Cакатранскі канюх – новы від птушак

Дзякуючы апошняму даследаванню, форма канюха, вядомая больш за 100 год, цяпер прызнаная паўнацэнным відам.

Сакатранскі архіпелаг складаюць чатыры астравы ў Індыйскім акіяне каля найбольш паўднёвай кропкі Аравійскага паўвострава. Не так добра вядомыя як Канарскія астравы або Галапагосы, Сакатранскія астравы таксама маюць некалькі відаў раслін і жывёл, якія не сустракаюцца больш нідзе на нашай планеце.
Сярод жывёл-эндэмікаў тут жывуць некалькі відаў і падвідаў птушак, а таксама эндэмічны род лесак. Канюх з Сакотры таксама своеасаблівы і цяпер прызнаны асобным відам.
Адкрыты 111 гадоў таму, мясцовы прадстаўнік роду Buteo ніколі раней фармальна не апісваўся і не меў уласнай назвы. Таксанамія роду даволі складаная, асабліва пасля нядаўняга раздзелу паміж відамі з Новага і Старога Свету. Сакатранскі канюх нефармальна адносіўся да падвіду канюха-мышалова на працягу мінулага стагоддзя, часам яго лічылі часткай падвіду B.b. vulpinus.
Цяпер генетычныя маркеры паказалі, што сакатранскі канюх (Socotra Buzzard) Buteo socotraensis разам з паўночна-афрыканскім падвідам курганніка (North African Long-legged) Buteo rufinus cirtensis і канюхом-мышаловам утвараюць надвід з параўнальна невялікай генетычнай дыферэнцыяцыяй паміж сабой. Яшчэ адна блізкая форма – афрыканскі горны канюх (Mountain Buzzard) (Buteo oreophilus). Марфалагічна сакатранскія канюхі найбольш падобныя да Buteo rufinus cirtensis і Buteo oreophilus.
Выкарыстоўваючы абмежаваную колькасць музейных скурак і назіранні за птушкамі ў полі, аўтары апісалі дыягнастычныя характарыстыкі для птушак рознага ўзросту, ўключна з прамерамі палосак на пер’ях. Адрозненні паміж сакатранскімі канюхамі і іншымі відамі роду заслугоўваюць вылучэння першых у асобны від. 
Прадстаўнікі BirdLife International ужо прынялі новы від пад свой дагляд, прысвойваючы яму статус Уразлівага (Vulnerable).


Крыніца:
Porter, R F and Kirwan, G M. 2010. Studies of Socotran birds VI.  The taxonomic status of the Socotra Buzzard. Bulletin of the British Ornithologists' Club 130: 116-131.
Здымак з www.osme.org 
 
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by


На гэтую тэму:
Самы рэдкі альбатрос на Зямлі аказаўся асобным відам

Новы від птушак апісаны на Мадагаскары
Складаная генетыка вялікіх паўночных чаек
Адзін від амерыканскіх лесак падзялілі на чатыры
Новы від грычуноў апісаны ў Афрыцы

Генетыка дапамагае адкрыць невядомую папуляцыю