З дапамогай генетыкаў знайшлі крэўных вандроўнага голуба

Філагенетычнае дрэва ўсіх Голубепадобных было ўзноўлена як вынік вялікай працы па параўнанні ДНК ўсіх вымерлых і сёння існуючых відаў гэтага атраду, для якіх атрымалася знайсці адпаведны генетычны матэрыял.
Як дадатковы вынік атрымалася вызначыць дакладнае становішча вандроўнага голуба ў сямействе галубоў і туркавак дзякуючы ДНК, атрыманаму з музейных экспанатаў гэтага вынішчанага людзьмі віду.


Артыкул з вынікамі даследавання з’явіўся ў часопісе Molecular Phylogenetics and Evolution. Аказалася, што вандроўны голуб (Ectopistes migratorius) найбліжэй звязаны з іншымі відамі галубоў з Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, а не з меншай памерамі ранішняй туркаўкай (Zenaida macroura), як лічылі раней.
Каб знайсці дакладнае месца розных відаў на дрэве птушак, Кэвін Джонсан (Kevin Johnson), арнітолаг з Illinois Natural History Survey і University of Illinois, і яго калегі параўналі нуклеатыдную паслядоўнасць двух мітахандрыяльных генаў ад 78 відаў галубоў і туркавак з усяго Свету. 
Найбліжэйшым крэўным вандроўнага голуба аказаўся паласатахвосты голуб (Columba fasciata), які распаўсюджаны ў лясах гор на захадзе амерыканскага кантыненту. Аднак дзякуючы параўнальна даўняму аддзяленню і набытым за гэты час адрозненням, вандроўны голуб атрымаў ўласны род - Ectopistes.
Надзвычай інтэнсіўнае паляванне і знішчэнне лясоў у ХІХ ст. прывяло да знікнення вандроўнага галуба як віда, хаця ў Паводле сучасных разлікаў навукоўцаў, яшчэ да сярэдзіны ХІХ стагоддзя кожная трэцяя дзікая птушка ў Паўночнай Амерыцы была вандроўным голубам і від мог лічыцца самай шматлікай птушкай на Зямлі. Апошні вандроўны голуб памёр 1 верасня 1914 г. ў заапарку г.Цынцынацці. 
 

Здымак апошняга вандроўнага голуба - галубкі Марты, зроблены ў 1912 годзе. З кнігі Hornaday W. T. Our Vanishing Wild Life. Its Extermination and Preservation. 1913. www.gutenberg.org

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments