Што робіць беларускі поплаўны лунь у Даніі?

Учора ўвечары я атрымаў незвычайны падарунак. Мой галандскі сябар і калега Бен Кокс (Ben Koks) пераслаў мне здымак самкі поплаўнага луня (Circus pygargus), зроблены 15 мая ў Даніі. На здымку на назе птушкі бачнае чорнае пластыкавае кальцо і на ім белы надпіс: А4.

Менавіта галандзкія калегі з Рабочай групы па поплаўнаму луню Stichting Werkgroep Grauwe Kiekendief ( www.werkgroepgrauwekiekendief.nl ) прапанавалі нам такую каляровую схему пластыкавых кольцаў, бясплатна вырабілі і прывезлі іх у 2007 годзе і таму адразу ведалі да каго звяртацца ў справе здымка.

Так выглядаюць пакуль не выкарыстаныя пластыкавыя кольцы для поплаўных лунёў з Беларусі. Здымак аўтара.

А так - пластыкавае кальцо на назе ў маладога луня. Здымак аўтара

Не трацячы часу я дастаў з шуфляды свае палявыя дзённікі за апошнія гады і стаў шукаць дзе і калі мы акальцавалі гэтую птушку.
Аказалася, што гэтая самка поплаўнага луня была злапаная намі як дарослая птушка каля поля збожжа, дзе яна гнездавала, 17 ліпеня 2008 г.! Праз 5 дзён мы злапалі і таксама пазначылі каляровым пластыкавым кальцом і яе самца, які атрымаў нумар А5. Гэтая пара паспяхова вывела ў той год птушанят, але больш мы гэтых птушак не бачылі.

Аўтар артыкулу з самкай поплаўнага луня А4 пасля кальцавання. здымак Юрыя Лукашэнкі

Самка А4 вольная! Здымак Жоржа Гулеўскага
На тым самым поле каля в.Пачобуты (Бераставіцкі раён Гарадзеншчыны) паспяхова гнездавала яшчэ адна пара лунёў, а на суседнім – яшчэ некалькі.

Поле азімых зерневых, на якім гнездавала самка А4 у 2008 годзе. Здымак аўтара.

Па прамой адлегласць ад месца, дзе быў зроблены здымак – гэта мясцовасць Vesterende Ballum, Tønder, Syddanmark на ўзбярэжжы Паўночнага мора - да месца гнездавання самкі А4 ў 2008 годзе ў Беларусі – 1005 км!

Дакладную адлегласць атрымалася памераць дзякуючы GoogleEarth

Самка А4 над Даніяй. Здымак Aage Matthiesen

Наколькі нам вядома, дагэтуль нашы самкі поплаўных лунёў гнездавалі на адлегласці ад некалькіх дзесяткаў да прыкладна 200 км ад папярэдніх месцаў у розныя гады, але былі патрыёткамі і пакуль што заўсёды заставаліся ў нашай краіне.
Акрамя таго нам вядома, што нашы луні ніколі раней не былі адзначаны над Даніяй пад час міграцыі, бо гэтая краіна ляжыць даволі далёка на паўночны захад ад вядомых нам машрутаў міграцый праз Украіну, Румынію і Грэцыю увосень і Мальту, Італію, краіны б.Югаславіі, Румынію і Ўкраіну альбо Польшчу вясною.
Па інфармацыі, атрыманай ад Мікеле Лаўстэна (Mikkel Lausten), супрацоўніка Данскага цэнтру кальцавання птушак  пры заалагічным музеі ўніверсітэта Капенгагена (Ringmærkningscentralen Zoologisk Museum Københavns Universitet) менавіта ў гэтай частцы Даніі гняздуецца  асноўная папуляцыя поплаўных луней у гэтай краіне. Таму будзе надзвычай цікава даведацца што менавіта робіць там наша самка А4.

Поплаўныя луні – невялікія драпежныя птушкі, якія гняздуюць на зямлі і з сярэдзіны мінулага стагоддзя з-за значнага змяншэння сваіх натуральных месцаў гнездавання – лугоў і нізінных балот, у многіх краінах Еўропы сталі пераходзіць на гнездаванне на сельгасземлях: шматгадовыя травы, азімыя зерневыя і рапс, люцэрну і канюшыну. Ў залежнасці ад пагодных умоваў і пачатку ўборкі зерневых, значная частка кладак і птушанят гэтых птушак гіне пад нажамі касілак і камбайнаў.
З 1993 году Заходне-Беларускае таварыства аховы птушак, а з 2002 году – Гродзенскае абласное аддзяленне ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” вывучае гэты від у Заходняй Беларусі і дапамагае камбайнёрам і механізатарам застаўляць гнёзды лунёў няскошанымі, папярэдне знаходзячы і пазначаючы іх адмысловымі меткамі.
З 2007 году чорна-белымі пластыкавымі кольцамі было пазначана 16 лунёў з Беларусі, і вядомасць з Даніі – першая пра іх далейшы лёс. З 2008 года мы таксама далучыліся да французскай схемы мечання птушанят лунёў крыламеткамі – прамавугольнікамі з мяккага пластыку, якія маюць розны колер і адмысловыя сымбалі зверху і знізу.

Птушанё поплаўнага луня з крыламеткамі. Здымак аўтара
Дзякуючы гэтаму няма неабходнасці адлоўліваць птушак, каб прачытаць інфармацыю пра іх з металічнага арніталагічнага кальца, што часам зрабіць вельмі цяжка або нават і немагчыма.

Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На верхнім здымку аўтара– самка поплаўнага луня А4 адразу пасля кальцавання

На гэтую тэму:
Польскі лебедзь-клікун адпачывае на Гарадзеншчыне

Колькі год кальцаванню птушак?

Чэшскія арнітолагі просяць аб дапамозе + фота

Первой белорусской станции кольцевания птиц – 10 лет!

Беларускі арлец над Святой зямлёй

Застрэленая шэрая гусь аказалася насамрэч белалобай

Амялушка вярнулася праз год


 

Comments

biot - 19.05.2011 - 16:08

Поздравляю с возвратом! Особенно приятно, что птица по-прежнему жива и возврат пришел именно такой, а не как находка мертвой птицы (у меня был случай, когда моего канюка нашли в Венгрии мертвым).
Новых возвратов!