Гнездавыя паразіты і гаспадары: хто каму дапамагае?

У класічнай схеме адносін гнездавых паразітаў і патэнцыйных гаспадароў тыя віды, якія рэгулярна выкарыстоўваюцца ў якасці прыёмных бацькоў, стараюцца прагнаць гнездавога паразіта, а калі гэта не атрымалася - распазнаць і выкінуць са свайго гнязда чужое яйка. Аднак, як стала вядома яшчэ больш за 40 год таму, не ўсе патэнцыйныя віды-гаспадары гнездавых паразітаў так робяць. Таму была выказана гіпотэза, што такія птушкі атрымліваюць нейкую карысць ад прысутнасці ў сваіх гнёздах чужых птушанят.  

У 1968 годзе Ніл Сміт (Neal Smith), супрацоўнік Смітсонаўскага інстытуту даследавання тропікаў (Smithsonian Tropical Research Institute) назіраў у Панаме за вялікай валовай птушкай (Scaphidura oryzivor) - гнездавым паразітам, які падкладвае свае яйкі птушкам сямейства трупіялавых, у тым ліку Cacicus cela і Zarhynchus wagleri. У розных самак вялікай валовай птушкі яйкі выглядаюць па-рознаму, часам яны вельмі падобныя на гаспадарскія, у іншых жа выпадках адрозніваюцца настолькі, што выявіць іх не складае праблемы. 

Здавалася б, іх тут жа павінны выкінуць. Некаторыя гаспадары так і паступаюць, іншыя ж абыякава глядзяць, як валовая птушка адкладае свае яйкі ў іх гняздо, і потым ніякіх мер не прымаюць. Але іх паблажлівасць хутка акупляецца: птушаняты вялікай валовай птушкі вылупляюцца першымі і неўзабаве ўжо збіраюць розных казурак, якіх бачаць у гняздзе. Ў тым ліку і лічынак аваднёў Philornis sp, якія ўбураўліваюцца пад скуру гаспадарскім птушанятам і могуць нават заесці іх да смерці. Птушаняты валовай птушкі пакрытыя шчыльным пухам, і ім гэтыя лічынкі не страшныя. Такім чынам, вялікая валовая птушка выступае ў двух постацях: гнездавога паразіта і абаронцы гаспадарскіх дзяцей (пры ўмераным узроўні паразітызму, зразумела). Зрэшты, трупіалавыя птушкі могуць абыйсціся і без абароны падкінутых птушанят. Тыя з іх, хто аддае перавагу пазбаўленню ад чужых яек, уладкоўваюць гнёзды побач з ляснымі осамі Protopolybia sp. і Stelopolybia sp., або пчоламі Trigona sp. Гэтыя насякомыя палююць на аваднёў і іх лічынак, і выдатна абараняюць птушанят.

Апісваючы гэты выпадак, Ніл Сміт адзначыў, што ўзаемадзеянне гнездавых паразітаў і гаспадароў не заўсёды такое, якім падаецца на першы погляд. Яго праца набыла шырокую вядомасць, нават увайшла ў падручнікі, аднак выснова не атрымала далейшых пацверджанняў, і дагэтуль птушкі, якія падкідваюць свае яйкі ў чужыя гнёзды, лічыліся выключна гнездавымі паразітамі. 

Нядаўна да гэтага пытання вярнуліся гішпанскія даследнікі пад кіраўніцтвам Вітторіо Багліонэ (Vittorio Baglione), прафесара ўніверсітэту Вальядаліда (University of Valladolid), і Даніэлы Канестрар’і (Daniela Canestrari) з універсітэту Ов’еда (University of Oviedo). Яны выявілі, што некаторыя птушкі сапраўды атрымліваюць карысць ад чужых птушанят у сваім гняздзе.

На гэты раз аб'ектам даследавання стала чубатая зязюля (Clamator glandarius), насельнік Паўднёа-Заходняй і Паўднёвай Еўропы і Малой Азіі. Яна спецыялізуецца на гнёздах крумкачовых, у асноўным сарокі (Pica pica) і чорнай вароны (Corvus corone). Сарокі па меры сіл змагаюцца з гнездавымі паразітамі, а зязюлі прыкметна зніжаюць колькасць патомства прыёмных гаспадароў. Аднак вароны ад зязюль заўважна не пакутуюць, хаця больш 67% гнёздаў варон “заражаныя” яйкамі зязюль, і вароны іх не выкідаюць.

Навукоўцаў зацікавіла, ці атрымоўваюць вароны нейкую перавагу ад прысутнасці зязюльчынятаў у сваім гняздзе? Яны прааналізавалі дадзеныя, сабраныя на працягу 16 гадоў назіранняў, і ацанілі ўплыў паразітаў на рэпрадуктыўны поспех варон. Атрымалася, што птушаняты ва ўсіх гнёздах варон, незалежна ад таго, ці заражаныя яны, вылупляюцца прыкладна з аднолькавай імавернасцю (0,77-0,73). Гняздо, у якім хаця б адно гаспадарскае птушаня дажыло да выляту, лічаць паспяховым. Сярод кладак з яйкамі зязюлі імавернасць поспеху была трохі вышэй (0,764 супраць 0,538). Аднак у паспяховых заражаных вывадках варанят вылятала менш. Так што ў выніку прысутнасць зязюльчынятаў хоць і дае варонам перавагу, але невялікую.

Шматгадовыя дадзеныя не растлумачылі сітуацыю, і тады даследнікі перайшлі ад назіранняў да актыўных дзеянняў. Яны забіралі зязюльчанят з "родных" гнёздаў і перамяшчалі ў іншыя, першапачаткова не заражаныя. Такім чынам, у эксперыменце ўдзельнічалі чатыры групы гнёздаў: заражаныя, незаражаные, заражаныя з выключаным зязюльчынём і незаражаныя, у якія падклалі чужое птушаня. Тут і выявілася сувязь паміж гнездавым паразітызмам і поспехам гнездавання. Імавернасць поспеху ў звычайным заражаным (кантрольным) гняздзе складае каля 70%. Калі выдаліць з яго зязюльчанятаў (звычайна іх 1-2 у гняздзе), імавернасць поспеху гнездавання знізіцца да 30%. Калі падкласці зязюльчыны яйкі да незаражанай кладкі, імавернасць поспеху ўзрасце амаль удвая, - з 37 да 71%. У кантрольных эксперыментах з вывадкаў яшчэ выдалялі варанят, але гэтыя дзеянні не паўплывалі на поспех гнездавання.

Аказалася, што галоўная прычына поспеху складаецца ў смуродным сакрэце, які схопленае зязюльчынё выдзяляе з клаакі каб абараніцца. Аб'ём сакрэту параўнальна значны (каля милілітра), у яго склад уваходзяць з'едлівыя і кепскапахнучыя рэчывы: кіслоты, індолы, фенолы. Яны адпужваюць драпежнікаў, якія нападаюць на безабаронных птушанят, у тым ліку дзікіх катоў (Felis silvestris), генеттаў (Genetta genetta), каменных кунаў (Martes foina), шулякоў-галубятнікаў (Accipiter gentilis) і канюхоў-мышаловаў (Buteo buteo), крумкачоў (Corvus corax) і соек (Garrulus glandarius).

Гішпанскія навукоўцы праверылі дзеянне смярдзючага сакрэту на трох галоўных групах драпежнікаў, якія пагражаюць вывадкам варон: здзічэлых котках, крумкачовых і драпежных птушках. Ім прапаноўвалі кавалкі курыцы, змочаныя вадой або апрацаваныя сакрэтам зязюльчынят. Коткі не адмаўляліся ад мокрай курыцы, але толькі адна з дзесяці паспрабавала кавалак, прапахлы зязюльчынём. Птушкі таксама пазбягаюць гэтага паху.

Нападам драпежнікаў падвяргаецца не менш паловы гнёздаў варон, таму зязюлі прыносяць ім істотную карысць. Ступень іх карыснасці залежыць ад колькасці драпежнікаў навокал; такім чынам, узаемаадносіны чубатай зязюлі і чорнай вароны могуць вагацца ад гнездавога паразітызму да каменсалізму (узаемавыгаднага супрацоўніцтва). Зрэшты, шкода, якую паразіты наносяць гаспадарам, не такая ўжо і вялікая. Калі зязюля адкладвае свае яйкі, яна ніколі не псуе яйкі вароны. Зязюльчынё важыць прыкладна ў тры разы менш, чым птушанё вароны, так што выкарміць яго лягчэй, чым роднае дзіцё. Вага і стан варанят, якія выраслі разам з зязюльчанятамі, не горшыя, чым у птушанят, якія раслі без прыёмных братоў-сёстраў.

Крыніцы:

N. Smith (1968) The Advantage of being Parasitized. Nature 219: 690—694. 

D. Canestrari et al. (2014) From Parasitism to Mutualism: Unexpected Interactions Between a Cuckoo and Its Host. Science 343: 1350 — 1352.

Паводле www.trv-science.ru падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак чубатай зязюлі з www.vogelwarte.ch

 

На гэтую тэму:

Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO

Як балотныя чаротаўкі Птушку году выкармілі

АДКРЫТА ЯШЧЭ АДНА ФУНКЦЫЯ ХВАСТЦОВАЙ ЗАЛОЗЫ ПТУШАК

Сівагракі пахнуць страхам

 

 

Comments

Вось табе і зязюлі- паразіткі... 

Але такія абодвакарысныя ўзаемаадносіны, напэўна, магчымыя толькі там, дзе зязюльчыняты аднолькавыя або меншыя за птушанят-гаспадароў. Ва ўсіх іншых выпадках яны стараюцца павыкідваць канкурэнтаў з роднага гнязда.