У пойме Гараднічанкі яшчэ засталося слаба змененае бульдозерамі месца ў выглядзе старага і параўнальна неглыбокага яра. Там выходзяць з-пад зямлі крынічкі і туды я хадзіў здымаць гілёў, якія рэгулярна прыляталі піць да калужын, тымі крынічкамі ўтвораных.
Аднак у той дзень, хаця гілі перагукаліся паміж сабой бліжэй да выйсця з яру, піць прыляцеў толькі адзін самец і то аднойчы і я вырашыў далей не чакаць і вяртацца дахаты. Але калі праходзіў побач з пагоркам, які бліжэй да рэчкі ўтвараў адзін з бакоў яру, пачуў нягучны шоргат і са здзіўленнем убачыў, як сярод дрэваў ходзіць яўна пара вялікіх галубоў (Columba palumbus) і час ад часу нешта дробнае знаходзіць і праглынае.
Думаю, што маё здзіўленне абумовілі дзве рэчы: па-першае, мы даўно прызвычаіліся да прысутнаці вялікіх галубоў у нашых паселішчах (якое пачалося параўнальна нядаўна) і ўспрымаем гэты першасна лясны від амаль выключна як 'жыхароў газонаў', а тут птушкі хаця і неглыбока ад краю, але хадзілі паміж дрэвамі. І па-другое, абедзьве птушкі шукалі ежу - так саўпала, менавіта сярод пралесак. І гэта я ўжо не мог прапусціць і пачаў іх здымаць.
Тым не менш, ні самі ярка-блакітныя кветачкі, ні цыбулькі, з якіх тыя кветачкі выраслі, галубоў не зацікавілі, хаця часам здавалася што гэта не так і 'было блізка'. А калі птушкі паступова выйшлі на край пагорка, яны адляцелі, але недалёка і тут аказалася, што сачыў за гэтай парай не толькі я, але і яшчэ адзін самец вялікага галуба. І як толькі самка (я вызначыў яе пол па паводзінах) не паляцела за самцом на дзесяткі метраў на адно з высокіх дрэваў, а села бліжэй да яру на невысокім ясенелісным клёне, да яе падсеў другі самец і адразу пачаў 'спяваць' і перабірацца бліжэй да яе. Тады ж такой жа 'песняй' азваўся са свайго дрэва і першы самец і самка праз некалькі секунд пераляцела і далучылася да яго.
Гродна, 22-03-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ