Навукоўцы знайшлі, калі адбыўся “Вялікі выбух” разнастайнасці ў птушак

Больш за 20 навукоўцаў аб’ядналіся ў нефармальную групу пад назвай Avian Phylogenomics Consortium, каб лепш зразумець эвалюцыю і станаўленне птушак як класа. У выніку цяпер атрымалася падрыхтаваць некалькі артыкулаў, якія кажуць пра тое, што амаль усе вялікія сучасныя таксоны птушак з’явіліся вельмі хутка прыкладна 66 мільёнаў гадоў таму як раз пасля масавага вымірання дыназаўраў. Такая параўнальна хуткая радыяцыя птушак не мае аналагаў сярод іншых вялікіх таксонаў жывёл.

"Найбольш пашыраны погляд на эвалюцыю птушак быў у тым, што надзвычайная разнастайнасць птушак з’явілася яшчэ ў эру дыназаўраў, але мы не знайшлі доказаў у падтрымку гэтага” – сказаў праф. Сайман Хо (Professor Simon Ho) з універсітэту Сіднэя (Аўтсралія), які кіраваў самым галоўным даследчым кампанентам – вызначэннем часовай шкалы (evolutionary timescale) па геномах.

На працягу апошніх 4 гадоў міжнародная група генетыкаў секвеніравала, сабрала наноў і параўнала поўныя геномы 48 відаў птушак, якія прадстаўляюць галоўныя таксоны сучасных птушак. На сённяшні дзень гэта самае маштабнае генетычнае даследаванне, прысвечанае асобнаму класу хрыбетных жывёл.

Рознапланавыя вынікі гэтай работы былі апублікаваныя ў 8 артыкулах спецыяльнага выпуску часопіса Science і яшчэ 21 артыкул адначасова ў некаторых іншых навуковых выданнях 

Прафесар Хо праводзіў экспертызу атрыманых дадзеных з выкарыстаннем тэхнікі, вядомай як “малекулярны гадзіннік” ('molecular clock') каб атрымаць шкалу для параўнання эвалюцыйнага часу ўзнікнення розных таксонаў паводле параўнання поўных геномаў і скамянелых парэшткаў.

Гэты аналіз дапамог пацвердзіць, што першыя сучасныя таксоны (лініі) птушак з’явіліся яшчэ каля 100 мільёнаў гадоў таму, аднак амаль усе сучасныя групы ўзніклі за параўнальна кароткі час на працягу менш, чым 10 мільёнаў гадоў адразу пасля масавага вымірання дыназаўраў з-за сутыкнення астэроіда з нашай планетай.

"Наша каманда выпрацавала некалькі метадаў, якія дапамаглі справіцца з велізарным наборам дадзеных, якія калі-небудзь выкарыстоўваліся па геномах птушках для параўнання. Мы выкарысталі для іх апрацоўкі 9 суперкампутараў з эквівалентам памяці і хуткасці, якая заняла б звычайны кампутар на больш, чым 400 гадоў”.

філагенетычнае дрэва птушак

Дыяграма з www.sciencemag.org

Таксама атрымалася, што агульны продак большасці наземных птушак, якіх мы ведаем сёння, быў нейкі від-драпежнік. Ад яго паходзяць сучасныя драпежныя птушкі (арлы, сокалы, совы) і пад час хуткай радыяцыі таксама пайшлі спяваючыя вераб’іныя і нават дзятлы!

"Са знікненнем дыназаўраў птушкі і звяры змаглі стаць больш разнастайнымі і заняць многія вызваленыя дыназаўрамі нішы. Гэта – адзін з найбольш важных эпізодаў у гісторыі эвалюцыі жыцця на Зямлі, і я вельмі рады, што наша міжнародная каманда змагла дапамагчы зразумець як гэта адбывалася”- сказаў праф. Хо.



Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На здымку LSU University Relations  – скуркі розных птушак з Музею прыроды Луізіанскага дзяржаўнага ўніверсітэту (ЗША)  (Louisiana State University's Museum of Natural Science),  у якім захоўваецца самы багаты ў Свеце генетычны матэрыял па хрыбетных і які выкарыстоўваўся для апісанага вышэй даследавання.  

 

 

На гэтую тэму:

Дыназаўры мусілі моцна зменшыцца, каб стаць птушкамі

Новыя віды выкапнёвых птушак

АПІСАНА САМАЯ ВЯЛІКАЯ ПТУШКА, ЯКАЯ КАЛІ-НЕБУДЗЬ ЛЯТАЛА

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

Сучасных птушак менш відаў, чым думалі

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

Як адбывалася эвалюцыя размнажэння птушак

Нечаканае адкрыццё: з некалькіх відаў птушак утварыўся адзін

З’явіўся першы чалавек, які бачыў больш 9000 відаў птушак!