, чым у звяроў, механізм, які рэгулюе энергетычны метабалізм. Калі б ён быў падобны, то лептын рабіў бы немагчымым назапашванне вялікай колькасці тлушчовых запасаў, якія неабходны птушкам для вандровак.

Крыніца:
Gogga P., Kochan Z., Meissner W., Karbowska J. Poziom leptyny u biegusa zmiennego Calidris alpina (L., 1758) chwytanego jesienią na poludniowym wybrzeżu Baltyku. Streszcz. Ogólnopolska Konf. "Zwierzęta w życiu człowieka" oraz XX Jubileusz. Zjazd Polskiego Towarzystwa Zoologicznego. Szczecin 05-08.09.2011, - 2011 - p.27


Здымак вялікага кіркуна Дзьмітрыя Вінчэўскага
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:

Кулікі адсоўваюцца на поўнач

Клеткі дапамагаюць птушкам нават на волі

 

Знойдзены “ген міграцыі” птушак?

 

Comments

 Дык ён пра гэта і напісаў, што механізмы рэгуляцыі іншыя, бо не выяўляецца залежнасць паміж вагой і колькасцю ўтрымання лептыну, як ў звяроў. Залежнасць хутчэй ёсць, яна проста больш складаная.

Пры гэтым, мне падаецца да такіх свярджэнняў яшчэ далёка:

1. Толькі адзін від даследаваўся.

2. Від лапаўся падчас міграцыі, у час, калі ў птушак адбываюцца метабалічныя перабудовы.

Ананім (госць) - 29.11.2011 - 13:33

"Калі б ён быў падобны, то лептын рабіў бы немагчымым назапашванне вялікай колькасці тлушчовых запасаў, якія неабходны птушкам для вандровак." - канешне, сасун ж ніколі жыр не запашваюць, акрамя чалавека:) ав

Kiolk - 29.11.2011 - 14:59

In reply to by Ананім (госць)

 Наяўнасць лептыну, пакзвае нам, што гэта агульны элемент у звяроў і птушак, з часоў разыходжання іх эвалюцыйна, і адпаведна, яны працуюць па падобным механізме, бо нельга каб гармоны ў адной групы жывёл кіравалі адным працэсам, а ў іншых - другім. Розніца ў тым, што падчас эвалюцыі ў птушак выпрацаваўся трошкі іншы спосаб рэгуляцыі дзейнасці лептыну (альбо яго выпрацоўкі). Напрыклад блакаванне яго выпрацоўкі, ці блакаванне рацэптараў, з якімі ён  звязваецца. І гэта звязана менавіта з міграцыямі. Мне падаецца, статыстычнае адрозеннене паміж рознымі вагавымі катэгорыямі і ўзроўнем лептыну можна будзе знайсці ў птушак, якія не ажыцяўляюць значыных пералётаў (як і ў свойскіх птушак). Мне нават падаецца, што дадзенае статыстычнае адрозненне можна будзе адзначыць у тых жа кіркуноў, на зімоўцы ў перыяд, калі ў іх яшчэ не пачынае развівацца "міграцыйнае турбаванне". 

Асабістае меркаванне.

Не зразумеў логікі аспрэчваньня паданага ў тэзісах. Лептыну выпрацоўваецца ў звяроў тым больш, чым больш тлушчовай тканкі (бо яна яго і выпрацоўвае) каб абмежаваць непатрэбнае яго назапашваньне звыш нейкага неабходнага віду або асобіне ўзроўню. Таму залежнасць яго канцэнтрацыі ў крыві (праз якую ён трапляе ў мозг дзе і адбываецца карэкцыя паводзінаў па абмежаваньню сілкаваньня) наўпростая - чым больш тлушчовай тканкі, тым больш канцэнтрацыя гармону.

Тое, што такой залежнасьці не знойдзена ў птушак (хаця б і аднаго віду) сьведчыць пра тое, што гармон як раз і выконвае іншыя, чым у зьвяроў функцыі. І яго выпрацоўка не залежыць наўпрост ад колькасьці тлушчовай тканкі. Пры чым тут птушкі на месцах зімоўкі ці блакаванне пад час міграцыі?

Недастаткова тлустая птушка павінна прыпыніцца каб падсілкавацца і набраць адпаведную колькасцьць тлушчу для працягу міграцыі. Таму лептыну ў яе павінна быць значна менш, чым у тлустых птушак (у іх тлушчовая тканка павінна была б яго выпрацоўваць каб прыпыніць непатрэбнае дадатковае назапашваньне тлушчу). Аднак гэтага адрозьненьня як раз і не знойдзена.

 Не зразумелі, таму што нічога не аспрэчваецца, проста  выказаў сваё меркаванне як яно можа быць. Якраз та гармон і выконвае адну і тую ж функцыю бо:

1. Мае пэўную будову.

2. Мае адпаведныя рэцэптары на тканцы, на якую дзейнічае.

Проста падчас міграцыі, ён быццам выключаецца ці працуе з меньшай эфектыўнасцю, каб птушка магла назапасіць тлушч.

ДЫ і ў назве правільнае сцвярджэнне МЕТАБАЛІЗМ ПТУШАК І ЗВЯРОЎ РЭГУЛЮЕЦЦА ПА-РОЗНАМУ, а ле дзейнічае па адным механізме. Ды яшчэ гэтая рознасць можа быць звязана толькі з міграцыямі.

Як раз паказана, што гармон НЕ выконвае той функцыі, якую выконвае ў звяроў. Бо назапашваньне тлушчу не рэгулюе.

Гармон сам па сабе - рэгулятар, які дзейнічае праз мозг. Калі рэгулятар той самы, а працэс той, які чакалася па аналогіі са зьвярамі НЕ рэгулюе, значыць і функцыя яго ў птушак ІНШАЯ.

А навошта птушкам яшчэ тлушч, як не для выкарыстаньня пад час міграцыі?

Яны ж не соні і не мядзьведзі, ў сьпячку калі і ўпадаюць, дык не ад назапашваньня тлушчу, а як раз наадварот:)

Госць (госць) - 11.07.2018 - 22:48

О, як цікава! Я раней гэтым займалася. Толькі там не так усе проста з энергарэгуляцыяй, дзесяткі калі не сотня гармонаў яе рэгулююць, і пры вялікіх дозах лептыну можа быць атлушчэнне ўсе адно, калі гіпаталамус па-рознаму ўспрымае лептын. А яшчэ рассейванне энергіі рознымі відамі тлушчу. Карацей, казка) А метабалізм птушак, гляджу, вельмі цікавая рэч, асабліва як яны пад час палету выкарыстоўваюць энергію.І усе гэта слаба вывучана, і мой экс босс любіў такія праекты незвычайныя, прама хоць ты бяры і пішы і вывучай. Праўда, з мадэллю было б складана. Усе ж з гэтага артыкулу акрамя цікавага назірання аб незалежнасці ўзроўню лептыну ў птушак ад тлушчавой тканкі іншых вывадаў пра механізм метабалізму зрабіць немагчыма. Але есць феномен і яго можна далей даследаваць