Два сталі адным: як дзве лініі крумкачоў некалі аб’ядналіся ў адзін від

крумкач

Пасля прыкладна двух мільёнаў гадоў асобнай эвалюцыі, дзве лініі крумкачоў (Corvus corax) зноў аб’ядналіся праз гібрыдызацыю ў адзіны від - нечаканы тып відаўтварэння для птушак.

Відаўтварэнне, калі адзін від утварае два ці больш новых, добра вядомая канцэпцыя, упершыню падрабязна разгледжаная яшчэ Чарльзам Дарвінам. Аднак даследаванне, якое праводзілася амаль 20 апошніх гадоў, паказала іншую магчымасць відаўтварэння, калі з двух відаў утвараецца адзін. Хаця адзінкавы падобны выпадак для птушак быў вядомы раней, даказаць такі тып відаўтварэння даволі складана. Раней ён атрымаў назву “страта відавых асаблівасцяў” (despeciation), але ў новай публікацыі навукоўцы выкарыстоўваюць іншы тэрмін – “адваротнае відаўтварэнне” (speciation reversal).

Новае адкрыццё ставіць пытанні пра сапраўдныя межы паміж відамі і ці сапраўды яны існуюць ва ўсіх выпадках?

“Мы можам сцвярджаць, што адваротнае відаўтварэнне – натуральны працэс эвалюцыі і, магчыма, адбываўся ў сотнях, а можа і ў тысячах выпадкаў у розных групах жывёл па ўсёй планеце” – сказаў Кевін Омланд (Kevin Omland), прафесар універсітэту Мэрылэнда ў Балтыморы (ЗША) і адзін з аўтараў публікацыі. “Адна з нашых галоўных мэтаў – усвядоміць многім, што такое відаўтварэнне таксама магчыма”.

Омланд пачаў вывучаць крумкачоў 20 гадоў таму пасля таго, як яму ўпершыню прыйшла ў галаву думка, што магчыма два віды крумкачоў некалі ўтварылі адзін. Такім чынам атрымалася даказаць існаванне двух параўнальна асобных ліній крумкачоў: адна збольшага распаўсюджана на паўднёвым захадзе ЗША і атрымала назву “каліфарнійскай”, другая ж распаўсюджана амаль па ўсяму Паўночнаму паўшар’ю і была названа “галарктычнай”.

Комплексны генетычны аналіз 400 крумкачоў з усяго арэалу паказаў, што птушкі абодвух ліній адасобіліся адна ад адной прыкладна 1,5 мільёна гадоў таму, аднак параўнальна нядаўна – дзесяткі тысяч гадоў таму - пачалі скрыжоўвацца паміж сабой і утвараць плодныя гібрыды. Цяпер крумкачы з абодвух папуляцый утвараюць т. зв. “чыстую” галартычную групу і птушак, якія ёсць патомкамі гібрыдаў двух арыгнінальных сыходных ліній (“чыстая” каліфарнійская лінія больш не існуе).

“Генетычныя дадзеныя паказалі адзін з самых добра ўдакументаваных прыкладаў адваротнага відаўтварэння да гэтага двух глыбока іншых ліній” – сказаў Эрыд Джонсен (Arild Johnsen), прафесар універсітэту Осла (Нарвегія) і адзін з аўтараў публікацыі. “Найбольшае пытанне ў тым - да якой ступені мы можам адсачыць падобны працэс”.

Параўнанне мітахандрыяльных ДНК гібрыдаў і галарктычных крумкачоў паказала, што яны адрозніваюцца на пр. 4%, а такі ўзровень адрозненняў як мінімум двойчы пераўзыходзіць “нармальны” паміж двума блізкімі відамі птушак.

Негледзячы на тое, што знойдзеныя генетычныя адрозненні параўнальна вялікія, птушкі абодвух папуляцый выглядаюць знешне вельмі падобна. Акрамя таго, яны маюць падобныя паводзіны і галасы. Але гэта не выключае таго, што перад пачаткам гібрыдызацыі яны маглі выглядаць інакш.

У супрацьлегласць гэтаму, генетычныя параўнанні пацвердзілі існаванне рэпрадуктыўнай ізаляцыі паміж звычайнымі крумкачамі абодвух папуляцый і чыхуанхуанскімі крумкачамі Chihuahuan Ravens (C. cryptoleucus), нягледзячы на тое, што гэты від адгалінаваўся ад каліфарнійскіх крумкачоў і мае параўнальна сімпатрычны арэал з імі (абодва віды сустракаюцца ў значанай ступені на той самай тэрыторыі). Навукоўцы не могуць растлумачыць чаму так адбылося.

Каб ацаніць магчымую ролю дзеянняў чалавека ў гібрыдызацыі крумкачоў, даследчыкі цяпер вывучаюць і параўноўваюць генетычны матэрыял з музейных скурак крумкачоў, здабытых да пачатку мінулага стагоддзя каб паглядзець ці не павялічыўся ўзровень гібрыдызацыі за апошнія сто год. Аднак у публікацыі яны пішуць, што хутчэй за ўсё чалавек ніяк не мог уздзейнічаць на гэты працэс тысячы год таму.

Крыніца:

Kearns A.M. et al. Genomic evidence of speciation reversal in ravens. Nature Communications: 9, Article number: 906 (2018) doi:10.1038/s41467-018-03294-w

Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Параўнальная генетыка крумкачовых – новы этап

Нечаканае адкрыццё: з некалькіх відаў птушак утварыўся адзін

Як навукоўцы сталі сведкамі ўзнікнення новага віду “дарвінаўскага” ўюрка

УСЕ ЧАЧОТКІ – АДЗІНЫ ВІД?

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

Знойдзена міжвідавая мімікрыя сярод дзятлаў

НОВЫ ВІД ПТУШАК, ЯКІ МІМІКРЫРУЕ ПАД ЎЖО ВЯДОМЫ, АПІСАНЫ Ў БРАЗІЛІІ

ЭНДЭМІЧНАЯ ПЛІСКА І СВІРСТУН ВЫГЛЯДАЮЦЬ НЕПАДОБНА ДА СВАІХ КРЭЎНЫХ