Апошняя надзея для кузэна дронта

Эндэмік Самоа зубадзюбы голуб Tooth-billed Pigeon (Didunculus strigirostris) - адзін з найбольш блізкіх да вымерлага дронта сучасны від птушак – хутчэй за ўсё таксама знік. Адмыслова арганізаваная на яго пошукі экспедыцыя не змагла адзначыць ніводнай птушкі.

Каманда навукоўцаў, якая прыбыла на Самоа, мела надзею ўбачыць гэтага невялікага, даўжынёй каля 30 см і з незвычайнай для Галубіных дзюбай (наддзюб’е масіўнае і загнута на канцы, а паддзюб’е мае два завостраныя і зубападобныя выступы, якія заходзяць на наддзюб’е) у лясах на высокагор’ях Savai'i пад час хуткай аценкі тэрыторыі.

На жаль, даследчыкі не адзначылі нават ніякіх слядоў гэтых птушках, якіх мясцовыя жыхары называюць manumea , на гары Mt Silisili, дзе лясы знаходзяцца амаль у некранутым стане. Гэта стала вялікім расчараваннем, бо дагэтуль лічылася, што першабытныя высакагорныя лясы ў гэтай мясцовасці падтрымліваюць як мінімум невялікую папуляцыю гэтых галубоў. Агульная колькасць віду ашацоўвалася ў прыкладна 250 птушак, аднак цяпер выглядае, што яна можа быць значна меншаю, калі від яшчэ ўвогуле існуе.

Вельмі хуткае знікненне віду, колькасць якога яшчэ на прыканцы 1980-х гадоў магла налічваць нават 4800 птушак, адбылося з-за слаба кантраляванай і маштабнай высечкі лясоў пад сельскагаспадарчыя палеткі. Становішча значна пагоршылася ў выніку некалькіх моцных трапічных цыклонаў і ў выніку плошча перашбытных лясоў на востраве зменшылася на 75 %. Да гэтага дадалося распаўсюджанне дрэваў-інтрадуцэнтаў і нерэгулюемы выпас быдла.

Хаця паляванне на галубоў было па-за законам, яно таксама магло спрычыніцца да знікнення віду. Зубадзюбы голуб спецыялізаваўся на спажыванні пладоў мясцовых эндэмічных відаў ружовага дрэва з роду Dysoxylum.

Зубадзюбы голуб з Самоа, нікабарскі (Caloenas nicobarica) і віктарыянскі венцэносны галубы (Goura victoria) разам з найбольш блізкімі да іх і зніклымі дронтам додо і дронтам з вострава Радрыгес (Pezophaps solitaria) утвараюць асобную і ўнікальную галіну атраду Галубепадобных, прадстаўнікі якой утварыліся і былі распаўсюджаныя толькі на асобных астравах.

Цяпер нікабарскі голуб мае статус “блізкі да пагражаемага” (Near-threatened), а венцаносны голуб - “Уразьлівы” (Vulnerable).

Некаторыя навукоўцы застаюцца аптымістамі і кажуць пра захаванне невялікай – да 200 птушак – папуляцыі зубадзюбых галубоў на Самоа. Аднак гэтыя аценкі засноўваюцца на назіраннях птушак, зробленых мясцовымі жыхарамі і турыстамі без падмацавання здымкамі або відэа.

Тэрмінова распрацаваны і прыняты план па вяртанні віду дае надзею на тое, што вiд яшчэ будзе аднойдзены. Аднак шанцы на гэта вельмі невялікія.

 Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by   

Малюнак з www.internationaldovesociety.com  (зьлева маладая, зправа – дарослая птушка)  

На гэтую тэму:

 

Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

 

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення

 

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?