Шкілет дронта ў лістападзе можна будзе набыць на аўкцыёне!

Амаль камплетны шкілет маўрыкійскага дронта (Raphus cucullatus) – віда, які стаў іконай знікнення відаў па віне чалавека –неўзабаве трапіць на аўкцыён ўпершыню за сто гадоў.

Summers Place Auctions - брытанскі аўкцыйны дом, які спецыялізуецца на продажах рэдкіх прыродных экспанатаў, анансаваў адмысловы лот. Ім стаў на 95% камплектны кампазітны (складзены з костак не ад адной птушкі) шкілет дронта. Такія экспанаты не з’яўляліся ў продажы з пачатку мінулага стагоддзя. Гэты лот будзе, напэўна, самым цікавым пад час правядзення аўкцыёну пад назвай “Тhe fourth Evolution sale” сёлета 22 лістапада.  
З-за вялікай рэдкасці падобных экспанатаў, арганізатары аўкцыёну вераць, што ён паб’е многія рэкорды па атрыманай пад час продажу суме. Існуе толькі адзін поўны шкілет гэтага віду, які складаецца цалкам з костак адной птушкі. Усе іншыя, якіх вядома не так шмат: у Музеі натуральнай гісторыі (Лондан), Музеі заалогіі (Кембрыдж), Музеі прыродных навук (Дурбан), Музеі Naturalis (Лейдэн), Музеі Натуральнай гісторыі ў Парыжы і Сміфсанаўскім музеі ў Вашынгтане – ёсць кампазітнымі (сабранымі з костак розных асобін).
Эррол Фулер (Errol Fuller), куратар аўкцыйнага дому Summers Place, вядомы мастак і аўтар некалькіх кніг пра зніклых птушак, сказаў: "Калі мы шукалі месца, дзе можна было б зрабіць ілюстрацыі шкілету дронта для адной з маіх кніг пра вымерлых птушак, стала зразумелым, што большасць музeяў набылі свае экзэмпляры даволі даўно і з пачатку ХХ стагодззя невядома выпадкаў збору поўнага шкілету гэтага віду. Калі Summers Place Auctions абвесціў пра магчымасць набыць такі невядомы шкілет, можаце ўявіць маё захапленне!”
 

Шкілет, які цяпер можна будзе набыць, паходзіць з прыватнай калекцыі. Яго ўладальнік шмат гадоў купляў розныя косткі дронта непасрэдна ад іншых калекцыянераў і на аўкцыёнах. Ён пачаў збіраць іх у 1970-я і большасць костак набыў тады і ў 1980-я гады. Толькі ў пачатку 2000-х ён зразумеў, што мае камплект  (без невялікай часткі костак чэрапу і аднаго камплекту кіпцюроў, якія былі зробленыя з іншых матэрыялаў) і паступова сабраў шкілет.
Вельмі малаімаверна, што нешта нават аддалена падобнае па камплектнасці паступіць на продаж ізноў. Справа ў тым, што ўсе новыя магчымыя знаходкі асобных костак ці частак шкілетаў дронтаў, якія збольшага паходзілі яшчэ з пачатку ХІХ стагоддзя з аднаго месца - знакамітага балота Mare aux Songes – не могуць легальна прадавацца, бо урад Маўрыкія цалкам забараніў продаж костак дронтаў.

Маўрыкійскі дронт – адзін з двух нелятаючых відаў атраду Голубепадобныя, якія ў гістарычны час жылі на Маўрыкіі і на суседнім востраве Радрыгес. Упершыню ўбачаны еўрапейцамі (галандзкімі маракамі) ў верасні 1598 г., ужо праз 70 гадоў быў цалкам вынішчаны чалавекам. Пра існаванне блізкага віду – дронта з вострава Радрыгес, які таксама хутка пасля адкрыцця знік – вядома яшчэ менш.  

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак: Summers Place Auctions.

 

На гэтую тэму:

Рэкордны кошт рэкорднай кнігі

Загадкавы “ліверпульскі голуб” аказаўся крэўным дронта

З дапамогай генетыкаў знайшлі крэўных вандроўнага голуба

Зубадзюбы голуб з Самоа адзначаны ўпершыню за дзесяцігоддзе

АПОШНЯЯ НАДЗЕЯ ДЛЯ КУЗЭНА ДРОНТА

Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

Бліжэйшыя крэўныя ківі знойдзены на… Мадагаскары

 

Comments