Новая публікацыя, падрыхтаваная камандай арнітолагаў з універсітэту East Anglia (UEA) і BTO паказвае, як самотна спяваючыя самцы ёсць смутным сымптомам знікаючай папуляцыі.
Адпаведна з Улікамі гняздуючых птушак Breeding Bird Survey (BBS) у Вялікабрытаніі, пячураўка-будаўнічок (Phylloscopus trochilus) зменшыла на 37% сваю колькасць у Англіі, але павялічыла на 27% у Шатландыі за апошнія 20 год. Выкарыстоўваючы такія нераўнамерныя тэндэнцыі ў розных папуляцыях віду, даследаванне вывучала патэнцыйныя выпадкі адхіленняў ад раўнавагі палоў у невялікіх папуляцыях і тых, якія змяншаюць сваю колькасць. Атрымалася, што самотныя самцы нашмат больш звычайныя ў невялікіх папуляцыях, якія знаходзяцца на паўднёвым захадзе Англіі. Такія павялічаныя колькасна прапорцыі самцоў у параўнанні з самкамі могуць быць вынікам выбару самак, якія могуць выбіраць для гнездавання больш шчыльныя папуляцыі, якія – ў сваю чаргу – хутчэй за ўсё займаюць больш аптымальныя біятопы і дзе выбар самцоў багацейшы. Таму самотныя самцы могуць заставацца такімі нават на ўвесь сезон у менш аптымальных біятопах.
Распавядаючы пра мэты сваёй новай работы, адна з сааўтарак, праф. Джэні Гілл (Prof. Jenny Gill) са школы біялагічных навук UEA, сказала: “Многія папуляцыі пералётных птушак змяншаюцца ў памеры і ператвараюцца ў невялікія, ізаліраваныя і лакальныя. Калі самкі выбіраюць месцы, дзе самцоў больш, то такія папуляцыі змяншаюцца яшчэ хутчэй. Мы захацелі праверыць – ці сапраўды гэта адбываецца такім чынам”.
Дзякуючы атрыманым BTO дадзеным па суадносінах палоў пячураўкі-будаўнічка ў 34 месцах іх гнездавання на працягу апошніх 18 гадоў, былі выкарыстаныя запісы пра 8 тысяч птушак.
Існуе шмат відаў птушак, дзе самцоў у нейкіх месцах больш, чым самак, аднак яны больш звычайныя там, дзе папуляцыі маюць невялікі памер або змяншаюцца. Аднак дагэтуль прычыны гэтага і наступствы не даследаваліся ў такім маштабе. Магчыма, што выжывальнасць самак у такіх месцах меншая, або існуюць адрозненні ў выбары месцаў гнездавання паміж самцамі і самкамі. І хаця колькасць пячураўкі-будаўнічка ў некаторых мясцінах змяншаецца, від застаецца параўнальна звычайным і шырокараспаўсюджаным, што робіць яго адпаведным для праверкі розных гіпотэз аб прычынах колькаснага дысбалансу палоў.
Д-р Кэтрыона Моррысан (Dr Catriona Morrison) так пракаментавала атрыманыя камандай навукоўцаў пад яе кіраўніцтвам вынікі: “У 1994 годзе суадносіны самцоў да самак былі 50:50 паўсюль у Вялікабрытаніі, аднак з часам доля самцоў павялічылася і ўжо ў 2012 годзе яна стала 60:40, а ў месцах з невялікай колькасцю птушак доля самцоў была яшчэ большай. Напрыклад, на паўночным захадзе краіны, дзе від заставаўся шматлікім, суадносіны засталіся блізкімі да 50:50, але на паўднёвым усходзе, дзе колькасць птушак зменшылася, суадносіны рэзка памяняліся на карысць самцоў. На жаль, з часам такіх месцаў з большасцю самцоў становіцца ўсё больш, прычым там выводзіцца ўсё менш птушанят”.
Самцы звычайна вяртаюцца на свае былыя гнездавыя тэрыторыі. Самкі ж часцей далучаюцца да вялікіх папуляцый, дзе маюць большы выбар самцоў, і, магчыма, лепшыя ўмовы для гнездавання з-за лепшых месцапражыванняў (more suitable habitat). Калі суадносіны палоў нераўныя, знайсці партнёра там усім птушкам робіцца праблематычным і гэтыя суадносіны яшчэ больш змяняюцца на карысць самцоў. Такім чынам папуляцыя яшчэ больш змяншаецца, бо колькасць паспяхова гняздуючых птушак і выляцелых маладых таксама змяншаецца.
Даследчыкі паказалі, што узнікненне і падтрыманне розных суадносінаў палоў у пячураўкі-будаўнічка не звязана з розным узроўнем смяротнасці ў самцоў і самак. Самкі ж аддаюць перавагу вялікім папуляцыям, дзе суадносіны палоў блізкія да роўных. Такім чынам, для захавання віду мае сэнс аховўваць менавіта такія вялікія папуляцыі ці падтрымліваць у добрым стане біятопы, якія здольныя “прыняць” менавіта вялікую колькасць птушак на гнездаванне.
Крыніца:
Catriona A. Morrison, Robert A. Robinson, Jacquie A. Clark, Jennifer A. Gill 2016 Causes and consequences of spatial variation in sex ratios in a declining bird species. Journal of Animal Ecology DOI: 10.1111/1365-2656.12556.
Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Проніч’а
На гэтую тэму:
Разумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак
Самцы ў рэмезаў лепшыя бацькі, чым самкі?
Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак
Даказана: самкі вялікіх сініц маюць лепшую памяць, чым самцы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ