Бліжэйшыя крэўныя ківі знойдзены на… Мадагаскары

 Адзін з самых вядомых сымбаляў Новай Зеландыі – птушкі ківі (Apterygiformes), аказаліся насуперак ранейшым даследаванням найбліжэй звязаныя не з аўстралійскім эму, а з эпіорнісам (Aepyornis maximus), або сланоўяй птушкай з Мадагаскару, якая вымерла ўжо ў гістарычны час.

Навукоўцы з Цэнтру даследаванняў старажытных ДНК універсітэту Адэлаіды (Аўстралія) знайшлі, што не гледзячы на вялікія геаграфічныя адлегласці і значныя адрозненні ў памерах і марфалагічных асаблівасцях, ківі найбліжэй звязаныя з эпіорнісамi, якія дасягалі 3 м вышыні і важылі да 275 кг. Не менш цікава, што іх бліжэйшыя продкі былі здольныя да палёту. 

Гэтае адкрыццё дапамагае адказаць на адну з загадак эвалюцыйнага паходжання безкілевых птушак вялікіх памераў: ад эпіорніса да эму, якія некалі параўнальна раўнамерна насялялі Паўднёвае паўшар’е. Доўгі час думалі, што да гэтага прывяла ізаляцыя кантынентаў і астравоў Паўднёвага паўшар’я на працягу апошніх 130 мільёнаў гадоў. 

"Гэты вынік атрымаўся зусім нечаканым і для нас”-сказаў Кіэрэн Мітчэл (Kieren Mitchell), аспірант ACAD, які прадстаўляў вынікі работы. "Новая Зеландыя і Мадагаскар некалі на вялікай адлегласці былі звязаныя паміж сабой толькі Антарктыдай і Аўстраліяй. Таму атрыманыя намі дадзеныя сведчаць пра тое, што продкі бязкілевых птушак былі вымушаныя распаўсюдзіцца па свету дзякуючы палёту”. 

Атрыманыя вынікі папраўляюць канцэпцыю праф. Элана Купера (рrof. Alan Cooper) дырэктара ACAD, якую ён стварыў у 1990-я гг таксама на аснове генетычных даследаванняў, што бліжэйшымі крэўнымі ківі ёсць аўстралійскія эму і казуары.  

Каманда навукоўцаў змагла выкарыстаць ДНК эпіорніса, каб ацаніць калі безкілевыя птушкі аддзяліліся адна ад адной.  "Дадзеныя сведчаць пра тое, што лятаючыя продкі гэтай групы распаўсюдзіліся па Зямлі хутка пасля таго, як масава вымерлі дыназаўры і перад тым, як млекакормячыя драматычна павялічыліся ў памерах і сталі дамінуючай групай у многіх экасістэмах” – сказаў праф. Купер. 

"Мы думаем, што бязкілевыя птушкі выкарысталі гэтае параўнальна вузкае акно магчымасцяў каб стаць вялікімі па памерах раслінаеднымі жывёламі, аднак пасля таго, як звяры таксама сталі вялікімі і сталі харчавацца расліннай ежай – прыкладна 50 мільёнаў гадоў таму – ніводны іншы від птушак не змог больш заняць падобную нішу, за выключэннем птушак на вольных ад звяроў астравах – такіх, як дронт”. 

"Цяпер зразумела, чаму эвалюцыйная гісторыя бязкілевых птушак была такой цяжкай праблемай для вырашэння” – сказаў адзін з сааўтараў даследавання праф. Майк Лі (рrof. Mike Lee) з Музею Паўднёвай Аўстраліі і універсітэту Адэлаіды. "Многія з гэтых відаў канвергіравалі ў істот з падобнымі параметрамі будовы цела, што абцяжарвала аналізаванне іх філагенетычнай гісторыі”. 

Яшчэ адным пацверджаннем тэорыі распаўсюджання продкаў безкілевых з’явілася нядаўная знаходка невялікіх па памерах продкаў ківі, якія мелі магчымасць лятаць. “Генетычныя вынікі гэтай знаходкі могуць быць інтэрпрэтаваныя такім чынам, што продкі сённяшніх ківі з’явіліся на астравах Новай Зеландыі здольнымі да палёту” –сказаў яшчэ адзін сааўтар публікацыі ў часопісе Science д-р Трэвар Уорфі (Dr Trevor Worthy) з універсітэту Flinders.

Параўнальна невялікія да іншых безкілевых птушак памеры ківі і іх начны лад жыцця даследчыкі тлумачаць, галоўным чынам, канкурэнцыяй з боку моа –таксама раслінаедных нелятаючых птушак, якіх людзі вынішчылі ўжо ў гістарычны час.  

Паводле www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі  Малюнак аднаго з відаў ківі з www.imgur.com

 

На гэтую тэму:

Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі

Вызначаныя ўсё віды моа  

МОА. Апошнія птушкі-гіганты.

Колер апярэння моа можна будзе аднавіць па структуры іх ДНК

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

 

КАЛІ КАЛІБРЫ АПЫНУЛІСЯ Ў АМЕРЫЦЫ І ШТО З ГЭТАГА АТРЫМАЛАСЯ