Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу

Пазнаёмцеся з новаапісаным на Галапагоскіх астравах відам птушак – вогненнай валасяніцай з Сан Крыстабаля San Cristóbal vermilion flycatcher (Pyrocephalus dubius). Але пачакайце – ўбачыць новы від не атрымаецца, бо ён …знік.  

І вестка пра афіцынае знікненне гэтай птушкі не павінна моцна здзівіць, бо валасяніцы, якія некалі насялялі толькі адзіны, самы ўсходні востраў архіпелагу, ніхто не бачыў пасля 1987 году. Шматлікія спробы пошуку ў апошнія дзесяцігоддзі не прывялі да поспеху.

Гэтая валасяніца з дакладна такой жа лацінскай назвай ужо была апісана менавіта як від пры яе адкрыцці ў 1839 годзе Джонам Гоўлдам (John Gould). Аднак пазней гэты статус быў паніжаны да падвіду шырока распаўсюджанай у абодвух Амерыках вогненнай валасяніцы (P.rubinus).

Цяпер даследаванні, праведзеныя на малекулярным узроўні і апублікаваныя ў апошнім нумары часопісу Molecular Phylogenetics and Evolution, даказваюць, што вогненная валасяніца з Сан Крыстабаля ёсць – ці ўжо была – генетычна і марфалагічна адсобленай ад бліжэйшых крэўных дастаткова, каб называцца асобным відам. Да гэтага яна лічылася падвідам вогненнай валасяніцы.

Такім чынам, гэты новаапісаны від стане першым эндэмічным відам (не падвідам), які знік у гістрычны час на Галапагоскіх астравах.

Дакладныя прычыны гэтага сумнага выніку застаюцца невядомымі, аднак іншыя астраўныя падвіды вогненнай валасяніцы церпяць ад інтрадукаваных чалавекам на астравы пацукоў, якія з’ядаюць яйкі, а таксама ад паразітычнай мухі Philornis downsi, якая атакуе і забівае птушанят – пра гэта кажуць навукоўцы з Durrell Wildlife Conservation Trust.

Ці можа за гэтым новаапісаным відам у бліжэйшыя гады паследаваць іншыя, блізкія да яго? Публікацыя таксама прапануе падвысіць статус з падвідавога да відавога для яшчэ адной эндэмічнай галапагоскай валасяніцы, для якой прапанавана навуковая назва P. nanus. Навукоўцы пішуць, што некаторыя адасобленыыя папуляцыі гэтага віду ўжо зніклі ці знаходзяцца ў сур’ёзных праблемах і некаторых з астравоў цяпер засталося не больш, чым па 20 птушак. Таму яны заклікаюць да тэрміновых дзеянняў па ахове, каб не толькі захаваць гэты яшчэ адзін новаапісаны від, але і максімальна захаваць яго генетычную разнастайнасць.

Аднак і гэта яшчэ не ўсе высновы публікацыі. Даследчыкі пішуць, што ёсць некаторыя сведчанні, што P. nanus можа складацца з птушак больш, чым аднаго віду. Таму неабходны неадкладныя меры па ахове птушак і дадатковыя даследаванні да таго, як магчымыя яшчэ неапісаныя віды не зніклі, як гэта адбылося з вогненнай валасяніцай з Сан Крыстабаль.

Крыніца:

Carmi О, C C. Witt, A Jaramillo, J P. Dumbacher 2016 "Phylogeography of the Vermilion Flycatcher species complex: multiple speciation events, shifts in migratory behavior, and an apparent extinction of a Galápagos-endemic bird species." Molecular Phylogenetics and Evolution. Vol 102, Sept 2016, рр. 152–173

 

Паводле www.blogs.scientificamerican.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.audubon.org

 

На гэтую тэму:

На Зямлі афіцыйна зніклі яшчэ 13 відаў птушак

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення  

БЛАКІТНЫ АРА ЎПЕРШЫНЮ Ў НАШЫМ СТАГОДДЗІ АДЗНАЧАНЫ Ў ПРЫРОДЗЕ!

ЗРОБЛЕНЫ ПЕРШЫЯ ЗДЫМКІ АДНОЙ З САМЫХ ЗАГАДКАВЫХ І РЭДКІХ ПТУШАК НА ЗЯМЛІ

КУЛІК-ЛОПАЦЕНЬ: ДОБРЫЯ І КЕПСКІЯ НАВІНЫ ПРА АДНУ З САМЫХ РЭДКІХ ПТУШАК

Як птушкі, сабраныя яшчэ Дарвіным, дапамогуць выратаваць сённяшніх

Прыярытэты ў ахове птушак расстаўлены няправільна

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ