Самая рэдкая афрыканская птушка насамрэч … ніколі не існавала?

Вераб’іная птушка, якая лічылася адной з самых рэдкіх у Афрыцы і нават ва ўсім Свеце і якую бачылі менш 10 разоў пасля адкрыцця ў 1981 годзе, насамрэч не існуе. Да такой нечаканай высновы прыйшлі арнітолагі з універсітэту Aberdeen (Шатландыя).

Ліберыйскі зялёны бюльбюль Liberian Greenbul (Phyllastrephus leucolepis) вельмі цікавіў экспертаў апошнія дзесяцігоддзі пасля таго, як адбылася яго першая рэгістрацыя ў 1981 годзе. Адзіны экзэмпляр новага віду добра адрозніваўся ад падобнага і звычайнага ў Заходняй Афрыцы малага бюльбюля Icterine Greenbul (Phyllastrephus icterinus) белымі плямамі на крылах.

Вядома пра новы від было вельмі мала, але рэдкасць яго сустрэч прымусіла надаць яму статус крытычна пагражаемага віду (Critically Endangered).

Цяпер параўнанне генатыпаў ліберыйскага зялёнага бюльбюля і малага бюльбюля дало падставы сцвярджаць, што адсутнасць значных адрозненняў паміж імі сведчыць пра тое, што гэта прадстаўнікі аднаго віду. Белыя плямы на пер’е крылаў хутчэй за ўсё з’явіліся з-за недахопу ежы пад час іх росту.

Вынікі, апублікаваныя ў часопісе Journal of Ornithology , кажуць пра параўнанне генатыпаў малага бюльбюля і іншых блізкіх відаў, якія паказалі параўнальна значныя адрозненні паміж імі. Гэта таксама сведчыць на карысць таго, што малы і ліберыйскі бюльбюль – адзіны від.

“Мы не можам з канчатковай упэненасцю сказаць, што ліберыйскі і малы бюльбюлі- прадстаўнікі аднаго віду, аднак прыведзеныя намі доказы робяць іншае тлумачэнне вельмі малаімаверным”- сказаў д-р Марцін Коллінсан (Dr Martin Collinson).

“Ліберыйскі зялёны бюльбюль атрымаў амаль міфічны статус пасля адкрыцця ў 1980-я гады. Для таго, каб пацвердзіць нашы вынікі, параўнанне генатыпаў было незалежна праведзена нашымі калегамі ў Дрэздэне. І яны прыйшлі да такіх самых высноў” – дадаў Коллінсан.

Ліберыйскі зялёны блюльбюль быў адзначаны паміж 1981 і 1984 гг толькі 9 разоў, усе сустрэчы адбыліся ў лесе Cavalla, які знаходзіцца на усходзе Ліберыі. Па адзінаму здабытаму ў студзені 1984 года экземпляру і быў апісаны новы для навукі від.

З-за працяглай грамадзянскай вайны наступныя 25 гадоў у краіне не атрымлівалася арганізаваць сур’ёзную навуковую экспедыцыю каб знайсці больш птушак і даведацца пра асаблівасці іх распаўсюджання і жыцця. Нарэшце ў 2010 і 2013 гг адбыліся мэтанакіраваныя пошукі ў двух вядомых месцах папярэдніх рэгістрацый, аднак від так і не атрымалася знайсці. Такім чынам, апошняя вядомая сустрэча адбылася ў 1984 годзе.

Лес Cavalla мае глабальнае значэнне для захавання прыроды не толькі з-за рэгістрацый там ліберыйскага зялёнага бюльбюля, але і з-за таго, што там жывуць іншыя галаюльна знікаючыя віды птушак і звяроў.

Даследаванне па параўнанні генатыпаў бюльбюляў было праведзена дзякуючы супрацы даследчыкаў з Абердынскага ўніверсітэту, Zoological Research Museum Alexander Koenig (Бонн, Германія), Senckenberg Natural History Collections (Дрэздэн, Германія), University of Cambridge (Вялікабрытанія) і BirdLife International.

Паводле www.abdn.ac.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Пераацэнка колькасці і статусу птушак на Зямлі: цяпер BirdLife прызнае 11.167 відаў, што на 742 больш, чым у 2014

Новы від папугая апісаны ў Мексіцы

Нетрадыцыйнае апісанне аманскай савы і сапраўды прывяло да адкрыцця новага віду

Новы від птушак, які мімікрыруе пад ўжо вядомы, апісаны ў Бразіліі

Новы від цвыркуна апісаны ў Кітаі

КУЛІК-ПАЛЯНІК НАСАМРЭЧ НЕ АДЗІН ВІД? + VIDEO

Марскі і снежны зуйкі – асобныя віды

Грычуноў больш відаў, чым сцвярджалі дагэтуль?