Таварыства на карысць дзікіх жывёл "Сокал" (Stowarzyszenie Na Rzecz Dzikich Zwierząt „Sokół”) з Польшчы падвяло асноўныя вынікі сваёй працы ў 2014 годзе. Пасля шматгадовай рэінтрадукцыі сокала-падарожніка (Falco peregrinus) ў розных месцах нашай заходняй суседкі, два гады таму там атрымалася знайсці першае гняздо віду на дрэве. Сёлета да яго дадаліся як мінімум яшчэ два.
Абедзве новыя пары занялі т.зв. рэінтрадукцыйныя гнёзды – г.зн. тыя, з якіх апошнія гады ў лесе выпускаюцца маладыя сокалы. Натуральнае гняздо першай пары, якая ў 2012 годзе загнездавала ў лесе, зімой звалілася і птушкі змянілі месца гнездавання якое так і не атрымалася знайсці. Аднак пасля сезону гнездавання атрымалася адзначыць некаторыя сляды, якія дапамогуць лакалізаваць гэтую пару ў наступным годзе.
Дзікія сакаляты на рэінтрадукцыйным гняздзе ў надлясніцтве Берлінэк.
У паселішчах чалавека сёлета гнездавала 9 вядомых нам пар сокала-падарожніка, якія паднялі на крыло 20 птушанят. Адна з гэтых пар заняла раней невядомае месца: ў Шчэціне, недалёка ад цэнтру гораду, гараджане знайшлі маладога сокала з вывіхнутым крылом. Адзінай дастаткова высокай пабудовай у наваколлі была невыкарыстоўваемая ўжо некалькі год вежа для коксу. Пасля яе правекі аказалася, што менавіта там і загнездавалі сокалы. Ўзімку перад новым гнездавым сезонам таварыства плануе размясціць там гнездавую скрыню, якая павінна павялічыць бяспеку птушанят.
Пад час кантролю гнязда ў гданьскай рафінэрыі LOTOS атрымалася прачытаць кальцо самкі – аказалася, што яна радзілася ў 2009 годзе на Палацы Культуры і навукі ў Варшаве.
З горных мясцовасцяў не было поўнай інфармацыі. У Татранскім нацпарку сёлета гнездавалі 2 пары, якія выгадавалі 5 птушанят. У Пеніньскім (Pienińskim) нацпарку адзначана няўдалая спроба гнездавання – па невядомай прычыне там загінула самка.
Акрамя самастойна гняздуючых пар сокала-падарожніка, таварыства “Сокал” сёлета выпусціла ў прыроду яшчэ 129 сакалят. Усе яны – акрамя аднаго, выпушчанага ў Варшаве – былі выпушчаны ў лясах.
Пяты сезон інтэнсіўнай рэінтрадукцыі віду ў лясных біятопах працягваўся ў чатырох ранейшых месцах, а менавіта ў надлясніцтвах Włocławek, Barlinek, Żmigród, Milicz і Nowe Ramuki.
Такую колькасць птушанят атрымалася выпусціць дзякуючы фундаванню праграмы ўзнаўлення лясной папуляцыі сокала-падарожніка грашыма з Эўразвязаўскага фонду рэгіянальнага развіцця (Europejskiego Funduszu Rozwoju Regionalnego w Ramach Programu Infrastruktura i Środowisko) і працягу паспяховай супрацы з Нямецкім ордэнам сакальнікоў DFO.
Ў наступныя гады таварыства плануе выпускаць у прыроду каля 100 сакалят штогод. Гэта павінна дазволіць хутка адбудаваць менавіта лясную папуляцыю віду ў Польшчы.
Нагадаем, што ў Беларусі апошні выпадак гнездавання сокала-падарожніка адзначаны ажно 41 год таму. З таго часу птушкі рэгулярна адзначаюцца штогод толькі на пралёце і часам – на зімоўцы.
Паводле www.peregrinus.pl (тэкст, фота і відэа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
У Польшчы праз 32 гады вандроўны сокал зноў загнездаваў у лесе
Сокал-падарожнік зноў загняздуе ў Беларусі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ