Інвазійны жук-пілільшчык дапамог амерыканскім дзятлам

 Бяда амерыканскіх лясоў, асабліва ясеняў – смарагдавы жук-пілільшчык (Agrilus planipennis), які раней жыў выключна ў Азіі, цяпер не называецца ў Амерыцы інакш, як “катастрофа” і  “шкоднік”. Aпошняе даследаванне, заснаванае на дадзеных, сабраных зацікаўленай грамадзкасцю, паказала, што як мінімум для некаторых відаў птушак жук-інтрадуцент можа азначаць зусім іншае – шмат даступнай смачнай ежы. 

У апублікаванай у часопісе Biological Invasions працы, Эндр’ю Лейбгольд (Andrew Liebhold), энтамолаг лясной службы ЗША (U.S. Forest Service) і Вальтэр Кёніг (Walter Koenig), даследчык з Карнельскага ўніверсітэту з сааўтарамі аналізуюць як інвазія азіяцкага жука выклікала павелічэнне колькасці 4 відаў птушак вакол Дэтройту. 

Гэтыя птушкі - тры віды дзятлаў: пушысты дзяцел downy woodpecker (Picoides pubescens), валасаты дзяцел hairy woodpecker (Picoides villosus), чырвонабрухі дзяцел red-bellied woodpecker (Melanerpes carolinus), а таксама белабрухі кавалік white-breasted nuthatch (Sitta carolinensis), харчуюцца на насякомых і іх лічынках, якіх дастаюць з-пад кары хворых і памерлых дрэваў.

“Смарагдавы жук-пілільшчык вельмі моцна закрануў паўночна-амерыканскія дрэвы, супраць яго ў іх няма адпорнасці. Абарыгенныя віды птушак хутка скарысталіся з абільнай новай крыніцы харчавання і павялічылі свае рэпрадуктыўныя паказчыкі”. – сказаў Эндр’ю Лейбгольд.

Дадзеныя, якімі карысталіся навукоўцы, былі атрыманыя пад час рэалізацыі праекту “Назіранні на сталоўках” (Project FeederWatch), арганізаванага лабараторыяй арніталогіі Карнельскага ўніверсітэту (ЗША) Cornell Lab of Ornithology і таварыствам Bird Studies Canada, пад час якога валанцёры падлічвалі птушак на рознага тыпу сталоўках, размешчаных у самых розных месцах з лістападу да пачатку красавіка. Гэтыя дадзеныя дапамагаюць прасачыць доўгатэрміновыя трэнды ў перамяшчэннні папуляцый, іх размяшчэнні і колькасці. 

Для аналізу былі выкарыстаныя дадзеныя, атрыманыя вакол Дэтройту, дзе інвазійны жук быў ўпершыню для ЗША знойдзены ў 2002 годзе. Паміж 2002 і 2011 гг.  колькасць вышэйпералічаных відаў птушак павялічылася, хаця павелічэнне адбылося  ў розны час і ў розным маштабе. Хутчэй за ўсё, вялікія колькасці жукоў і іх лічынак спрычыніліся да павялічэння выжывальнасці птушак і паляпшэння вынікаў іх размнажэння, што і прывяло да павелічэння іх колькасці.

Паводле www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак чырвонабрухага дзятла з www.larkwire.com

На гэтую тэму:

ДЗЯЦЕЛ ЗА 50 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ

ПРАПАНАВАНА ПАДЗЯЛІЦЬ ВЯЛІКАГА ДЗЯТЛА НА ЧАТЫРЫ АСОБНЫЯ ВІДЫ

ЗЯЛЁНАЯ ЖАЎНА З ІБЕРЫЙСКАГА ПАЎВОСТРАВА БЛІЗКА ДА ВІДАВОГА СТАТУСУ

БЕЗ СТАРЫХ ДУПЛІСТЫХ ДРЭВАЎ НЕ БУДЗЕ ЛЯСНЫХ ЭКАСІСТЭМ