Большасць сучасных людзей, напэўна, ведаюць сумную гісторыю маўрыкійскага дронта (Raphus cucullatus): гэта была нелятаючая, тоўстая птушка, якая з-за свайго добрага смаку і “бяспечных” паводзін была вынішчана пад час паляванняў прыкладна праз стагоддзе пасля таго, як еўрапейскія маракі ўпершыню прышвартаваліся да ўзбярэжжа Маўрыкія. Але хутчэй за ўсё, насамрэч усё было не так проста.
У апошні час большасць гэтых “фактаў” пастаўлена пад сумнеў.
Смачны? Хутчэй за ўсё - не. Бо сярод мноства костак жывёл “са стала” першых пасяленцаў вострава, якія былі знойдзены і вызначаныя за перыяд з 1638 па 1710 гг. для навуковай публікацыі, не было знойдзена ніводнай косткі дронта!
Вынішчаны пад час паляванняў? Наўрацці – як мінімум першае стагоддзе пасля свайго адкрыцця еўрапейцамі, Маўрыкій быў амаль цалкам пакрыты густымі дажджавымі лясамі. І хутчэй за ўсё нават вельмі мэтанакіраваныя паляўнічыя не маглі б высачыць і забіць усіх дронтаў па ўсім востраве.
Як маглі забіваць дронтаў галандзкія маракі.
Тоўсты? Хутчэй за ўсё не, бо нашы ўяўленні пра знешні выгляд дронтаў (і некаторыя сучасныя рэканструкцыі) заснаваныя на ілюстрацыях, зробленых з перакормленых у няволі птушак або кепска зробленых першых пудзіл. У прыродзе дронты выглядалі нашмат больш элегантна.
Аднак і пасля знікнення віда, доўга не было адпаведнай рэакцыі на гэтую смутную падзею.
"Мы бачым цэлую серыю трагедый, калі забыццё працягвалася зноў і зноў” – сказаў Леон Классенс (Leon Claessens) з College of the Holy Cross (Масачусэтс, ЗША).
Аднак цяпер міжнародная група навукоўцаў аб’ядналася – ўключна з Джуліянам Х’юмам (Julian Hume) з Лонданскага музею натуральнай гісторыі і Кеннет Рійсдійк (Kenneth Rijsdijk) з універсітэту Амстэрдаму, каб пачаць сур’ёзна вывучаць розныя аспекты біялогіі і экалогіі дронтаў па парэштках птушак і не толькі.
Абодва вядомыя на сённяшні дзень віды дронтаў – маўрыкійскі і дронт з вострава Радрыгес – былі нелятаючымі параўнальна крупнымі птушкамі з атраду Галубепадобныя. Акрамя сваіх астравоў, яны не сустракаліся больш нідзе.
Аднак прасачыць працэс эвалюцыі дронтаў па іх парэштках вельмі складана: "На большай частцы вострава кіслотныя глебы, трапічны клімат і вільготнасць. Гэта вельмі неспрыльныя ўмовы для захавання парэшткаў” – кажа Классенс.
Усё, што мы можам сказаць упэўнена, гэта тое, што маўрыкійскі дронт мог развівацца асобна ад агульных продкаў з іншымі галубамі нават да 8 мільёнаў гадоў. Гэта час, які ўвогуле існуе Маўрыкій як востраў вулканічнага паходжання.
Знікненне дронта прасачыць, на жаль, лягчэй.
Галандзкія маракі адкрылі Маўрыкій у 1598 годзе і гэтым паклалі пачатак яго вынішчэнню. Аднак людзі наўрацці былі здольныя самастойна зрабіць гэта. На працягу наступнага стагоддзя на ўзбярэжжы жылі не больш за некалькі сот чалавек” – кажа Классенс. Хутчэй за ўсё, самы актыўны ўдзел у вынішчэнні віду прынялі збеглыя з караблёў пацукі і іншыя жывёлы-інтрадуцэнты – такія, як свінні – якія прыбылі на Маўрыкій разам з чалавекам. Яны не толькі з’ядалі кладкі дронтаў, але і канкуравалі з імі за тую ж ежу.
Апошняя вядомая сустрэча чалавека з дронтам адбылася ў 1660-я гады. Такім чынам, від цалкам быў вынішчаны троху больш, чым за 50 гадоў пасля яго адкрыцця.
Дронт з іншымі экзатычнымі птушкамі. Галандзкі мастак Roelant Savery, каля 1626 г.
Аднак знікненне датычылася яшчэ толькі жывых птушак. Скуркі і шкілеты дронтаў рознай ступені захаванасці адсылаліся ў Еўропу для навуковага вывучэння і апісання. Так яны апынуліся ў тагачасных калекцыях некалькіх музеяў і ўніверсітэтаў.
На вялікі жаль, навукоўцы XVII стагоддзя не разумелі, наколькі каштоўныя атрыманыя імі матэрыялы. Дадатковая праблема з гэтым была з-за таго, што дронт знік у “непадыходзячы час”. Тады яшчэ не было разумення, што біялагічны від можа знікнуць назаўсёды. Як усемагутны Бог можа зрабіць гэта аднаму са сваіх каштоўных створаў?
Першым на рэальнасць знікнення біялагічных відаў звярнуў увагу вялікі французскі палеантолаг Жорж Кювье (Georges Cuvier), аднак адбылося гэта толькі ў 1796 годзе!
Гэта значыць, што куратары музейных калекцый у XVII-XVIII стагоддзях маглі быць упэўненыя, што пашкоджаныя тым ці іным чынам скуркі ці пудзілы могуць быць з часам замененыя на новыя. Да гэтай упэўненасці дадаваўся нізкі ўзровень тагачаснай таксідэрміі. Такім чынам, многія прывезеныя скуркі і шкілеты дронтаў зніклі ўжо тады.
Hugh Edwin Strickland
"Цалкам камплетнае пудзіла дронта было ў калекцыі ў Оксфардзе. Аднак большая частка іх старай калекцыі знікла ў 1700-я гады. Ад дронта захавалася толькі галава і лапа.”- сказаў Классенс.
У Брытанскім музеі ў Лондане таксама была лапа дронта. Аднак яна знікла прыкладна ў пачатку мінулага стагоддзя. У Еўропе яшчэ засталіся чэрап дронта ў Капенгагене і частка дзюбы ў Праге. “І гэта ўсё” – каментуе рэальнасць Классенс.
Такім чынам, прыкладна праз 150 гадоў пасля фізічнага вынішчэння жывых птушак, дронт знік у другі раз – ніводнага цэлага шкілета ад прадстаўніка віду не засталося ўжо на пачатку ХІХ стагоддзя!
Цяпер ўвогуле пра існаванне дронта маглі забыць ужо назаўжды. Аднак два брытанскіх джэнтэльмены, Хью Эдвін Стрыклэнд (Hugh Edwin Strickland) і Аляксандр Гордан Мэлвайл (Alexander Gordon Melville), - нечакана апублікавалі ў 1848 годзе манаграфію пад назвай The Dodo and its Kindred (“Дронт і яго крэўныя”).
У кнізе яны апісвалі тое, што змаглі тады знайсці ў калекцыі Оксфарда і Брытанскага музею. Гэта прывяло да нечаканых наступстваў – дронт пачаў рабіцца ўсё больш папулярным! Пікам тагачаснай дронтаманіі можна лічыць з’яўленне дронта як аднаго з персанажаў у кнізе Льюіса Кэрала “Аліса ў краіне цудаў” (Lewis Carroll's Alice's Adventures in Wonderland), якая упершыню была апублікаваная ў 1865 годзе.
Малюнак дронта аўтарства John Tenniel для кнігі Alice's Adventures in Wonderland (1865)
Да гэтага часу Маўрыкій стаў брытанскай калоніяй і прыцягнуў да сябе вялікую “палеанталагічную цікаўнасць”. Аднак знайсці больш костак менавіта дронтаў не атрымлівалася шмат гадоў. Але так выпадкова здарылася, што ў год першай публікацыі “Алісы…” ўсё змянілася – праз адно з мясцовых балотаў пачалі пракладываць чыгунку да плантацыі цукровага трыснягу.
"Паводле тагачасных гісторый было заўважана, што некаторыя з працаўнікоў збіраюць на балоце нейкія косткі каб выкарыстаць іх хутчэй за ўсё у якасці ўгнаення на сваіх агародах. Інжынер, які кіраваў пракладкай чыгункі, ўзяў некаторыя з костак і паказаў аднаму з мясцовых настаўнікаў, Джорджу Кларку (George Clark). Параўноўваючы іх з ілюстрацыямі ў кнізе Стрыкланда і Мейлвілла яны зразумелі, што гэта косткі дронтаў.”
Балота, вядомае пад назвай Mare aux Songes, аказалася поўным падобных костак! Паводле даціроўкі, праведзенай ужо ў нашы часы, гэтыя дронты жылі там каля 4 тысяч гадоў таму. Хутка знойдзеныя парэшткі пачалі ізноў прыбываць у Еўропу. І знакаміты брытанскі анатам і палеантолаг Рычард Оўэн (Richard Owen) стаў першым з навукоўцаў, які апублікаваў манаграфію на аснове новых паступленняў.
Richard Owen, літаграфія T. H. Maguire, каля 1850 г.
Калі ж пісаць праўду, то перакуплены Оўэнам шкілет быў дасланы не яму, а іншаму анатаму – Альфрэду Ньютану (Alfred Newton) з Кембрыджа.
Шкілет дронта, сабраны Оўэнам, амаль камплектны, але складзены з костак розных птушак. Аднак для некаторых мэтаў – каб зразумець як дронты рухаліся ці жылі – найлепшым быў бы шкілет з костак менавіта адной птушкі.
І тут “на сцэне” з’яўляецца маўрыкійскі цырульнік і натураліст-аматар Луі Эцьен Цірыо (Louis Etienne Thirioux).
На прыканцы ХІХ стагоддзя ён амаль увесь свой вольны час праводзіў у пошуках прыродных каштоўнасцяў вострава і ў чытанні адпаведных біялагічных кніг. Сярод самых каштоўных яго знаходак былі менавіта косткі дронтаў, узрост якіх, як аказалася потым, не перавышаў 1300 гадоў.
Цірыо не сумняваўся, што гэтыя яго знаходкі вельмі важныя. Ён прапанаваў купіць іх таму самаму Альфрэду Ньютану, які яшчэ працаваў у Кембрыджы 40 гадоў пасля таго, як яго апярэдзіў з дронтавымі парэшткамі Оўэн. Аднак Ньютана дронт ужо не цікавіў – ён прапанаваў натуралісту-аматару смешную суму за яго калекцыю - £20.
Расчараваны і падмануты ў сваіх чаканнях Цірыо больш не прапаноўваў сваю калекцыю нікому і так і памёр яе ўладальнікам. Дзякуючы гэтаму, адзін са шкілетаў з яго калекцыі сёння экспануецца ў музеі горада Port Louis на Маўрыкіі. Другі ж трапіў у Паўднёвую Афрыку і цяпер знаходзіцца ў Durban Natural Science Museum (ПАР).
Дронтаманія ХІХ стагоддзя даўно прайшла. І цяпер на змену ёй прыйшла сучасная палеобіялогія, якая можа прымяніць зусім іншыя метады да вывучэння старых парэштак.
Новая рэканструкцыя аднаго са шкілетаў дронта з калецыі Thirioux (аўтар - L. Claessens)
Сённяшнія навукоўцы пачалі даследаваць абодва шкілеты з калекцыі Цірыо і дзякуючы дэталёваму параўнанню іх структуры, памераў і колеру костак пацвердзілі, што натураліст-аматар змог знайсці амаль камплектныя шкілеты двух дронтаў!
Найбольшую каштоўнасць ім надае тое, што на сёння ў Свеце засталіся толькі гэтыя два шкілеты, якія не сабраныя з костак розных птушак. На першы погляд, яны не вельмі адрозніваюцца ад шкілету, сабранага раней Оўэнам. Аднак аказалася, што ў іх ёсць невялікія косткі ног і крылаў, якія адсутнічаюць у кампазітных шкілетаў і якія дапамагаюць лепш зразумець як маглі рухацца жывыя дронты.
З часам знакамітае балота Mare aux Songes, некалі поўнае костак дронтаў яшчэ ў 1860-я гады, знікла з памяці мясцовых людзей. Яго месцазнаходжанне было перадкрыта толькі ў 2005 годзе. За два наступныя пасля перадкрыцця балота гады Х’юм, Рыйсдійк і іх калегі сістэматычна перакапалі яго ў пошуках рэштак дронтаў. Аднак аказалася, што ў балоце шмат костак і іншых жывёл – перадусім гіганцкіх чарапах. І хаця было знойдзена і шмат костак дронтаў, гэта былі пераважна вялікія косткі ног. І ніводнага камплектнага шкілета…
Аднак навукоўцы і пасля гэтага не страцілі надзеі знайсці больш парэшткаў дронта на востраве.
Застаецца загадкай, дзе менавіта Цірыо знайшоў камплектныя шкілеты для сваёй калекцыі. Клэссенс і Хьюм перачыталі ўсе захаваныя запісы Цірыо і яго карэспандэнцыю, але так і не знайшлі ніводнай згадкі пра гэта.
Калі гэтае месца не будзе аднойдзена, можна будзе сказаць, што мы страцілі дронта ў трэці раз.
"У мяне шмат аптымізму наконт таго, што аднойчы мы зможам знайсці месца, дзе Цірыо выкапаў шкілеты. Аднак гэта не будзе лёгка зрабіць” – сказаў Классенс.
Паводле www.bbc.com (тэкст і ілюстрацыі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Шкілет дронта ў лістападзе можна будзе набыць на аўкцыёне!
Загадкавы “ліверпульскі голуб” аказаўся крэўным дронта
Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак
Бліжэйшыя крэўныя ківі знойдзены на… Мадагаскары
АПОШНЯЯ НАДЗЕЯ ДЛЯ КУЗЭНА ДРОНТА
Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ