Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO

Фенамен пастаяннага падкідвання сваіх яек іншым відам на выседжванне вельмі рэдка сустракаецца ў жывёльным свеце – толькі ў некалькіх відаў рыб і птушак. Птушак, якія ніколі не будуюць гнёзды і не выседжваюць яйкі – такіх называюць аблігатнымі гнездавымі паразітамі, - на сёння вядома каля 90 відаў (з амаль 10 тысяч). 

Сярод іх 50 відаў Зязюлепадобных (аднак іншыя 78 відаў атраду будуюць гнёзды і выхоўваюць птушанят самастойна). Іншыя птушкі, якія таксама ёсць аблігатнымі паразітамі, гэта 17 відаў мёдаўказнікаў (з атраду Дзятлападобных), 17 відаў ткачыкавых (з Вераб’інападобных), 5 відаў амерыканскіх лесак (таксама з Вераб’інападобных) і 1 від качак. 

У прадстаўнікоў сямейства Cuculidae ступень гнездавога паразытызму выяўляецца рознай. Некаторыя віды (амерыканскія зязюлі Coccyzus) часам будуюць гнёзды і наседжваюць яйкі самастойна, часам- займаюць чужыя гнёзды, аднак наседжваюць яйкі і выкармліваюць птушанят самастойна. Зязюлі з родаў Croptophaga і Guira часам гняздуюць асобнымі парамі, займаюць чужыя гнёзды, часам 2-3 пары будуюць адно гняздо, ў якое самкі адкладваюць яйкі і наседжваюць і выкармліваюць птушанят па чарзе. Некаторыя з гэтых зязюляў падкідваюць яйкі ў гнёзды іншых відаў. Нарэшце, ў іншых зязюль самка з тыповым гнездавым паразітызмам заўсёды падкладваюць свае яйкі ў гнёзды іншых відаў і ніколі не наседжваюць іх і не выкармліваюць птушанят. 

Знаходкі яек і птушанят зязюлі ў гнёздах вераб’іных птушак звычайна бываць рэдкімі і хутчэй выпадковымі. Можна знайсці тысячу гнёздаў розных дробных відаў і ў ніводным з іх не будзе зязюльчыня. На долю кожнага арнітолага, які сістэматычна вывучае птушак у прыродзе, шчаслівых знаходак за ўсе гады назіранняў вельмі мала. Гэтым і тлумачыцца тое, што факты па біялогіі размнажэння зязюляў збіраліся так павольна на працягу ўсёй гісторыі арніталогіі. Пры чым некаторыя з іх адкрываюць літаральна ў апошнія гады.

У нашым зоагеаграфічным рэгіёне Заходняй Палеарктыкі сустракаюцца 5 прадстаўнікоў атраду Зязюлепадобныя, аднак толькі два віды гняздуюць у Еўропе – наша звычайная зязюля (Cuculus canorus), абраная Центральным саветам АПБ Птушкай 2014 году ў Беларусі, і чубатая зязюля (Clamator glandarius) з краін Міжземнамор’я.

Асноўныя адаптацыі зязюлі

Часта кажуць, што зязюлі ніяк не клапоцяцца пра сваё будучае патомства. Канешне, гэта не зусім так! Калі б гэта было праўдай, зязюля адкладвала б яйкі абы куды і па некалькі штук у любое гняздо з любой ступенню наседжанасці ці нават з птушанятамі. Аднак насамрэч у працэсе эвалюцыі віду да гнездавога паразытызму яны выпрацавалі наступныя адаптацыі:

Кожная зязюля спецыялізуецца толькі на адным “прыёмным” відзе, таму іх яйкі маюць вялікае падабенства афарбоўкай, а часам і памерамі. 

Існуюць асобныя “расы” самак, якія спецыялізуюцца на розных “прыёмных” відах. 

Забіраюць адно яйка гаспадароў з сабой, такім чынам колькасць яек у гняздзе застаецца такой, як была да падкідвання.

Адна самка можа адкладваць ад 20 да 25 яек – і ўсе па аднаму ў розныя гнёзды.

У эмбрыёна зязюлі паскораны перыяд развіцця, што дае яму магчымасць вылупіцца хутчэй або разам з птушанятамі гаспадароў. Акрамя гэтага, ў апошнія гады адкрылі, што самка пачынае інкубаваць яйка яшчэ ў яйкаводзе, дзе прыкладна на працягу сутак да адкладкі пачынае развівацца зародак зязюлі.

У птушаня зязюлі моцны імпульс выпіхваць усе невялікія аб’екты з гнязда, а таксама анатамічныя і фізіялагічныя прыстасаванні, каб павыкідаць з гнязда магчымых канкурэнтаў –птушанят і/ці яйкі гаспадароў. 

http://youtu.be/u3qGQ5dnLN8

 

 Прыстасаванні магчымых “прыёмных бацькоў”

 Віды, якія становяцца “прыёмнымі бацькамі” зязюльчынят, прыстасаваліся да “барацьбы” з гнездавым паразітызмам. У іх выпрацаваліся наступныя адаптацыі:

Здольнасць адрозніваць свае ўласныя яйкі ад яек іншых відаў.

Здольнасць вучыцца (г.зн. павялічваць здольнасць) да адрознення яек. 

Агрэсія, скіраваная на дарослых зязюляў.

Павелічэнне падазронасці пасля адзначэння зязюлі каля свайго гнязда.

Розныя метады пазбегнуць вылуплення птушаняці з яйка іншага віду, падкладзенага ў гняздо. 

Адкладка яек, якія выглядаюць вельмі непадобна нават у параўнанні з яйкамі самак таго ж віду з суседніх гнёздаў, што робіць больш цяжкім для зязюлі знайсці гняздо з падобнымі на свае яйкамі. 

Цікава, што тыя віды птушак, якія не бываюць “прыёмнымі бацькамі” зязюляў, не агрэсіўныя да дарослых зязюляў і не адрозніваюць свае яйкі ад яек іншых відаў. Толькі віды птушак, якія шмат пакаленняў служаць як “прыёмныя” для зязюляў, маюць гэтыя здольнасці. 

 Падобнасць яек ёсць эвалюцыйным вынікам да здольнасці распазнаць і выкінуць яйкі, адкалдзеныя іншым відам. Даўно таму, зязюлі маглі адкладваць яйкі, якія адрозніваліся ад яек гаспадароў гнязда, і тыя не маглі адрозніць іх ад сваіх. Па меры таго, як гаспадары гнязда развівалі здольнасць адрозніваць, птушаняты зязюлі вылупляліся толькі з тых яек, якія выглядалі падобна на яйкі гаспадароў. У той самы час зязюлі развілі здольнасць адкладваць яйкі такога ж колеру і з падобным малюнкам, як і яйкі гаспадароў, таму што іншыя гаспадары гнязда выкідалі.

 Тэрыторыі зязюляў

У гнездавы сезон зязюлі маюць свае тэрыторыі. Самцы і самкі маюць розныя тэрыторыі, таму яны могуць перакрывацца ў рознай ступені. На тэрыторыі самца можа быць больш за адну самку, хаця адваротныя сітуацыі таксама магчымыя. На тэрыторыях з надзвычай вялікай шчыльнасцю гнёздаў “прыёмных” відаў у адным гняздзе можа быць знойдзена нават да 4 яек ад розных самак зязюлі – гэта значыць, што іх тэрыторыі могуць перакрывацца і эфектыўна імі не ахоўваюцца. Тэрыторыя самак розных рас, якія спецыялізуюцца на розных відах-гаспадарах могуць значна адрознівацца і залежаць, напэўна, ад колькасці даступных для зязюлі гнёздаў віда-гаспадара. Адна з тэрыторый самкі зязюлі, якая падкідвае яйкі ў гнёзды трысняговай чаротаўкі мела тэрыторыю каля 30 га, а самка, якая падкідвала яйкі ў гнёзды лугавога свірстуна – каля 300 га. На адной такой тэрыторыі знаходзяцца 20-30 гнёздаў віда-гаспадара на якім спецыялізуецца самка зязюлі. 

 

Размнажэнне зязюлі Зязюля пачынае гнездаваць ва ўзросце 1-2 гадоў. З-за таго, што зязюлі не будуюць гнёздаў і не выкармліваюць птушанят, яны не ўтвараюць пастаянных параў. Самцы часта капуліруюць з некалькімі самкамі (каля паловы самцоў маюць больш, чым адну самку), самкі таксама капуліруюць з некалькімі партнёрамі (каля 1/6 з іх маюць ад 2 да 4 самцоў).  Яйкі  Кожная самка зязюлі (як і самкі іншых відаў птушак) адкладвае яйкі амаль аднолькавай афарбоўкі на працягу ўсяго свайго жыцця. Яны маюць прыкладна аднолькавыя памеры, колер і падобны характар размяшчэння рысак і кропак. Зязюля не можа загадзя выбраць від, якому будзе падкідваць яйкі. Гэты працэс адбываецца інакш: з-за таго, што яна можа падкідваць яйкі толькі аднаго тыпу, яна шукае гнёзды з яйкамі, якія будуць найбольш падобнымі на яе. Аднак толькі каля 30% яек зязюляў вельмі падобныя на яйкі “прыёмных” відаў або значна пасуюць да іх, іншыя 70% добра адрозніваюцца. Даследчыкі птушак таксама знаходзілі яйкі зязюлі, якія не былі падобныя на яйкі ніводнай еўрапейскай вераб’інай птушкі.  Яйкі зязюлі вельмі маленькіх памераў параўнальна з памерам дарослай птушкі. Яны больш адпавядаюць памерамі яйкам невялікіх відаў вераб’іных – найбольш трысняговай чаротаўцы і малому грычуну. Аднак памер яек зязюлі значна вар’іруе, таксама як і іх афарбоўка. Яны могуць быць аднастайна белыя, крэмавыя, светла-блакітныя або блакітна-зеленаватыя. Часцей яйкі маюць шмат розных плямаў невялікага памеру і розных адценняў карычневага: ад вельмі светлага, амаль шэрага ці ружовага да амаль чорнага.  Найбольш частымі “прыёмнымі” бацькамі для зязюляў служаць каля 20 відаў птушак, і усіх зязюляў можна разбіць па афарбоўцы адкладваемых імі яек на 16-20 тыпаў або рас. Тып афарбоўкі яек закладзены генетычна і перадаецца ад маці да дачкі.  Толькі каля 5% яек зязюлі падкідваюць у гнёзды іншых, чым свой асноўны “прыёмны” від. Гэтак адбываецца, калі не хапае гнёздаў адпаведнага віду, выпадкова або калі зязюля памыляецца. Аднак калі птушаня зязюлі вылятае з такога нетыповага гнязда, такая “памылка” можа паспрыяць адкрыццю новага “прыёмнага“ віду і даць пачатак новай расе самак, якія будуць спецыялізавацца на гэтым відзе птушак. http://youtu.be/cVoGMOA_59I

 Выбар гнязда

 Зязюля не выбірае “прыёмных бацькоў”, яна выбірае падыходзячае гняздо з яйкамі. Няма доказаў, што яна пазнае “адпаведны” від птушак, але даказана, што яна пазнае характарыстыкі бітопу вакол гнязда і можа ацаніць ступень падабенства паміж сваімі яйкамі і яйкамі ў знойдзеным гняздзе. 

 Зязюля падкідвае сваё яйка ў гняздо, калі яно:

 Размешчана ў біятопе, які зязюля памятае з першых тыдняў свайго жыцця.

 Калі яго добра бачна з наваколля гнязда з больш высокіх месцаў-прысадаў.

 Калі ў ім ужо ёсць яйкі, але апошняе (чацвёртае або пятае) пакуль не адкладзена, г.зн. што інкубацыя яшчэ не пачалася.

 У гняздзе яйкі, якія вельмі падобныя на тыя, якія адкладвае яна. 

 Як жа зязюля знаходзіць адпаведныя гнёзды? Самка звычайна адкладвае яйкі афарбоўкай вельмі падобныя на тое, з якога вылупілася сама. Калі яна сама дажыла да адкладкі яек, значыць яшчэ ў яйку трапіла ў гняздо адпаведнага віду. Калі гэта спрацавала для яе, значыць хутчэй за ўсё спрацуе і для яе патомства. Пад час знаходжання ў гняздзе, і асабліва ў першыя дні, калі яна пакідае яго, зязюльчынё запамінае наваколле. Мы не ведаем, якія менавіта рысы і дэталі яна памятае, аднак яна памятае іх усё жыццё. І надалей зязюля выбірае такія тэрыторыі і мясціны, якія нагадваюць ці падобныя да тых, дзе яна выгадавалася. І стараецца пазбягаць незнаёмых ёй бітопаў.

Падкідванне яек

Калі самка прылятае на месца размнажэння, яна займае тэрыторыю з 20-30 даступнымі гнёздамі “прыёмнага” віду ў адпаведным біятопе. Зязюля адкладвае свае яйкі на працягу 40-60 дзён, г. зн., што з інтэрвалам у 2-3 дні яна падкідвае іншым птушкам 16-22 (да 25) сваіх яек. Спачатку яна шукае пары вераб’іных птушак, якія будуюць свае гнёзды і чакае, пакуль яны зменяць свае паводзіны і пачнуць адкладваць яйкі. Ў гэты час пара птушак праводзіць менш часу каля гнязда. Перад тым, як падкінуць сваё яйка, самка зязюлі назірае за будучым “прыёмным” гняздом каля 20 хвілін. Яна вельмі асцярожная, таму яе цяжка заўважыць. Яна сядзіць высока на дрэве або кустоўі на даволі значнай адлегласці ад абранага гнязда і звычайна не выбірае блізкі назіральны пункт. Увесь гэты час зязюля назірае за паводзінамі пары будучых “прыёмных” бацькоў і чакае на момант, калі абедзве птушкі адляцяць ад гнязда. Тады, хаваючыся ў расліннасці, яна падлятае да абранага гнязда і глядзіць, ці ёсць у ім яйкі. Калі яны значна адрозніваюцца ад яе яек, яна адлятае прэч. Калі ж яна рашае адкласці яйка, дык бярэ ў дзюбу адно з яек гаспадароў і звычайна праглынае яго. Потым сядае ў гняздо і адкладвае сваё яйка. Пасля гэтага адразу адлятае. Сам працэс адкладкі займае толькі 10 секундаў або трошкі больш. Для невялікіх вераб’іных птушак адкладка яйка з усімі звязанымі з гэтым дзеяннямі займае больш за 30 хвілін! 

Усе “прыёмныя” віды адкладваюць адно яйка ў дзень і пачынаюць іх выседжваць толькі пасля адкладкі апошняга. Перад гэтым зародыш жыве, але не развіваецца, бо для гэтага яму патрэбнае пастаянная крыніца цяпла, г.зн. інкубацыя дарослымі птушкамі. Як вынік, усе птушаняты вылупляюцца амаль адначасова і маюць аднолькавы узрост і ступень развіцця. Пад час адкладкі новых яек будучыя бацькі рэдка знаходзяцца на гняздзе, што дае зязюлі выдатную магчымасць падкінуць сваё яйка. Калі прыёмныя бацькі пачынаюць інкубацыю, такая магчымасць ужо наўрацці прадставіцца, таму што ў гэты час адна птушка звычайна знаходзіцца на гняздзе, а іншая недзе паблізу і назірае за наваколлем. Вось чаму зязюля крадзе яйкі гаспадароў больш чым аднакротна, па аднаму за раз. Такім чынам яна прымушае пару расцягваць час да заканчэння адкладкі і пачатку інкубацыі – пакуль яе яйка не будзе гатовае.

Цікава, што зязюля не адрознівае яйкі іншых зязюляў, калі яны ўжо падкінуты ў абранае праз яе гняздо. Для яе б было лепей забраць яго з гнязда, таму што інакш іншае зязюльчыня можа вылупіцца першым і выкінуць яе яйка. Аднак тое яйка, якое яна забірае з “прыёмнага” гнязда, зязюля выбірае выпадкова.

http://youtu.be/zBadpF_fVWA

 

Птушаня

 

Фотарэпартаж пра першы месяц жыцця зязюлі Зародак зязюлі патрабуе на 2-4 дні інкубацыі менш, чым яйкі гаспадароў гнязда. Звычайна зязюльчынё вылупляецца праз 12 дзён пасля пачатку інкубацыі (мінімум – 10, максімум – 15 дзён). Як вынік, яно звычайна з’яўляецца на свет першым. 

Пер’е на спіне зязюльчыня вырастае за 2 тыдні, знізу цела – на працягу 3 першых тыдняў жыцця. Яны дасягаюць сваёй канчатковай велічыні ўжо пасля таго, як птушаня пакіне гняздо.  

Балотная чаротаўка корміць зязюльчынё - фота Сяргея Чарапіцы

 Зязюльчыня не падобнае на птушанят сваіх прыёмных бацькоў. Яно нашмат большае і збудавана інакш, таму не можа падтрымліваць сувязь з “прыёмнымі бацькамі” дзякуючы знешняму выгляду. Праз візуальныя сігналы: своеасаблівыя рухі цела, кантрастныя цёмныя плямы на языку, нёбе і выступаючых краях дзюбы птушаняты ўсіх вераб’іных птушак, паказваючы іх, стымулююць бацькоў карміць іх. Птушаня зязюлі сядзіць амаль нерухома, не робіць нейкіх характэрных рухаў і толькі паказвае сваю вялікую раззяўленую яркую, чырвона-аранжавую дзюбу (без аніякіх плямаў унутры), якая, зрузумела, выглядае інакш, чым рот птушанят відаў-гаспадароў. Зязюльчынё мае абмежаваныя магчымасці камунікаваць са сваімі “прыёмнымі бацькамі”, аднак робіць гэта праз свой гучны голас, які моцна стымулюе гаспадароў гнязда карміць яго. І хаця яно не імітуе голас галодных птушанят сваіх прыёмных бацькоў, але ж яго голас можа выклікаць тую самую рэакцыю, як магчымыя галасы цэлага вывадку птушанят іншых відаў. Можна сказаць, што зязюльчынё крычыць больш інтэнсіўна – гучней і нашмат часцей, чым адзінкавыя птушаняты вераб’іных птушак па-асобку.

 Яго яркая дзюба і гучны галодны крык маюць такое моцнае ўздзеяннне, што часам нават іншыя птушкі (не “прыёмныя бацькі”) кормяць яго. Нават слёткі іншых відаў, якіх яшчэ кормяць свае бацькі, аддаюць яму сваю ежу!

 Цікава, што з паніжэннем тэмпературы птушаняты іншых відаў становяцца менш актыўнымі. Птушаня ж зязюлі наадварот – робіцца больш рухомым і пад час адсутнасці “бацькоў” на гняздзе (і адпаведна, зніжэння ў ім тэмпературы), стараецца як мага хутчэй выкінуць за яго край яйкі і птушанят гаспадароў – сваіх канкурэнтаў. Звычайна яму патрабуецца на гэта 8-32 гадзіны пасля вылуплення. Яно стараецца, каб яйка або птушаня апынулася паміж яго прыпаднятымі крыламі, прытрымлівае яго на спіне і прыціскае да сценкі гнязда. Потым стараецца прыпадняцца так, каб выкінуць яйка або птушаня за край гнязда. Калі форма гнязда не дазваляе гэтага зрабіць, птушаня зязюлі жыве разам с канкурэнтамі – птушанятамі гаспадароў. Аднак іх шанцы выляцець з гнязда не вельмі вялікія. 

Зязюльчынё кормяць абодва прыёмныя бацькі. Ва ўзросце 18-19 дзён яно пакідае гняздо, аднак “бацькі” працягваюць яго выкармліваць яшчэ на працягу 16-21 дня. Калі яйка падкінута ў гняздо зусім невялікіх птушак, зязюльчынё атрымлівае параўнальна менш ежы і робіцца незалежным пазней, калі да птушак буйнейшага віду – раней. 

Поспех гнездавання і страты

Зязюля адкладвае за сезон да 25 яек – г. зн. нашмат больш, чым іншыя птушкі аднаго з ёй памеру. І прыкладна столькі ж, сколькі адкладваюць невялікія птушкі – напрыклад, сініцы, якія робяць 2-3 кладкі за адзін гнездавы сезон. 

Аднак колькасць зязюляў не павялічваецца, таму што птушаняты вылупляюцца толькі з часткі падкінутых яек. Некаторыя пастаянныя “прыёмныя” бацькі добра адрозніваюць яйкі зязюлі і перашкаджаюць вылупленню птушанят у ад 50 да 70 % з іх. Калі птушкі распазнаюць яйка зязюлі як чужое, яны могуць зрабіць наступнае: узяць у дзюбу і выкінуць са свайго гнязда; кінуць гняздо разам са сваімі яйкамі; надбудаваць новае гняздо над папярэднім, і адкласці ў яго новую кладку.

Выкінуць яйка зязюлі – найбольш эфектыўны спосаб пазбавіцца ад гнездавога паразыта, таму што зязюля не вяртаецца да таго самага гнязда каб праверыць, ці ў ім ёсць яе яйка. Аднак калі птушкі кідаюць старае і будуюць новае гняздо, зязюля мае новую магчымасць падкінуць ім сваё яйка. 

Прыёмныя бацькі

У Еўропе яйкі зязюляў знаходзілі ў гнёздах як мінімум 114 відаў вераб’іных птушак, а таксама ў дуплах вялікага дзятла.  Гэта не значыць, што ўсе віды з гэтых птушак могуць выгадаваць зязюльчынё да моманту незалежнасці. Яно мае мала шанцаў выляцець з дупла кавак або дзятлаў. 

 

Зязюля рэгулярна падкідвае свае яйкі ў гнёзды наступных нашых вераб’іных птушак: белай пліскі, малінаўкі, ляснога і лугавога свірстуна, драздовай чаротаўкі, трысняговай чаротаўкі, балотнай чаротаўкі, звычайнай чаротаўкі, чорнагаловай лескі, садовай лескі, шэрай лескі, лескі-завірушкі, звычайнага юрка, завірушкі, звычайнай рудахвосткі, канаплянкі, пячураўкі-ценькаўкі, пячураўкі-трашчолкі і малога грычуна. 

 

 Ўсе яны прыкладна памерам з вераб’я, г.зн., што дарослая зязюля прыкладна ў 10 разоў цяжэйшая. 

  

Паводле www.springalive.net падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

Верхні здымак маладой зязюлі Аляксандра Эрдмана

 

 

На гэтую тэму:

 

ЗЯЗЮЛІ МІМІКРУЮЦЬ ПАД ШУЛЯКОЎ

 

 Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела

Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі

 

Зязюлі са Скандынавіі - гэта іншы від?

НЕЗВЫЧАЙНАЕ АДКРЫЦЦЁ: ПТУШАНЯТЫ ВУЧАЦЬ ПАРОЛЬ, КАБ ІХ КАРМІЛІ БАЦЬКІ