Пані Зоська з характарам

Самка вялікага арляца (Aquila clanga) з Бебжаньскага нацыянальнага парку (Ўсходняя Польшча) дзякуючы праекту “Арлец. Птушка, якіх мала” акрамя сатэлітарнага перадатчыка атрымала яшчэ і імя – Зоська (Zośka).

З дапамогай дадзеных з гэтага перадатчыка атрымалася даведацца пра своеасаблівы характар гэтай птушкі.
У адрозненне ад іншых пазначаных перадатчыкамі арляцоў, Зоська правяла зіму на востраве Крыт у Міжземнамор’і, адкуль вырушыла на месцы гнездавання самай апошняй з іх. Цікава, што замест таго, каб адразу ляцець у даліну Бебжы, гэтая самка вялікага арляца спачатку даляцела да літоўска-латвійскай мяжы, адкуль вярнулася ва Ўсходнюю Польшчу, а потым яшчэ раз злятала ў Літву!


Апошнім часам рэалізатары праекту занепакоіліся яе лёсам, таму што перадатчык пастаянна дасылаў сігнал з мясцовасці, якая знаходзілася каля 15 км ад г. Элк. У мінулую суботу атрымалася знайсці і злапаць моцна аслаблую арліцу і яна апынулася ў цэнтры для рэабілітацыі птушак у Пачопку. На шчасце, абследаванне не паказала сур’ёзных праблем са здароўем. Таксама было сцверджана, што прычынай аслаблення птушкі НЕ стаў перадатчык. Пасля гэтага арліца трапіла ў вальру ў нацпарку, дзе набіралася сілаў.


Аднак гэта быў толькі пачатак наступных прыгодаў гэтай незвычайнай птушкі. Рэалізатары праекту вырашылі перавезці яе ў Беласток, каб праз нейкі час яе назіраў ветэрынар. Пад час падарожжа, арліца здолела вылезці з кардоннай скрыні і вандравала ўнутры машыны, на якой яе перавозілі. Гэтая спроба ўцечкі была заўважаная і птушка зноў трапіла ў сваю скрыню.


Яна нават дазволіла давезці сябе да ветэрынара, але пад час перамяшчэння яе ў вальеру, выляцела са скрыні і паляцела над суседнімі шматпавярховікамі. Пасля кароткага адпачынку на бярозе яе больш не бачылі – яна адляцела  ў невядомым кірунку.


Цяпер знайсці яе будзе значна цяжэй, бо перадатчык на час рэабілітацыі быў зняты з птушкі. Аднак невялікая надзея зноў забачыць яе ўсё ж застаецца, бо самка была акальцаваная.

Паводле www.orlikgrubodzioby.org.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак вялікага арляца Дзьмітрыя Вінчэўскага

Comments

Harrier - 14.07.2012 - 16:17

In reply to by biot1 (госць)

Дык вынік жа добры - птушка на волі. А што выпусьцілі няхочучы, дык наадварот - можа баяліся пашкодзіць і таму далі слабіну з яе скрыняй. Ды яшчэ прызналіся да памылак - гэта важна.
 

На жаль, пад час размяшчэньня тэксту сэнс зьмяніўся, бо выпала часціца НЕ. Сказ пра ўздзеяньне перадатчыку на здароўе павінен гучаць так:

Таксама было сцверджана, што прычынай аслаблення птушкі НЕ стаў перадатчык.