Глядзі за суседзямі – можа яны не тыя, на каго падобныя?

 

У адной з афрыканскіх вераб’іных птушак была знойдзена незвычайная адаптацыя да гнездавога паразітызму. Многія ЗЯЗЮЛІ МІМІКРУЮЦЬ ПАД ШУЛЯКОЎ, каб вераб’іныя птушкі іх баяліся і падкідваюць свае яйкі, вельмі падобныя да яек будучых прыёмных бацькоў іншым відам птушак так, каб падмануць іх. Зязюлевыя ткачыкі (Anomalospiza imberbis) знайшлі яшчэ адну магчымасць як можна паспяхова падмануць патэнцыйных прыёмных бацькоў: яны выглядаюць як бяскрыўдныя непаразітычныя ткачыкі. 

Насамрэч зязюлевыя ткачыкі не ёсць ні зязюлямі, ні сапраўднымі ткачыкамі. Як прадстаўнікі сямейства Viduidae, яны блізкія да ткачыкаў. Аднак першае слова назвы звязана толькі з іх гнездавым паразітызмам, які найбольш вядомы і распаўсюджаны менавіта сярод прадстаўнікоў атраду Зязюлепадобныя.

Выкарміць птушаня іншага віду займае шмат часу і энэргіі без аніякай эвалюцыйнай перавагі. У некаторых выпадках гнездавыя паразіты прыносяць вывадкам прыёмных бацькоў карысць, павялічваючы іх поспех гнездавання. Але звычайна яны проста забіраюць ежу ва ўласных птушанят прыёмных бацькоў і, калі могуць, знішчаюць непажаданых канкурэнтаў – іншыя яйкі і (ці) птушанят у гняздзе. У выніку, віды- патэнцыйныя прыёмныя бацькі маюць моцны ціск натуральнага адбору, накіраваны на паводзіны, якія не даюць падмануць сябе. З-за таго, што арсенал ці ступень падману увесь час удасканальваецца гнездавымі паразітамі, ко-эвалюцыя відаў-гаспадароў і паразітаў ўвесь час працягваецца. 

Пад час падрыхтоўкі сваёй доктарскай працы ў Australian National University, Уільям Фііній (William Feeney) (цяпер працуе ў Cambridge University) вывучаў, як зязюлевыя ткачыкі ў Замбіі падманваюць карычневабокіх прыній (Prinia subflava), каб падкінуць ім свае яйкі. Самы распаўсюджаны сярод гнездавых паразітаў механізм – знайсці той від птушак, яйкі якога найбольш падобныя да тваіх. Такі механізм называецца “яйкавая мімікрыя” (гл. здымак ніжэй).  

Яйкі зязюлевага ткачыка ўнутры кола, прыніі – у знешняй частцы.

Аднак падкінуць сваё яйка ў чужое гняздо трэба незаўважна – каб патэнцыйныя прыёмныя бацькі не мелі падозранняў. Пад час назіранняў за птушкамі Фііній адзначыў, што самкі зязюлевых ткачыкаў вельмі падобныя да самак паўднёвых вогненных ткачыкаў southern red bishops (Euplectes orix). Апошні від быў вельмі звычайным у месцы даследаванняў і не прыносіў ніякай шкоды прыніям. Хутчэй за ўсё, такая міжвідавая мімікрыя ўзнікла з-за таго, што від-паразіт і від-гаспадар абодва жывуць у адкрытай саване, дзе цяжка падляцець незаўважаным да (чужога) гнязда ў адрозненне ад пераважна лясных відаў зязюль. У той жа час самцы зязюлевых ткачыкаў – якім не патрэбна хавацца і падманваць сваім знешнім выглядам патэнцыйных прыёмных бацькоў – выглядаюць інакш і візуальна добра адрозніваюцца ад іншых відаў птушак. 

Пасля гэтага Фііній параўнаў калекцыйныя скуркі самак зязюлевых ткачыкаў з іншымі відамі ткачыкаў роду Vidua, да якіх паўднёвыя вогненныя ткачыкі нашмат больш блізкія па паходжанню, аднак аказаліся нашмат менш падобныя знешне. Такім чынам навуковец вырашыў, што моцнае знешняе падабенства менавіта самак невыпадковае. 

“Гэта паказвае, што гнездавыя паразіты выкарыстоўваюць стратэгію “ваўкоў у авечай скуры” на ўсіх стадыях жыццёвага цыкла: як яйкі, птушаняты, злёткі і, як мы цяпер ведаем, як дарослыя птушкі” – сказаў д-р Фііній. 

Аднак, як аказалася паводле палявых назіранняў, прыніі не здаюцца. Няздольныя адрозніць самак зязюлевых ткачыкаў ад вогненных ткачыкаў, прыніі атакуюць абодвух, калі тыя апынуцца паблізу іх гнёздаў і не звяртаюць увагі на самцоў гнездавых паразітаў. Акрамя гэтага, калі даследчык ставіў каля гнязда прыній пудзіла самкі зязюлевага ці вогеннага ткачыка, якое прыніі не маглі прагнаць, яны ўважліва правяралі змесціва гнязда і, патэнцыйна, мелі больш шанцаў знайсці і выкінуць яйка гнездавога паразіта. 

Крыніца:

Feeney, W E, Troscianko, J, Langmore, N E, Spottiswoode, C N. 2015. Evidence for aggressive mimicry in an adult brood parasitic bird, and generalized defences in its host. Proceedings of the Royal Society B 282: DOI: 10.1098/rspb.2015.0795. 

Паводле www.iflscience.com (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На верхнім здымку самка зязюлевага ткачыка з левага боку, прыніі – з правага.


 

На гэтую тэму:

НЕЗВЫЧАЙНАЕ АДКРЫЦЦЁ: ПТУШАНЯТЫ ВУЧАЦЬ ПАРОЛЬ, КАБ ІХ КАРМІЛІ БАЦЬКІ

ГНЕЗДАВЫЯ ПАРАЗІТЫ І ГАСПАДАРЫ: ХТО КАМУ ДАПАМАГАЕ?

Як балотныя чаротаўкі Птушку году выкармілі

Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO 

ЗЯЗЮЛІ МІМІКРУЮЦЬ ПАД ШУЛЯКОЎ

Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела

КАЛЕКЦЫЯНЕР ПТУШЫНЫХ КЛАДАК ДАПАМОГ НАВУКОЎЦАМ

 

Comments