Новы рэкорд “Вялікага дня” – 294 віды птушак!

 Каманда Карнельскай арніталагічнай лабараторыі (Cornell Lab of Ornithology) пад экзатычнай для нас назвай 'Team Sapsucker' (“Каманда дзятла-смактуна”) здолела ўсталяваць новы незвычайны рэкорд – на працягу 24 гадзін яе чальцы адзначылі 294 віды птушак! Каманда на 30 відаў павялічыла свой жа рэкорд для Паўночнай Амерыкі, які афіцыйна называецца 'Big Day' (“Вялікі дзень”).

Шэсць бёдуотчараў праехалі праз штат Тэксас (ЗША) і значна павялічылі свой жа рэкордны спіс птушак з 264 відаў, якіх яны адзначылі ў гэтым жа штаце два гады таму. Першым зарэгістраваным відам стала гусь Росса каля апоўначы, якую бёдуотчары пачулі амаль адразу пасля старту. Апошнім відам стаў віргінскі пастушок, таксама пачуты чальцамі каманды ў 23:41 амаль праз 24 гадзіны пасля пачатку назіранняў. “Вялікі дзень” – адна з самых рэальных магчымасцяў сабраць грошы на ахову і даследаванні птушак у Штатах і афіцыйна падтрымліваецца ў якасці спонсара Carl Zeiss Sports Optics, LLC.

Капітан каманды “дзятлаў” Крыс Уўд (Chris Wood) сказаў: "Тэксас – неверагодны штат для /назіранняў/ птушак – тут перасякаюцца шляхі практычна ўсіх відаў, якія сустракаюцца ў Паўночнай Амерыцы. Можна ўбачыць усё  - ад птушак лугоў і прэрый да відаў пустынь і нават лясных птушак з усходніх штатаў.” 

Чальцы каманды лічаць, што ім сёлета вельмі пашанцавала з надвор’ем – напярэдадні цыклон з халодным і дажджлівым паветрам прыпыніў міграцыю многіх відаў птушак, якія былі вымушаныя чакаць на паправу надвор’я. 

"Я амаль упэўнены, што гэты наш рэкорд амаль немагчыма пабіць” – сказаў чалец каманды Брайэн Салівэн (Brian Sullivan), -“ аднак спадзяюся, што ўсе выдатныя мясцовыя прыродныя біятопы захаваюцца і ў будучыні, таму мы зможам назіраць тут птушак і праз 10, і праз 20 год”. 

У мінулым годзе гэтая каманда змагла сабраць дзякуючы “Вялікаму дню” для аховы птушак нават $250.000.  

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

Здымак з  www.blog.uwgb.edu

 

На гэтую тэму:

Кожны пяты амерыканец – бёдуотчар!

З’явіўся першы чалавек, які бачыў больш 9000 відаў птушак!

Сусветны рэкорд – 4341 від птушак, адзначаных на працягу году!

"Большой год" прибавит бёдуочеров +video

"ВЯЛІКІЯ ЎЛІКІ ПТУШАК" З АМЕРЫКАНСКІХ ПЕРАРАСЛІ Ў ГЛАБАЛЬНЫЯ