Актыўная ахова двух відаў ківі ў Новай Зеландыі дала станоўчыя вынікі і ў апошнім выпуску Чырвонага спісу Міжнароднага саюзу аховы прыроды IUCN карычневы паўночны ківі (Apteryx mantelli) і ківі-роўі (Apteryx rowi) атрымалі значна лепшы статус, чым быў у іх раней. Агулам жа для 60 відаў птушак статус пагрозы знікнення быў зніжаны і для падобнай колькасці відаў - падвышаны.
З сярэдзіны мінулага стагоддзя IUCN ацэньвае стан і імавернасць знікнення біялагічных відаў, і ў аўторак у Токіа былі абвешчаны вынікі сёлетняй ацэнкі для 91 523 відаў раслін і жывёл, З іх 25.821 відаў прызналі блізкімі да пагражаемых (threatened), 866 прызнаныя зніклымі і 69 зніклі ў прыродзе. 11.783 відаў аднесены да ўразлівых (vulnerable), 8.455 – да пагражаемых (endangered) і 5.583 віды – да крытычна пагражаемых (critically endangered).
Тым не менш, паспяховыя вынікі аднаўлення папуляцый паўночнага карычневага ківі і ківі-роўі, новазеландзкіх эндэмікаў, даюць надзею на лепшае і іншым відам, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Больш 25 гадоў, прысвечаных ахове гэтых відаў ківі, яўна пазначылі падобныя магчымасці, асабліва калі ў гэтым задзейнічаны ўрад краіны і зацікаўленыя мясцовыя групы людзей.
Галоўнай праблемай ківі застаюцца знішчэнне месцапражыванняў, а таксама чужародныя віды драпежнікаў, некалі завезеныя чалавекам на астравы: сабакі, каты і гарнастаі. Яны знішчаюць кладкі і птушанят.
Папуляцыя роўі, якая налічвала 160 птушак у 1995, атрымала тады статус “пагражаемага віду” (endangered), цяпер налічвае 450 дарослых асобін і статус пагрозы зніжаны да ўразлівага (Vulnerable). Колькасць паўночнага карычневага ківі нарэшце стабілізавалася ў апошнія гады пасля дзесяцігоддзяў зніжэння і складае амаль 18 тысяч асобін. Эксперты лічаць, што яна пачне павялічвацца, калі ахова віду не зменшыцца. Адпаведна прынятаму ў 1991 годзе Плану вяртання ківі (Kiwi Recovery Plan), патрабаваўся кантроль драпежнікаў, назіранне за вядомымі месцамі гнездавання і актыўны ўдзел у рэалізацыі плана мясцовай грамадзкасці. Акрамя гэтага, знойдзеныя яйкі забіралі і інкубавалі штучна, а потым выпускалі ў лес ужо вялікіх падрослых птушанят. Павялічаная такім чынам выжывальнасць маладых птушак прывяла да павелічэння колькасці відаў у прыродзе.
Гарнастай з птушанём пінгвіна
"Новая Зеландыя – лідар у вынішчэнні чужародных відаў, гэта дазволіла выпрацаваць эфектыўныя метады барацьбы з інвазійнымі інтрадуцэнтамі і выкарыстоўваць іх па ўсяму Свету. Тое, што неабходна зрабіць цяпер – гэта знайсці большыя рэсурсы на такую барацьбу і выкарыстаць іх для ачысткі большай колькасці астравоў – пакуль не будзе запозна” – сказаў Іэн Барфілд (Ian Burfield), навуковы каардынатар асацыяцыі BirdLife International, якая адказная за ацэнку стану больш 11 тысяч відаў птушак для Чырвонага спісу МСАП.
У апошнія гады паспяховыя метады аднаўлення папуляцыі ківі на Паўночным востраве сталі выкарыстоўваць і на Паўднёвым, дзе таксама ёсць віды ківі, якім пагражае знікненне.
Аднак на супрацьлеглым полюсе планеты белая сава (Bubo (Nyctea) scandiaca) упершыню атрымала статус уразлівага віду (vulnerable) – навукоўцы падлічылі, што на працягу трох апошніх пакаленняў колькасць соваў зменшылася ад 30 да 40%. Хутчэй за ўсё за гэтым можа стаяць пацяпленне клімату. Таянне снегу змяншае даступнасць грызуноў для гэтых птушак, а менавіта яны з’яўляюцца асноўнай крыніцай харчавання віду.
"Нашы апошнія дадзеныя сведчаць пра тое, што цяпер кожны восьмы від птушак на Свеце можа знікнуць, калі мы не прыпынім адмоўныя трэнды іх колькасці” – сказаў Барфілд.
Найбольш драматычныя змены статусу і колькасці відаў, якія гняздуюць у Беларусі, адбыліся са звычайнай туркаўкай (Streptopelia turtur) (глабальны статус Vulnerable – як і вяртлявая чаротаўка) і кнігаўкай (Vanellus vanellus) (цяпер мае статус Near Threatened – падобна як стэпавы лунь, чырвоны каршун ці дубальт).
Коратка прыродаахоўныя, ці статусы пагрозы знікнення IUCN тлумачацца наступным чынам:
Extinct (EX) – Зніклы від = невядомыя жывыя асобнікі (як мінімум апошнія 100 год).
Extinct in the wild (EW) – Зніклы ў прыродзе = вядомыя толькі асобнікі, якія жывуць ва ўмовах няволі, або якія як натуралізаваная папуляцыя існуюць па-за гістарычнымі межамі распаўсюджання.
Critically endangered (CR) – Крытычна пагражаемы = вельмі вялікая рызыка знікнення ў прыродзе.
Endangered (EN) – Пагражаемы = высокая рызыка знікнення ў прыродзе.
Vulnerable (VU) – Уразлівы = высокая рызыка стварэння пагрозы знікнення ў прыродзе.
Near threatened (NT) – Блізкі да пагражаемага = можа стаць знікаючым (EN) у бліжэйшай будучыні.
Least concern (LC) – Невялікая рызыка існаванню. Звычайна ў гэтую катэгорыю трапляюць шырокараспаўсюджаныя і(або) віды з вялікай колькасцю.
Data deficient (DD) – Не хапае дадзеных для правядзення ацэнкі рызыкі знікнення.
Not evaluated (NE) – Ацэнка паводле крытэрыяў яшчэ не праводзілася.
Паводле www.edition.cnn.com (тэкст, здымкі) і www.iucnredlist.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На верхнім здымку – карычневы паўночны ківі
На гэтую тэму:
Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу
ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ
МСАП (IUCN) ПРАПАНУЕ НАРЭШЦЕ СКЛАСЦІ ЧОРНЫ СПІС ІНВАЗІЙНЫХ ВІДАЎ
Тэмпы знікнення птушак паскараюцца
Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення
ЯК НЕ СТРАЦІЦЬ ДРОНТА ЯШЧЭ РАЗ: ГІСТОРЫЯ ПРА ЯГО ВЫНІШЧЭННЕ І ЗНАХОДКІ
Самая рэдкая афрыканская птушка насамрэч … ніколі не існавала?
Белыя совы сігналяць суродзічам сваёй белізной
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ