Паводле апошняга даследавання, праведзенага спецыялістамі з Каралеўскага таварыства абароны птушак RSPB і іншых арганізацый, крумкачы не вінаватыя ў значным зніжэнні колькасці розных відаў кулікоў, якое было адзначана шмат дзе ў Злучаным каралеўстве.
Крумкачa часта разглядаюць як ўніверсальнага драпежніка, які з’яўляецца праблемай для кулікоў, якія гняздуюць у розных біятопах, бо з’ядае іх кладкі і птушанят. Аднак даследчыкі з RSPB і Абердынскага ўніверсітэту (University of Aberdeen's Centre for Environmental Sustainability (ACES)) не змаглі знайсці доказаў на тое, што менавіта крумкачы стаяць за зніжэннем колькасці кулікоў.
У Вялікабрытаніі гняздуе шмат кулікоў: кнігаўкі, вялікія кіркуны, залацістыя сеўкі, бакасы і вялікія кулёны. За апошнія 25 год іх папуляцыі зменшыліся прыкладна на палову, тады як у гэты ж час крумкачы вярнуліся ў многія раёны краіны.
Такія простыя высновы аб сувязі дзвюх падзей прывялі да таго, што некаторыя ўладальнікі зямлі сталі прасіць ліцэнзіі на адстрэл крумкачоў. У выніку арганізацыя Шатландзкая прыродная спадчына (Scottish Natural Heritage (SNH)) знайшла грошы на праект па даследаванню гэтай праблемы.
Артыкул з вынікамі даследаванняў быў апублікаваны ў Journal of Applied Ecology і аснаваны на параўнанні дадзеных па распаўсюджанні крумкача і некалькіх відаў кулікоў за апошнія 20 год з некалькіх пробных паверхняў агульнай плошчай больш чым 1700 кв км. .
Атрымалася, што крумкачы тэарэтычна могуць адказваць за зніжэнне папуляцый кулікоў толькі ў вельмі нязначнай ступені. Значна большае негатыўнае ўздзеянне аказалі змены ў месцах гнездавання кулікоў і агульны рост колькасці іншых драпежнікаў – у першую чаргу лісы.
Пад час параўнання дадзеных атрымалася знайсці невялікую пазітыўную карэляцыю паміж павелічэннем колькасці крумкачоў і змяншэннем папуляцый кнігавак і вялікіх кулікоў. Аднак і гэта патрабуе больш дакладных даследаванняў.
Д-р Арджан Амар (Dr Arjun Amar), старэйшы навуковы супрацоўнік RSPB і адзін з аўтараў публікацыі, сказаў: "За апошнія 20 год крумкачы вярнуліся ў шмат якія раёны свайго папярэдняга распаўсюджання. І хаця многія людзі і арганізацыі разглядаюць гэты працэс як пазітыўны, некаторыя ўладальнікі земляў лічаць крумкачоў адказнымі за змяншэнне паляўнічых відаў і хочуць мець легальную магчымасць іх адстрэлу. Гэта можа прывесці да канфліктаў з прыродаахоўнымі арганізацыямі"
“Мы спадзяемся, што новае даследаванне дапаможа арганізацыям, адказным за выдачу ліцэнзій на рэгуляцыю драпежнікаў падыходзіць да гэтага больш узважана і на аснове навуковых дадзеных.”
Праф. Стыў Рэдпаф (Professor Steve Redpath), дырэктар ACES, сказаў: "Мы павінны як мага хутчэй зразумець сапраўдныя прычыны драматычнага змяншэння папуляцыі многіх відаў кулікоў, якія адбываюцца ў розных частках Вялікабрытаніі. Часта менавіта драпежнікаў лічаць адказнымі за гэта, але цяпер атрымалася паказаць, што гэта далёка не заўсёды праўда.“
Здымак крумкача Дзьмітрыя Якубовіча.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ