Птушкі, якія маюць больш яркія пёры чым іншыя асобіны таго ж віду, могуць “плаціць” за сваю яркасць – атрымліваецца, што яны горшыя летуны. Звычайна лічыцца, што самцы з ярчайшым апярэннем сэксуальна больш прыцягальныя для самак. Аднак даследаванне амерыканскіх шчыгелаў (Spinus tristis) упершыню паказала, што высокі ўзровень пігментаў у пер’і аказвае негатыўны ўплыў на грудныя мышцы, якія выкарыстоўваюцца для палёту.
Дэталі публікацыі можна знайсці ў часопісе Naturwissenschaften.
Адкрыццё зусім не значыць, што яркія асобіны адначасова слабейшыя альбо менш здольныя да рэпрадукцыі. Аднак даследаванне паказала, што яркі ўбор шмат “каштуе” яго ўладальніку.
Гэта значыць, што яркая афарбоўка – чэсны сігнал якасці самца для самак. Толькі самыя лепшыя самцы ў выдатнай кандыцыі, якія здольныя супрацьстаяць негатыўным уздзеянням не гледзячы на сваю афарбоўку і звязаныя з ёй недахопы, дажывуць да сезону размнажэння і выжывуць пад час яго.
У многіх жывёл, уключна з рыбамі і птушкамі, самцы маюць перавагі ў самак, калі выкарыстоўваюць у афарбоўцы знешніх пакроваў вялікія колькасці пігментаў кароціноідаў.
Караціноіды надаюць яркую жоўтую, аранжавую і чырвоную афарбоўку і звычайна птушкі атрымліваюць іх разам з ежай. Арганізм самастойна іх не выпрацоўвае.
Перавагі высокага ўзроўню караціноідаў для арганізма добра вядомыя навукоўцам: як анціаксіданты яны лічацца падтрымліваючымі здароўе і далгалецце, таму для самак ёсць сігналам таго, што самцы здаровыя, маюць менш паразітаў і здольныя знаходзіць і харчавацца здаровай ежай.
Аднак дагэтуль даследчыкі не правяралі, ці ёсць адмоўныя бакі ў высокага ўтрымання караціноідаў у арганізме.
Каб праверыць гэта, праф. Крыстэн Навара (Prof. Kristen Navara) з універсітэту Джорджыя ў Athens (ЗША) і яго калегі з універсітэту Auburn (Алабама) вывучалі што адбудзецца з амерыканскімі шчыгеламі, калі іх трымаць на дыеце, багатай у караціноіды.
Пад час двух паслядоўных сезонаў яны кармілі злапаных у прыродзе птушак высокакараціноіднай ежай на працягу 2 месяцаў, пасля чаго нармальнай ежай на працягу двух наступных.
Пад час экперыменту даследчыкі збіралі пер’е ад птушак, каб памераць якая колькасць пігментаў засвоілася і перайшла ў пер’е.
У першы год яны таксама правяралі ўзровень ферменту, які мог азначаць, што мускулы не могуць дзейнічаць адпаведным чынам працяглы час. У другі год яны правяралі гэта непасрэдна пад час палёту птушак, праводзячы замеры працаздольнасці грудных мышц.
Вынікі былі атрыманы неадназначныя.
Шчыгелы на караціноіднай дыеце былі значна больш яркія і са значна жаўцейшымі пер’ямі.
Тым не менш, такія птушкі таксама прадукавалі шмат ферментаў, якія не дазвалялі мышцам працаваць працяглы час, таму што караціноіды ў вялікай канцэнтрацыі рабіліся таксічнымі і пашкоджвалі тканку. Падобным чынам негатыўнае ўздзеянне караціноідаў выявілася і пад час непасрэднай праверкі пад час палёту.
"Шкодныя для арганізму наступствы былі доўгатэрміновымі і праяўляліся яшчэ на працягу двух месяцаў пасля заканчэння “караціноіднай дыеты” – сказаў праф. Навара.
"У прыродных умовах такую працягласць мае гнездавы сезон у самцоў шчыгелаў. І слабая працаздольнасць мускулаў у гэты час можа мець фатальныя наступствы”.
Гэта значыць, што толькі птушкі ў самай выдатнай форме могуць пераносіць адзначаны негатыўны эфект ад высокага ўзроўню караціноідаў і ў сезон размнажэння мець яркае пер’е.
Дагэтуль высокі ўзровень караціноідаў лічыўся адназначна пазітыўным для пеўчых птушак, аднак гэтае публікацыя паказвае, што такія погляды могуць быць перагледжаны і для іншых птушак пасля правядзення дадатковых даследаванняў.
Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Кветкі і салодкія прысмакі прыцягваюць самак
Разумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ