Польскі лебедзь-клікун адпачывае на Гарадзеншчыне

Дзякуючы сучасным метадам вывучэння міграцый птушак, мы можам даведацца пра іх усё больш цікавага. Самым распаўсюджаным – і самым танным - застаецца кальцаванне птушак металічнымі кольцамі, на якіх акрамя індывідуальнай камбінацыі літар і лічбаў, змяшчаецца таксама кароткі адрас цэнтру кальцавання. На жаль, інфармацыя на такім кальцы звычайна можа быць прачытана толькі калі птушка апынецца ў руках людзей (жывой ці мёртвай).

У апошнія гады ўсё часцей да такіх звычайных металічных кольцаў навукоўцамі выкарыстоўваюцца пластыкавыя каляровыя кольцы, нашыйныя кольцы ці крыламеткі. Дзякуючы іх большым памерам і разнастайным камбінацыям колераў паверхні і колераў сымбаляў на іх (звычайна індывідуальнага набору літар і лічбаў), ведаючы схемы кальцавання такімі прыладамі ў розных краінах і від птушак, можна толькі па дадзеных з гэтых пластыкавых прыстасаванняў да вывучэння міграцыі атрымаць дадзеныя пра пазначаную імі птушку. 
Перавага такіх метадаў у тым, што дадзеныя з пластыку можна ўбачыць і прачытаць ці сфатаграфаваць здалёк, для гэтага не трэба абавязкова адлоўліваюць птушку.
Так атрымалася і з лебедзем-клікуном (Cygnus cygnus), які разам з некалькімі птушкамі свайго віду і больш чым 60 лебедзямі-шыпунамі (C.olor) ужо некалькі дзён адпачывае на нізінным балоце Грайна. Гэтае балота знаходзіцца ў Гродзенскім і Бераставіцкіх раёнах на Гарадзеншчыне і ўваходзіць у ТВП (тэрыторыю, важную для птушак) Гродзенская Свіслач. З пачатку 2000-х гадоў тут створаны арніталагічны заказнік мясцовага значэння для папуляцыі гняздуючай тут вяртлявай чаротаўкі (Acrocephalus paludicola).
Як аказалася, нізіннае балота дае прытулак і корм не толькі гэтай глабальна знікаючай вераб’інай птушцы, але і сотням качак, гусей, лебядзей, кулікоў і чаек пад час іх вясновай і восеньскай міграцыі, а таксама гнездавання.
Упершыню лебедзь-клікун з жоўтым нашыйнікам быў заўважаны і сфатаграфаваны намі 6 красавіка. Некалькі апошніх дзён ён застаецца на балоце разам з 8-10 іншымі клікунамі.
Як аказалася, гэтая самка была пазначаная нашыйнікам і акальцаваная 25.07. 2009 птушанём на ставе ў вёсцы Topolany, гміна Michalowo ў Падляскім ваяводзтве Польшчы.
Апошнія 3 гады яе бацькі выводзяць у гэтым месцы па 7 птушанят.


Па прамой адлегласць ад месца нараджэння да месца адпачынку на балоце Грайна трошкі больш 52 км. Гэта зусім не шмат для гэтага віду. Цікава будзе прасачыць далейшы лёс гэтай птушкі. У пятніцу яна ўжо трапіла ў тэлекамеру праграмы “У аб’ектыве натураліста” Гродзенскага абласнога тэлебачання. Ёсць надзея, што птушка застанецца ў нас на гнездаванне.

Дзякуем за дапамогу ў вызначэнні папярэдняга лёсу птушкі д-ру Марыі Велох (Dr Maria Wieloch) з Польшчы і Дмітрыю Бойка з Латвіі.

Здымак Дзьмітрыя Якубовіча
Дзьмітры Вінчэўскі (Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ) для www.birdwatch.by

НА ГЭТУЮ ТЭМУ:
Колькі год кальцаванню птушак?

Чэшскія арнітолагі просяць аб дапамозе + фота
 

Первой белорусской станции кольцевания птиц – 10 лет!

Беларускі арлец над Святой зямлёй

Застрэленая шэрая гусь аказалася насамрэч белалобай

Амялушка вярнулася праз год

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі
 

Высокія тэхналогіі дапамогуць захаваць птушак

Доўгая дарога дадому
 

Даведацца пра міжнародную каштоўнасць балота Грайна стала лягчэй

Comments