Качкі-огары ляцяць па-над Гімалаямі на рэкорднай вышыні!

Качкі-огары (Tadorna ferruginea) гняздуюць на поўнач ад Гімалаяў, аднак зімуюць на поўдзень ад Тыбецкага плато прыкладна на ўзроўні мора. Для таго, каб трапіць на месцы зімоўкі і назад, яны вымушаны ляцець над Гімалаямі. Мінімальна магчымая тут для палёту вышыня сягае 4 тысяч метраў і канцэнтрацыя кіслароду на падобных вышынях напалову меншая, чым на нізінах.

Навукоўцы з універсітэту Экзэтэр (Exeter) выкарысталі спадарожнікавыя перадатчыкі, каб адсачыць сапраўдныя шляхі пералёту птушак праз Гімалаі і вышыні, якія яны паконваюць пад час іх.

"Гэта першы доказ вельмі высокай вышыні, на якой ляцяць гэтыя качкі.”- сказаў Ніколь Парр (Nicole Parr), адзін з аўтараў даследавання. "Гэты від, напэўна, выпрацаваў шэраг адаптацый, каб мець магчымасць ляцець так высока, бо канцэнтрацыя кісларода там значна меншая. Мы яшчэ не ведаем, як гэтыя адаптацыі працуюць фізіялагічна. Наша даследаванне таксама паказала, што хуткасць набору вышыні ў огараў нават большая, чым адзначана для горных гусей (Anser indicus) – адзінага віду водаплаўных птушак, які здзяйсняе пералёты нават яшчэ вышэй”.

Рэкорднай вышынёй, на якой былі зарэгістраваныя горныя гусі з дапамогай перадатчыкаў, былі 7290 метраў недалёка ад Джамалунгмы ў 2014 годзе. Доўгі час гэтыя птушкі лічыліся самымі высока лятаючымі актыўным палётам відам (некаторыя іншыя віды могуць дзякуючы лунанню з дапамогай тэрмікаў падымацца яшчэ вышэй), але новае даследаванне сведчыць пра тое, што вышыні палёту огараў таксама здзіўляючыя. Аднак, каб далучыць огараў да падобных экстрэмалаў, патрэбныя дадатковыя даследаванні.

Арнітолагі павесілі перадатчыкі на 15 качках-огарах з двух гняздуючых папуляцый, якія зімуюць на поўдзень ад Тыбецкага плато. Гэтыя птушкі, якія пад час міграцыі стараюцца абмінуць самыя высокія горныя вяршыні, параўнальна доўга ляцяць на вышынях па-над 5 тысяч метраў, а часам нават 6800 метраў!

Навукоўцы лічаць, што огары, якія зімуюць далей на ўсход у Індыі, могуць ляцець яшчэ на большай вышыні з-за таго, што ў Паўночнай Індыі, праз якую ім ляцець найхутчэй, горныя ланцугі яшчэ вышэйшыя.

Крыніца:

N. Parr et al (2017) High altitude flights by ruddy shelduck Tadorna ferruginea during trans-Himalayan migrations, Journal of Avian Biology. DOI: 10.1111/jav.01443

 

Малюнак з www.exeter.ac.uk

Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

АДКРЫТА САМАЯ ПРАЦЯГЛАЯ МІГРАЦЫЯ СЯРОД ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК

АРНІТОЛАГ АТРЫМАЎ 2,5 МІЛЬЁНЫ ЭЎРА ПРЭМІІ ДЛЯ ПРАЦЯГУ ВЫВУЧЭННЯ МІГРАЦЫЙ

АДКРЫТА МІГРАЦЫЯ КРУГЛАНОСАГА ПЛЫВУНЧЫКА, Ў ЯКУЮ ЦЯЖКА ПАВЕРЫЦЬ

САМЫ ЗНАКАМІТЫ КУЛІК “НАЛЯТАЎ” УЖО 400 ТЫСЯЧ КМ !

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

Новыя рэкорды куліка-каменешаркі

РАЗГАДАНА ЗАГАДКА, ЯКОЙ БОЛЬШ ЗА 150 ГОД