Упершыню гнездаванне вялікага дзятла (Dendrocopus major) у Ірландзкай рэспубліцы было даказана ў 2009 годзе. Менавіта тады ў лясах у графстве Wicklow было знойдзена 7 гнездавых дуплаў гэтага віду. Усе яны былі паспяховымі.
Па-за гнездавым сезонам дзятлаў даволі складана адсочваць. Пасля вылету з гнязда, маладыя і дарослыя дзятлы разлятаюцца па наваколлі. Ў гэтым годзе ў Ірландыі была суворая зіма, таму тамтэйшыя бёдуотчары з непакоем чакалі вясновых дзён каб упэўніцца, што першыя гняздуючыя ірландзкія дзятлы выжылі.
Дзякуючы прачэсванню падыходзячых віду тыпаў лесу і дапамозе шырокай грамадзкасці, камандзе пошукавікоў дзятлаў атрымалася знайсці птушак як на мінулагодніх месцах гнездавання, так і ў новых.
Сёлета было пацверджана гнездаванне 11 пар з графстваў Wexford, Dublin, Meath і Louth. Каб убачыць стварэнне пар, утрыманне тэрыторыі і гнездаванне, камандзе даследчыкаў спатрэбіліся сотні гадзін для пошуку і назіранняў у сакавіку, красавіку і траўні. Гняздуючую папуляцыю ірландзкіх вялікіх дзятлаў цяпер ацэньваюць як мінімум у 15-20 пар. Цікава, што некалькі гнёзд было знойдзена сёлета і ў Паўночнай Ірландыі, дзе першы выпадак гнездавання віду адзначаны ў 2006 годзе.
Цікава, ці пачне павялічвацца ірландзкая папуляцыя хуткімі тэмпамі? Вялікія дзятлы могуць пачынаць гнездаваць ужо ў першы каляндарны год свайго жыцця. Аднак пакуль застаецца невядомым, ці “ірландзкія” птушкі атрымліваюць падтрымку ў выглядзе іміграцыі дзятлаў з іншых месцаў.
Гісторыя з’яўлення вялікага дзятла ў Ірландыі добра задакументаваная. Да 2006 году ўсе рэгістрацыі віду адносіліся да зімовага часу, калі на востраў прыляталі хутчэй за ўсё скандынаўскія дзятлы і менавіта ў гады, калі ў Паўночнай Еўропе былі неўраджаі насення сасны. Брытанскія дзятлы лічацца аселымі, якія на працягу ўсяго жыцця трымаюцца тых самых тэрыторый.
Аднак не гледзячы на свой аселы лад жыцця, папуляцыя брытанскіх дзятлаў за апошнія дэкады павялічылася прыкладна ў 4 разы. Таму менавіта брытанскія птушкі былі вымушаныя разлятацца, каб знайсці новыя, адпаведныя для гнездавання, месцы. Да таго ж, нават для такіх летуноў, як дзятлы, Ірландзкае мора не ўяўляе сур’ёзнай перашкоды.
Дзякуючы таму, што ірландзкая каманда даследчыкаў сабрала пёры са старых гнёздаў дзятлаў, ужо ў бліжэйшыя месяцы дзякуючы параўнанню ДНК з іх і з пёраў дзятлаў з іншых еўрапейскіх краін можна будзе даведацца сапраўды ход каланізацыі і паходжанне дзятлаў “першай хвалі”.
Здымак самкі вялікага дзятла Мікалая Гулінскага
Паводле www.birdwatchireland.ie падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ