Вясною 2005 году Злучаныя штаты і большасць Свету абегла навіна, якая абудзіла цікавасць бёдуотчараў і актывістаў прыродаахоўных арганізацый да амерыканскіх птушак. Амерыканскі беладзюбы дзяцел (Campephilus principalis), якога доўгі час лічылі знікнулым, быў адзначаны ў Cache River National Wildlife Refuge у штаце Арканзас.
Джын Спэрлін (Gene Sparling), бёдуотчар з Hot Springs, сцвярджаў, што ён бачыў самца гэтага велізарнага дзятла 11 лютага 2004 году. Здаецца, даволі хутка атрымалася пацвердзіць шакуючае адкрыццё: Дэвід Лунё (David Luneau) з універсітэту Арканзаса ў г.Little Rock засняў непрацяглы палёт дзятла з аднаго дрэва на іншае.
Сярод тых, хто паверыў у сучаснае існаванне віду, былі прадстаўнікі такіх вядомых і кампетэнтных арганізацый, як Cornell Laboratory of Ornithology, National Audubon Society, Nature Conservancy і U.S. Fish and Wildlife Service. Цікава, што адной з назваў гэтай птушкі была “птушка госпада Бога” – тыя, хто бачыў яе ўпершыню, са здзіўлення ўскрыквалі: “Госпадзі Божа – што за птушка!”.
Калі кароткую відэастужку разгледзелі больш пільна, многія з бёдуотчараў і орнітолагаў пачалі казаць, што хутчэй за ўсё на ёй іншы від дзятла, значна меншых памераў – амерыканскі чубаты (Dryocopus pileatus).
Праз нядоўгі час пасля арканзаскага выпадку, каманда пад кіраўніцтвам прафесара ўніверсітэту Auburn абвесціла, што яны ўпэўненыя – ім атрымалася зрабіць запіс голасу аднаго альбо большай колькасці беладзюбых дзятлаў у даліне ракі Choctawhatchee ў Фларыдзе. Фларыдзкая камісія па ахове прыроды (Florida Fish and Wildlife Conservation Commission (FWC)) хутка арганізавала экспертаў, якія мусялі абвергнуць або пацвердзіць сенсацыйнае адкрыццё, зробленае на тэрыторыі штату…
Дарослы беладзюбы дзяцел дасягаў у даўжыню каля 50 см, агульная афарбоўка цела чорная з блакітным адценнем і белымі плямамі на шыі, баках і спіне. І самец, і самка мелі вялікі і прыгожы “чуб” на патыліцы. Ён чырвоны ў самцоў і чорны ў самак.
Першыя беласкурыя перасяленцы на амерыканскі кантынент пісалі, што самыя паважаныя індыяне, і асабліва правадыры плямёнаў, насілі дзюбы беладзюбых дзятлаў на сваіх пасах альбо выкарыстоўвалі як часткі нагрудных панцыраў. Аўтар кнігі "У пошуках беладзюбага дзятла” Джэром Эй. Джэксан (Jerome A. Jackson), засяродзіў увагу, што галовы і асобна дзюбы беладзюбага і pileated дзятлаў даволі шырока выкарыстоўваліся індыянамі і часам як артыфакты яны сустракаюцца даволі далёка за іх вядомымі арэаламі. Адно з такіх месцаў – пахаванне індыянаў у штаце Каларада, у якім былі знойдзены парэшткі беладзюбага дзятла на адлегласці больш чым 1500 км ад межаў распаўсюджання віду.
Аднак індыяне, ўзброеныя стрэламі і копьямі, не змаглі знішчыць вялізарных дзятлаў. А вось дравасекі – змаглі.
Беладзюбыя дзятлы жылі ў спелых шырокалісцевых і сасновых лясах у рачных далінах на паўднёвым усходзе ЗША. Дзякуючы сваім вялікім дзюбам, яны харчаваліся насякомымі і іх лічынкамі, адрываючы кару на хворых або мёртвых старых дрэвах. Вялікія памеры гнездавых тэрыторый, якія павінны былі мець дастатковую колькасць старых дрэваў і плошчу каля 15 – 16 кв км на кожную пару і былі вырашаючымі ў наступнай смутнай будучыні гэтых дзятлаў.
Пасля знікнення пад шматлікімі сякерамі аднаго першабытнага лесу за другім, знікалі і беладзюбыя дзятлы. Пасля прыкладна 1900 году від пачаў лічыцца вельмі рэдкім. Найбольш яўна гэта стала бачна ў Фларыдзе.
Рэгіятрацыя беладзюбага дзятла ў Cache River усё яшчэ абмяркоўваецца і многімі ставіцца пад сумнеў. Аднак адно не павінна выклікаць сумневаў – калі гэта сапраўды былі птушкі вельмі рэдкага ўжо сто гадоў таму віду, то каб захавацца да нашага часу, іх павінны былі застацца як мінімум некалькі пар.
З 2005 году адно з найбуйнейшых амерыканскіх прыродаахоўных таварыстваў Nature Conservancy, абвесціла адмысловую ўзнагароду пра любыя пацверджаныя навукоўцамі звесткі пра назіранні беладзюбага дзятла ў наш час. Пошукі дзятлаў пачаліся ў Фларыдзе і пяці іншых штатах.
50 тысяч даляраў так і не выплацілі пакуль што нікому…
Паводле www.wildlifeextra.com (тэкст і выява постэра) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
AV - 27.10.2013 - 19:50