Працяг. Папярэднія часткі ТУТ і ТУТ
Дакументацыйныя здымкі
У той дзень я не спяшаючыся йшоў да норкі зімародка на Гараднічанцы, перайшоў праз мосцік на іншы бераг рачулкі і калі затрымаўся там каля высокага дуба, пачуў з боку рэчкі дзіўнаватае, але выразнае пахрукванне. Варыянты яго паходжання былі толькі два, або бабёр, або... І я чамусьці адразу здагадаўся, што адбываецца як раз тое, што я марыў убачыць! Я кінуўся да рэчкі і хутка знайшоў прагаліну паміж дрэўцамі на беразе. Так і ёсць, гэта самка вялікага савука (Mergus merganser) падганяе сваіх качанят, якія яўна зусім нядаўна вылупіліся і выпрыгнулі за ёй з дупла (або з нары?)!
Ну можа не зусім падганяе, а выразнымі гукамі дае ведаць, што яна наперадзе і нават калі не бачыш маму, плыві на гэты гук і яна там будзе. Плынь у Гараднічанкі розная, і там дзе яна запавольваецца і адпаведна запавольвалася самка, птушанятаў амаль заносіла вадой на яе спіну. Але ўтрымацца там яны не маглі - самка спяшалася даплыць да Нёмана, малыя скаталіся са спіны ў ваду і ўся сям'я з 10 малымі вялікімі савукамі пранеслася міма мяне.
Я пабег на мосцік, які перайшоў зусім нядаўна і з яго паспеў зрабіць яшчэ некалькі кадраў. За ім ляжаў шырокі і амаль плоскі абломак бетоннай трубы вялікага дыяметру на які прыйшлося посуху перабегчы спачатку самцы, а потым і качанятам каб плыць далей. І хаця тут адлегласць паміж мамай і малымі стала найбольшай - некалькі метраў, яна зусім не запавольніла сваё плаванне і качаняты, на дзіва для мяне, хутка яе дагналі па вадзе.
Я канешне мог пабегчы метраў 300 да Нёмана і там, у вусці Гараднічанкі, паспрабаваць зрабіць яшчэ некалькі здымкаў як самка прыплыве з малымі ў вялікую раку. Але з тым фоцікам, які быў у мяне тады, гэта не мела асаблівага сэнсу і гэты важны момант я не бачыў і можна сказаць свядома прапусціў.
Можа каб пашанцавала яшчэ раз і зняць гэта сёлета?
Гродна, 03-05-2025
Працяг будзе
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ