Вялікі кулён з Польшчы вясной праляцеў праз усю Беларусь

Дзякуючы выкарыстанню сучасных тэхналогій для вывучэння міграцый і іншых бакоў жыцця птушак, мы можам даведацца пра тое, што з дапамогай больш традыцыйных метадаў проста немагчыма. Часам гэта звесткі пра новыя для Беларусі ці віды, якія маюць статус рэдкіх залётных для нашай краіны, а часам дэталёвая інфармацыя пра перамяшчэнні і месцы адпачынку рэдкіх гняздуючых відаў - такіх, як вялікі кулён (Numenius arquata).

У рамах праекту прыродаахоўнага таварыства "Bocian" “Рэалізацыя плана аховы вялікага кулёна ў Польшчы – Першы этап” (Realizacja Krajowego Planu Ochrony Kulika Wielkiego - etap I) на балоце Візна (Wizna) ва Усходняй Польшчы у ліпені 2017 г. быў адлоўлены вялікі кулён другога календарнага году жыцця і атрымаў пластыкавы сцяжок з нумарам J35. І наўрацці б навукоўцы змаглі б даведацца шмат пра перамяшчэнні гэтай птушкі, - хаця пластыкавыя каляровыя кольцы і сцяжкі дапамагаюць павялічыць колькасць назіранняў пазначаных падобнымі прыладамі птушак, каб не шчаслівы выпадак: у маі 2018 г. даследчыкі з універсітэту La Rochelle (Францыя) таксама злавілі гэтага ж куліка на месцы яго зімоўкі. Каб мець магчымасць прасачыць яго далейшыя вандроўкі, кулён атрымаў лоджэр GPS-UHF, які запісвае дакладныя каардынаты месцазнаходжання птушкі, але не перадае іх на спадарожнік, бо не мае адпаведнай функцыі.

Дадзеныя з лоджэра могуць быць атрыманыя толькі тады, калі ён будзе недалёка ад спецыяльнай стацыянарнай “базы”. Так і атрымалася ў гэтым выпадку – вялікі кулён J35 нядаўна вярнуўся на тое ж месца зімоўкі на захадзе Францыі, што і ў 2018 годзе.

мапа

Аказалася, што за мінулы год ён амаль два тыдні красавіка правёў у Беларусі, куды заляцеў з Літвы і праляцеў праз Лідчыну, Міншчыну і Віцебшчыну амаль да нашай усходняй мяжы са Смаленскай вобласцю Расіі, потым, ізноў праз Літву, на прыканцы красавіка праз Гарадзеншчыну вярнуўся ва Усходнюю Польшчу, дзе і правёў большасць часу на розных балотах да адлёту на зімоўку ў Францыю.

Кулён яўна яшчэ не гнездаваў, і, хутчэй за ўсё, шукаў патэнцыйныя месцы гнездавання далёка на усход ад месца магчымага нараджэння. Падобныя паводзіны, якія можна інтэрпрэтаваць такім жа чынам, вядомыя і для неполаваспелых асобін іншых відаў птушак.

Паводле www.ochronakulika.pl (тэкст і здымак з мапай) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?

Самыя рэдкія гусі Еўропы праляцелі над Беларуссю на зімоўку ў Грэцыю

Першы ўдакументаваны залёт арла-магільніка ў Беларусь

Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!