Нечаканае адкрыццё: з некалькіх відаў птушак утварыўся адзін

 

Акуляравая тэтрака (Phyllastrephus zosterops) - невялікі від вераб’іных птушак з Мадагаскару, паводле апошніх уяўленняў навукоўцаў узнік вельмі незвычайным для птушак чынам. Гэта атрымалася даказаць дзякуючы падрабязным генетычным даследаванням. 

Звычайныя ўяўленні пра відаўтварэнне ў птушак у тым, што ў адпаведных умовах (у розным асяроддзі і пры належнай ізаляцыі) з аднаго віду могуць утварыцца новыя і такім чынам іх становіцца больш. Аднак вынікі даследаванняў на Мадагаскары, апублікаваныя ў часопісе Ecology and Evolution кажуць зусім пра іншы спосаб відаўтварэння, раней невядомы для птушак.  

Навукоўцы з Палявога музею Чыкага (Chicago’s Field Museum) адкрылі, што некалькі адасобленых відаў птушак утварылі адзін від пад час працэсу, які яны назвалі “стратай відавых асаблівасцяў” (despeciation).

Д-р Нікалас Блок (Dr. Nicholas Block) са сваёй камандай вызначаў біялагічную гісторыю птушак, параўноўваючы ДНК іх і вошаў, якія на іх жывуць. Яны знайшлі, што мітахандрыяльная ДНК (mtDNA) у розных асобін акуляравай тэтракі можа адрознівацца нават на 7,6% - вялізарная лічба для прадстаўнікоў аднаго віду жывёл, тым больш для птушак, якія часта жывуць побач - звычайна адрозненні генатыпаў у розных прадстаўнікоў птушак аднаго віду не перавышаюць 1,5%. 

Паводле збольшага вядомай хуткасці назапашвання выпадковых мутацый у ДНК мітахондрый можна ацаніць узрост адасобленай гісторыі таксонаў, якая ў выпадку розных прадстаўнікоў тэтракаў можа дасягаць нават 3,6 мільёнаў гадоў. “Гэта не павінна здзіўляць калі розныя лінііі былі геаграфічна ізаляваныя, аднак сюрпрызам для нас стала тое, што нават прадстаўнікі да трох генетычна розных ліній могуць быць знойдзены ў той жа мясцовасці” – сказаў д-р Блок. “Дагэтуль нічога падобнага не было вядома не толькі для птушак, але і для ўсіх хрыбетных жывёл”. 

Пасля першых нечаканых вынікаў даследчыкі вырашылі пацвердзіць свае высновы параўнаннем ядзернай ДНК птушак і мітахандрыяльнай ДНК знойдзеных на іх вошаў.

Параўнанне мітахандрыяльнай ДНК пацвердзіла, што розныя лініі тэтракаў мелі розных продкаў, а вельмі падобная ядзерная ДНК сведчыць пра тое, што адасобленыя раней віды ўтварылі адзін.  

Аднак толькі параўнанне ДНК птушак не можа сведчыць пра канвергентнае паходжанне віду з некалькі іншых. Таму навукоўцы звярнуліся да птушыных вошаў, якія часта відаспецыфічныя – г.зн., у кожнага віда-гаспадара свой від эктапаразіта. 

Атрымалася, што тэтракіі з розных тэрыторый маюць розныя віды вошаў – гэта падцверджвала тэорыю аб тым, што розныя віды эктапаразітаў павінны былі ўзнікнуць на розных відах птушак, якія потым страцілі відавыя асаблівасці. 

Амаль немагчыма апісаць дакладную эвалюцыйную гісторыю падобнага відаўтварэння, але Блок з калегамі лічыць, што ва ўсім “вінаваты” змены клімату і фрагментацыя лясоў. У больш сухія і халодныя часы лясы былі фрагментаваныя, што і выклікала ізаляцыю і відаўтварэнне. Пасля пацяплення і павелічэння вільготнасці, лясы злучыліся і сходныя нішы птушак змаглі дапамагчы ім страціць відаспецыфічныя ў адносінах адна да адной рысы. 

Крыніца:

Block, N. L., Goodman, S. M., Hackett, S. J., Bates, J. M., & Raherilalao, M. J. (2015). Potential merger of ancient lineages in a passerine bird discovered based on evidence from host‐specific ectoparasites. Ecology and evolution, 5(17), 3743-3755.

Паводле www.news.mongabay.com (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Глядзі за суседзямі – можа яны не тыя, на каго падобныя?

УСЕ ЧАЧОТКІ – АДЗІНЫ ВІД?

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

Знойдзена міжвідавая мімікрыя сярод дзятлаў

НОВЫ ВІД ПТУШАК, ЯКІ МІМІКРЫРУЕ ПАД ЎЖО ВЯДОМЫ, АПІСАНЫ Ў БРАЗІЛІІ

ЭНДЭМІЧНАЯ ПЛІСКА І СВІРСТУН ВЫГЛЯДАЮЦЬ НЕПАДОБНА ДА СВАІХ КРЭЎНЫХ