Зязюлі са Скандынавіі - гэта іншы від?

Апублікаваная нядаўна ў Нарвегіі кніга кажа пра тое, што птушкі, якія паразітуюць на звычайных рудахвостках у паўночнай Скандынавіі, могуць адносіцца не да звычайнай зязюлі.

І хаця птушкі не адрозніваюцца марфалагічна ад звычайнай зязюлі (Cuculus canorus), скандынаўскія асобіны могуць прадстаўляць з сябе від-двайнік і папярэднія генетычныя даследаванні паказалі, што зязюлі, якія спецыялізуюцца на падкідванні яек звычайным рудахвосткам, больш блізкія да іншага віду – індыйскай зязюлі (Cuculus micropterus). Гэты пан-азіяцкі від можа быць нядаўнім усяленцам у Скандынавію. Таму аўтары кнігі плануюць забяспечыць адлоўленых у Нарвегіі птушак спадарожнікавымі перадатчыкамі, каб прасачыць за іх міграцыяй і месцамі зімоўкі.


Сёлета падобны паспяховы праект для звычайных зязюляў з Вялікабрытаніі ажыццяўляў BTO.
Калі птушкі з Нарвегіі сапраўды зімуюць у Індыі, а не ў Афрыцы, гэта будзе дадатковым пацверджаннем здагадкі нарвескіх навукоўцаў. Шкада, што кніга не плануецца па перавыдання на ангельскай мове. Да таго ж фармальна вынікі цікавага даследавання не апублікаваныя ў навуковых часопісах.


На сённяшні дзень распаўсюджаны два асноўныя падыходы да экаморфаў звычайных зязюляў. Першы, заснаваны ў асноўным на аналізе галасавых адрозненняў, кажа пра тое, што ў Еўропе два экатыпы зязюляў: адзін спецыялізуецца на гнездавым паразітызме на вераб’іных з трысняговых зараснікаў, а другі – на птушках лясоў.


Іншы падыход прапануе лічыць кожную групу асобін зязюлі, якая спецыялізуецца на асобным відзе птушак-гаспадароў, за асобную расу – практычна за асобныя падвіды зязюляў. Таму што кожная з самак зязюлі здольная да мімікрыі сваіх яек толькі пад аднаго віда-гаспадара. І гэтая здольнасць перадаецца генетычна.  


Крыніца:
Moksnes, A, Røskaft, E and Stokke, G. (2011) Gjøkens forunderlige verde. Tapir Akademisk Forlag, 208 Р.


Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак вокладкі кнігі з www.butikk.tapirforlag.no