Суадносіны палоў сярод дарослых качак у нырка-сівака (Aythya ferina) ў Еўропе і Паўночнай Афрыцы значна змяніліся ў апошнія дзесяцігоддзі на карысць самцоў. Гэта можа быць адной з прычын некарыснага становішча віда і змяншэння яго колькасці ў Заходняй Палеарктыцы. Як следства, нырок-сівак мае статус Уразлівага віду (Vulnerable) у апошнім Чырвоным спісе МСАП.
Выкарыстоўваючы дадзеныя ўлікаў з зімовак, зробленыя ў студзені 2016 і ў тых жа месцах і тым жа месяцы ў 1989 і 1990 гадах, даследчыкі адзначылі, што прапорцыя самцоў у адносінах да долі самак змянілася з 62% у 1989-90 гг да 71% у 2016. З-за таго, што ўлікі праводзіліся ў тых самых 13 краінах і на амаль аднолькавай колькасці папуляцый, гэтыя дадзеныя кажуць хутчэй пра сапраўдныя суадносіны палоў і негатыўныя змены.
Звычайна самцы ў нырка-сівака дамінуюць над самкамі. Таму яны могуць займаць лепшыя месцы пад час зімоўкі, чым самкі. Звычайна такія месцы знаходзяцца бліжэй да патэнцыйных месцаў гнездавання і самкі вымушаныя ляцець далей на поўдзень, чым самцы. Таму доля самак далей на поўдні павялічвалася і далёкія ад роўных суадносіны палоў былі большымі як раз на поўдні зімовак.
https://youtu.be/dqYq4zOWn44
З-за таго, што долі палоў пры вылупленні звычайна блізкія да 1:1, большая прапорцыя самцоў у папуляцыях дарослых птушак сведчыць пра значна большую смяротнасць менавіта самак. Зразумела, што самкі адказныя за размнажэнне і патэнцыйнае павелічэнне папуляцыі і пры змяншэнні іх колькасці адбываецца змяншэнне і колькасці ўсіх птушак.
Адна з галоўных вядомых прычын негатыўнага статусу нырка-сівака – павялічаны ціск драпежнікаў і асабліва, відаў-інтрадуцэнтаў – амерыканскай норкі і янотападобнага сабакі ў месцах гнездавання. З-за таго, што самкі вымушаны самастойна інкубаваць яйкі і даглядаць качанят, яны падвержаныя большай рызыцы быць з’едзенымі драпежнікамі, чым самцы. Аднак каб зразумець усе магчымыя прычыны рэзкага зніжэння колькасці віду ў Заходняй Палеарктыцы, неабходны дадатковыя даследаванні.
Крыніца:
Brides, K, Wood, K A, Hearn, R D and Fijen, T P M. 2017. Changes in the sex ratio of the Common Pochard Aythya ferina in Europe and North Africa.Wildfowl 67: 100-112.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Фота самца нырка-сівака - Andrzej Smolinski
На гэтую тэму:
Драпежнікі-інтрадуцэнты і сельская гаспадарка вінаватыя ў паступовым знікненні нырка-сівака
Самцы пячураўкі-будаўнічка спяваюць самі для сябе?
ЯК “ГЭТА” СКЛАДАНА Ў КАЧАК, АБО ПРА АСАБЛІВАСЦІ СЭКСА ВАДАПЛАЎНЫХ
Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!
Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ