Гібрыдызацыя сірыйскага і вялікага дзятлаў у гарадзкіх папуляцыях

сірыйскі дзяцел

Гібрыдызацыя параўнальна часта адзначаецца сярод птушак. Галоўным чынам гэтак адбываецца па краях арэалаў і (альбо) пад час экспансіі, калі колькасць аднаго з відаў яшчэ невялікая і таму яго прадстаўнікам цяжка знайсці партнёра свайго віду для размнажэння. У апошнія гады падобная сытуацыя склалася ў Еўропе ў двух блізкіх відаў дзятлаў – сірыйскага (Dendrocopos syriacus) і вялікага (D. major).

З канца ХІХ стагоддзя сірыйскі дзяцел значна павялічыў тэрыторыю свайго распаўсюджання з Блізкага Усходу на Еўропу, і, праз Балканы, засяліў Цэнтральную і Усходнюю частку нашага кантыненту. У Еўропе стаў сінантропным відам, які выцясняе з гарадоў і вёсак вялікага дзятла. Было адзначана, што гэтыя віды могуць гібрыдызавацца паміж сабой, але дакладных генетычных пацверджанняў дагэтуль не было. У нашым падсумаванні мы прыводзім нашы дадзеныя аб рэгістрацыі змешаных пар і гібрыдах вялікага і сірыйскага дзятла ў выбраных гарадзкіх папуляцыях на тэрыторыі Мазовша і Вялікапольшчы (Польшча), а таксама папярэднія вынікі генетычных даследаванняў па іх гібрыдызацыі і інтрагрэсіі.

слайд

Пасля праверкі абраных папуляцый у розных гарадах атрымалася, што ў сярэднім 5,3% пар дзятлаў – змешаныя, сярод якіх большасцю былі самкі сірыйскага дзятла альбо самкі-гібрыды і самцы вялікага дзятла. Візуальна ў палявых умовах 3,6% птушак было магчыма вызначыць як гібрыды, а сярод знойдзеных у Кракаве мёртвымі маладых птушак гібрыдамі былі 7,7%. Прапорцыі палоў у гібрыдаў былі аднолькавымі.

слайд

Існаванне пар, у якіх адна з птушак была гібрыдам і назіранні дзятлаў з фенатыпам, якіх немагчыма было вызначыць да віду тэарэтычна кажуць пра тое, што гібрыды дзятлаў могуць быць плоднымі. Пацвердзілася гэта пасля правядзення генетычных даследаванняў. Для гэтага правяралі палімарфізм 5 маркераў (1 мітахандрыяльнага і 4 ядзерных) і 6 мікрасатэлітарных локусаў. Аказалася, што з сімпатрычна распаўсюджаных у Польшчы папуляцый абодвух відаў ажно 11% асобін мелі гібрыдныя генатыпы, што б магло сведчыць пра гібрыдызацыю ў розных пакаленнях.

Згодна з нашымі вынікамі, магчымасць гібрыдызацыі паміж вялікім і сірыйскім дзятлам там, дзе яны распаўсюджаны сімпатрычна (сустракаюцца разам), можа быць значна недаацэнена.

Крыніца:

Łukasz Kajtoch, Tomasz Figarski. Hybrydyzacja dzięciołów białoszyich i dużych w populacjach miejskich // Stresz. Ogólnopolskiej Konferencji Ornitologicznej Lublin-Urszulin 20-22.09.2017. Lublin: Liber Duo, - 2017- s. 34-35

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак сірыйскага дзятла Мікалая Вераб’я

 

На гэтую тэму:

Вялікі дзяцел каланізуе Ірландыю

Інвазійны жук-пілільшчык дапамог амерыканскім дзятлам

Дзяцел за 50 тысяч даляраў

Знойдзена міжвідавая мімікрыя сярод дзятлаў