Кветкі і салодкія прысмакі прыцягваюць самак

Адзін з карыбскіх відаў калібры каб прыцягнуць на сваю тэрыторыю партнёрку, забяспечвае ёй кветкі з нектарам. Аказалася, што менавіта якасць такой тэрыторыі хутчэй, чым яркасць шлюбнага ўбору самца або яго токавыя палёты і прыцягвае большасць самак. 

Даследаванні паводзін пад час гнездавога сезону пурпурова-горлага калібры Eulampis jugularis з горных раёнаў Усходніх Карыбаў былі апублікаваны ў часопісе Proceedings of the Royal Society B і дазволілі апісаць унікальны метад прыцягвання ўвагі самак.
Джон Крэс (John Kress), батанік са Смітсанаўскага музею натуральнай гісторыі, і Эфан Тэмелес (Ethan Temeles), арнітолаг з Amherst College у Масачусетсе (ЗША) заўважылі, што самцы захопліваюць у ўтрымліваюць тэрыторыі, якія ў 2-5 разоў перавышаюць памерамі тое, што дазваляе ім заспакоіць свае штодзённыя патрэбы ў ежы.
Даследчыкі таксама заўважылі, што самцы застаўляюць для самак, якія іх наведваюць, некранутымі часткі такіх тэрыторый. На такіх частках “для самак” растуць шматлікія расліны Heliconia, кветкі якіх вельмі багатыя нектарам – асноўным харчаваннем для гэтага віду калібры.
Самцы і самкі пурпурова-горлага калібры маюць падобнае апярэнне, але самцы большыя і маюць даўжэйшыя крылы. Акрамя гэтага, ў самцоў на 20% даўжэйшая дзюба, якая і загнутая прыкладна на 30% больш, чым у самак.
Гэта значыць, што птушкі розных палоў могуць харчавацца на розных відах раслін, пры чым на такіх, на якіх гэта здольныя рабіць толькі самцы, ці толькі самкі. Аказалася, што самцы пераважна харчуюцца на адным відзе хеліконіі, а самкі - на іншым.
"Наколькі мне вядома, падобныя паводзіны ўпершыню адзначаныя сярод птушак.” – сказаў Крэс. “Самцы не толькі абараняюць ад іншых самцоў вялізарную тэрыторыю, але частку яе могуць выкарыстоўваць выключна самкі. Менавіта такім чынам самцы і прыцягваюць да сябе ўвагу патэнцыйных партнёрак.” 
Выбар самца самкай залежыць ад якасці яго тэрыторыі, з якой ён вымушаны праганяць не толькі самцоў свайго віду, але і іншых нектарасмактуноў. Параўнанне формы і велічыні дзюбаў пурпурова-горлых калібры і формы і велічыні кветак двух відаў хеліконіі паказваюць выдатны прыклад ко-эвалюцыі паміж птушкамі і раслінамі. 
Яшчэ адно пацверджанне гэтаму - рознае запатрабаванне энергіі самцоў і самак гэтага віду калібры. І кветкі розных відаў хеліконіі ўтрымліваюць і розную колькасць нектару.
 

Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Мой шалаш – мая крэпасць

Разумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак