На аўкцыёне Sotheby`s у Лондане за £ 7 321 250 ($11 542 683) была прададзеная самая дарагая кніга ў Свеце – “Птушкі Амерыкі” Джона Джэймса Ад’юбона (Birds of America by John James Audubon).
Чаму ж гэтая кніга лічыцца не толькі сапраўдным брыліянтам у любой калекцыі рарытэтаў, але і не дасягнутым да сёння ўзроўнем друкаванага выдання?
Справа ў тым, што арыгінальная вялікая версія кнігі мае вялізарныя памеры: 100 на 67 см, каб дазволіць аўтару і мастаку змясціць у ёй 435 уручную размаляваныя выявы птушак натуральнага памеру. Нават для нашага часу малюнкі падаюцца нерэальна яркімі і дэталёвымі, ўявіце, як рэагавалі на гэтую кнігу людзі першай паловы XIX стагоддзя, калі выданне з’явілася ў продажы ў 1830-я гады. "Ад’юбон быў не толькі вялікім мастаком, але і выдатным натуралістам, які хацеў зрабіць поўнае апісанне ўсіх птушак тагачаснай Амерыкі” – сказаў Лі Вэдэр (Lee Vedder), аўтар кнігі пра мастацтва мастака ў адлюстраванні птушак.
"Гэта заняло вельмі шмат часу, аднак вынікі былі нечаканыя – ён дасягнуў аднаго з найвышэйшых узроўняў у адлюстраванні птушак”.
Ад’юбон, народжаны на Гаіці, патраціў больш за дзесяцігоддзе, малюючы птушак і складаючы слоўнае апісанне для сваёй кнігі. "Ён стараўся ўбачыць не толькі ўсіх птушак, але і адзначаць іх месцы пражывання. На малюнках ён змог паказаць эмоцыі і рухі, іх месцы гнездавання і харчавання. Гэта тое самае, як бы мы назіралі за птушкамі ў прыродзе”.
На многіх ілюстрацыях ён адлюстроўваў не толькі месца, дзе ён назіраў птушак, але і дакладную расліннасць, на якой гэты від харчуецца, або дрэвы, на якіх гняздуе.
Сёння імя Ад’юбона ўспрымаецца выключна як сымбаль аховы прыроды, аднак тагачасныя метады вывучэння птушак, якімі ён карыстаўся, сёння не выклікалі б нічога, акрамя асуджэння.
"Ён быў адным з самых добрых паляўнічых. Усіх птушак, адлюстраваных у кнізе, ён забіў са свайго ружжа” – працягвае сп-р Вэдэр. "Каб дакладна намаляваць іх, потым ён падвешваў птушак на адмысловы крук”.
Цікава, што яго метады фінансавання сваёй шматгадовай працы шмат у чым нагадваюць сучасныя, бо мастак знайшоў шмат спонсараў, дзякуючы якім праца і рухалася наперад.
Калі грошы ад акадэмічных амерыканскіх інстытуцый скончыліся, ён адправіўся ў падарожжа ў Еўропу, дзе атрымаў шмат будучых падпісчыкаў, паказваючы ўжо зробленыя акварэлі з выявамі птушак і праводзячы “прэзентацыі” у вопратцы са скуры грызлі. Гэта дадавала своеасаблівага каларыту да таго, што ён распавядаў.
Аднак вялікі мастак і натураліст падарожнічаў па Старому кантыненту не толькі каб сабраць неабходную колькасць грошай. Ад’юбон таксама правяраў розныя выдавецтвы – спачатку ў Эдынбургу, а потым у Лондане, каб дасягнуць таго ўзроўню друку, які здзіўляе ўсіх і сёння.
здымак з аўкцыёну www.birdlife.org
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Sotheby's выставляет на торги самую дорогую книгу в мире...... и она о птицах!!!!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ