Старыя жывыя дрэвы неабходныя для жыцця больш чым 1000 відаў птушак і звяроў, якія залежаць ад дуплаў у такіх дрэвах для гнездавання ці расплоду. Гэтыя лічбы прыводзяцца ў артыкуле ў часопісе Frontiers in Ecology and the Environment. Але цікавыя ў гэтым артыкуле не толькі лічбы – аказалася, што многім відам жывёл для жыцця неабходныя менавіта поласці ці дуплы ў старых дрэвах, якія ўтварыліся натуральным шляхам з часам, а не створаныя дзятламі.
"У большасці відаў дрэваў натуральныя поласці пачынаюць утварацца не раней, як дрэва дасягне 100 год, і патрэбныя нават некалькі сотняў гадоў, каб утварыліся некалькі поласцяў ці адна вялікая ў адным дрэве” – тлумачыць Кэці Мэрцін (Kathy Martin), праф. факультэту лясніцтва ва ўніверсітэце Брытанскай Калумбіі (Канада). Аднак традыцыйнае вядзенне лясной гаспадаркі менавіта такія дрэвы стараецца спілоўваць у лесе першымі.
"Леснікі дапамагаюць ахоўваць маладыя дрэвы, аднак неабходна прамоцыя захавання менавіта старых, вялікіх і яшчэ жывых дрэваў – менавіта яны неабходны птушкам і звярам – дуплагнёзднікам” – працягвае прафесарка.
Па ўсяму Свету шмат разнастайных жывёл, якім для жыцця і размнажэння неабходныя поласці ці дуплы: гэта і пеўчыя птушкі, і совы, і папугаі, і вавёркі-лецягі, і кажаны, і апосумы, і змеі, і амфібіі, і насякомыя і іншыя групы.
Паводле даследавання, 75% відаў жывёлаў, якія размнажаюцца ў дуплах на чатырох кантынентах (Паўднёвая Амерыка, Азія, Аўстралія і Еўропа), залежаць ад поласцей, якія ўтвараюцца ў старых дрэвах з часам. Асобнае становішча займае Паўночная Амерыка – мясцовыя жывёлы залежаць амаль выключна ад дзятлаў, і займаюць створаныя імі дуплы найчасцей. І хаця дзятлападобныя распаўсюджаны і ў іншых частках Свету, навукоўцы знайшлі, што поласці, створаныя дзятламі за межамі паўночнаамерыканскага кантыненту, не такія даўгавечныя, як ўтвораныя ў дрэвах іншым шляхам.
"Каштоўнасць вялікіх старых дуплістых дрэваў павінна быць прызнаная і мы павінны дамагацца іх застаўлення ў лясах – асабліва ў трапічных, дзе поласці прыроднага паходжання захоўваюцца шмат год і падтрымліваюць існаванне шматлікіх відаў”. – падкрэсліла праф. Марцін.
Крыніца:
Kristina L Cockle, Kathy Martin, Tomasz Wesołowski. Woodpeckers, decay, and the future of cavity-nesting vertebrate communities worldwide. Frontiers in Ecology and the Environment, 2011; : 110531072704016 DOI: 10.1890/110013.
Паводле www.news.mongabay.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак самкі вялікага дзятла Мікалая Гулінскага
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ