Незвычайнае адкрыццё атрымалася зрабіць дзякуючы таму, што арланы-белахвосты (Haliaeеtus albicilla) былі пазначаны крыламеткамі. Васьмігадовы самец па мянушцы Turquoise Z увесь гнездавы сезон лятаў паміж двума гнёздамі, якія знаходзіліся ў мясцовасцях Angus і Fife на адлеласці каля 30 км адно ад другога і паспяхова падняў на крыло птушанят на абодвух.
Гэтыя не зусім звычайныя для драпежных птушак шлюбныя паводзіны, вядомыя як палігамія, рэдка адзначаюцца ў вялікіх драпежных птушак і толькі зрэдку вядомыя для арлана-белахвоста. Папярэднія спробы палігаміі назіраліся ў птушак гэтага віду на заходнім узбярэжжы Шатландыі і раней, але ў тых выпадках гнёзды аднаго самца знаходзіліся значна бліжэй адно аднаго і з-за немагчымасці забяспечыць дастатковай колькасцю ежы абодва вывадкі заканчваліся няўдачай.
У гэты раз самец паспяхова выгадаваў ўласных птушанят са сваёй ранейшай партнёркай на гняздзе ў Fife і з новай на гняздзе ў Angus: з абодвух гнёздаў выляцелі па адной маладой самцы, якія таксама атрымалі адмысловыя крыламеткі.
“Мы былі вельмі здзіўленыя, калі зразумелі, што Turquoise Z мае адначасова два гнязды. Я не спадзяваўся, што ў птушак нешта атрымаецца, але яны змаглі выгадаваць птушанят. Без крыламетак, якія дазволілі нам вызначыць птушак індывідуальна, мы б не змаглі зразумець гэтую незвычайную гісторыю. Мы таксама ўдзячныя нашам валанцёрам з RSPB Scotland і Tayside Raptor Study Group, якія былі нашымі “вачыма і вушамі” на зямлі, дапамагаючы адсочваць перамяшчэнні самца і актыўнасць птушак на абодвух гнёздах. Поспех самца, які змог падняць на крыло птушанят на абодвух гнёздах – першы для Шатландыі і нам вельмі цікава што атрымаецца ў птушак далей”- сказаў Оўэн Селлі (Owen Selly), супрацоўнік RSPB Scotland па праекту арлана-белахвоста.
Самец Turquoise Z быў выпушчаны ў 2009 годзе пад час праекту рэінтрадукцыі арланаў ва Усходняй Шатландыі і штогод з 2013 г размнажаецца ў мясцовасці Fife разам з самкай па мянушцы Turquoise 1, выпушчанай ў тым самым годзе, што і ён.
Сёлета ў красавіку супрацоўнікі RSPB Scotland былі здзіўленыя, калі ўбачылі самца Turquoise Z на гняздзе ў Angus, там ён замяняў на гняздзе пад час інкубацыі яек шасцігадовую самку па мянушцы Red Z. Спачатку думалі, што самец заставіў папярэднюю партнёрку для маладзейшай самкі, але пазней гэты ж самец наседжваў яйкі на гняздзе ў Fife, а потым прыносіў ежу на абодва гнязды.
Самым хуткім пералётам самца паміж двума гнёздамі, які атрымалася адсачыць, быў 90-хвілінны.
Птушаняты з абодвух гнёздаў паспяхова выляцелі і праз нейкі час пачнуць самастойна паляваць. Дзякуючы таму, што яны забяспечаны крыламеткамі і спадарожнікавымі перадатчыкамі, іх далёшае жыццё можна будзе адсочваць і візуальна, і з дапамогай спадарожнікаў.
Паводле www.rspb.org.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Рэкордны год для арлана-белахвоста
Як запрацаваць на рэінтрадукцыі птушак – прыклад Шатландыі
Рэінтрaдyкаваныя птушкі прыносяць мільёны фунтаў прыбылі
Мільёны фунтаў за паказ арланаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ