Мільёны фунтаў за паказ арланаў

    Штогод на невялічкі востраў Mull прыязджаюць каля 6 тысяч турыстаў каб паглядзець на мясцовую прыродную адметнасць – гняздуючых арланаў-белахвостаў. Гэта прыносіць мясцовым жыхарам каля 2 мільёнаў £.
На гэтым шатландзкім астраўку у мінулым годзе гнездавала 20 пар арланаў-белахвостаў. Партнёрства “Назіранне за арланамі з Mull” (Mull Eagle Watch Partnership) паведаміла, што ў мінулым гнездавым сезоне з 7 гнёзд выляцела 10 птушанят.

   Толькі дзякуючы паспяховай рэінтрадукцыі віду ў Шатландыі 25 год таму і 10 год таму на востраве, мясцовыя жыхары цяпер маюць магчымасць абслугоўваць шматлікіх турыстаў.
Многія турысты, якія прыплылі на востраў, скарысталі з магчымасці паглядзець за жыццём арланаў з адмысловай скрытай пляцоўкі ля возера Loch Frisa.
Палова даходаў, атрыманых уладальнікам пляцоўкі - Партнёрствам “Назіранне за арланамі з Mull” – адразу вяртаецца мясцовай супольнасці.
    Джэймс Хайлдэр (James Hilder), выканаўчы дырэктар Mull & Iona Community Trust, сказаў: "Арганізаванае назіранне за арланамі – вялікая падтрымка развіццю супольнасці мясцовых жыхароў. Грошы “ад арланаў” накіроўваюцца моладзевым аб’яднанням, спартовым клубам, грамадзкім арганізацыям, а таксама выкарыстоўваюцца лакальна для рэалізацыі ініцыятыў па ахове навакольнага асяроддзя і адукацыі”.
Партнёрства складаецца з Лясной камісіі Шатландыі (Forestry Commission Scotland), RSPB Scotland, Mull & Iona Community Trust, фонда Шатландзкая натуральная спадчына (Scottish Natural Heritage) і мясцовай паліцыі (Strathclyde Police).
Усяго ў мінулым годзе 46 пар шатландзкіх арланаў вывелі 36 птушанят.

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую ж тэму:
Не толькі арлы-маркуты будуць лепш ахоўвацца ў Шатландыі

Найстарэйшы арол знойдзены мёртвым
 

Дзве маладыя скапы з Шатландыі даляцелі да Афрыкі