Нядаўняе даследаванне, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Physiological and Biochemical Zoology, правярала ролю меланінаў і караціноідаў у афарбоўцы больш, чым 9 тысяч відаў птушак.
Вельмі разнастайная афарбоўка птушыных пер’яў – адна з найбольш заўважных і адметных характарыстык усяго таксону. Характэрныя для розных відаў, палоў і нават узроставых групаў малюнкі – плямкі, поласы, кропачкі і г.д. – даюць розныя перавагі: камуфляжную афарбоўку, паведамляюць пра атрутнасць ці сігналізуюць партнёрам пра гатовасць да размнажэння. Аднак механізм утварэння розных колераў і іх камбінацый на клеткавым узроўні застаецца збольшага малавядомым.
Ісмаэль Гальван (Dr. Ismael Galván) з камандай калег даследаваў склад і тып пігментаў у пер’і больш, чым 9 тысяч відаў птушак. Збольшага, афарбоўка пер’я, якую мы бачым, гэта “работа” двух тыпаў пігментаў: меланінаў (якія адказваюць за чорны, шэры, карычневы і аранжавы колеры) і караціноідаў (яны “даюць” больш яркія адценні і колеры).
Аднак, у адрозненне ад меланінаў, караціноіды птушкі не могуць прадукаваць самастойна – для гэтага яны павінны спажываць плады, якія ўтрымліваюць іх і потым, дзякуючы крыві, караціноіды трапляюць у фалікулы пяра, якое расце. У птушак не знойдзены структур, якія б маглі кантраляваць канцэнтрацыю і запас караціноідаў у целе, ні іх утрыманне ў структурах пяра.
Меланіны прадукуюць спецыяльныя клеткі, якія называюцца меланацітамі ("melanocytes") – яны працуюць разам з фалікуламі пер’я і гэтым дасягаецца кантроль дастатковай пігментацыі. Здаецца, гэта першае апісанне такога механізму афарбоўкі, знойдзенае для птушак на клеткавым узроўні.
Д-р Гальван сказаў: "Ведаючы, што розныя пігменты і структуры ствараюць розныя колеры, мы праверылі узнікненне афарбоўкі ва ўсіх даступных нам для вывучэння відаў і вызначалі, ці колеры ўтварыліся дзякуючы меланінам, ці іншым пігментам. Мы таксама знайшлі складаныя тыпы афарбоўкі, калі два ці больш асобныя колеры сустракаюцца адначасова па ўсім пер’і”. Такая неверагодна вялікая для падобнага даследавання колькасць відаў была выкарыстана, каб зразумець агульны для класу механізм афарбоўкі, ролю ў ім розных пігментаў і іх рэгуляцыю пры ўзнікненні.
Навукоўцы знайшлі, што сярод даследаваных імі відаў, толькі 32% маюць складаную афарбоўку пер’я, тады як большасць мае хутчэй “простую” і амаль “чыста” меланінавую.
Аднак, як часта бывае для такіх комплексных работ, былі знойдзены выключэнні з агульнага правіла: тры сямействы, якія маюць комплексную афарбоўку без выкарыстання меланінаў! Гэта садавінныя туркаўкі, кацінгі і адно з сямействаў буслоў – уся афарбоўка іх пер’я залежыць выключна ад мадыфікацыі ў пігментах-караціноідах, якія яны спажываюць разам з ежай, і якія іх арганізм можа ўносіць у ісходны пігмент.
Крыніца:
Ismael Galván et al (2017) Complex Plumage Patterns Can Be Produced Only with the Contribution of Melanins, Physiological and Biochemical Zoology DOI: 10.1086/693962
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак пер’еў розных відаў птушак з www.audubon.org
На гэтую тэму:
Інвазійныя расліны змяняюць колер пер’я дзятлаў
Яркія самцы больш сэксуальныя, аднак яны горш лятаюць
НАВУКОЎЦЫ ЗНАЙШЛІ, КАЛІ АДБЫЎСЯ “ВЯЛІКІ ВЫБУХ” РАЗНАСТАЙНАСЦІ Ў ПТУШАК
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ