Першае праўдападобнае гнездаванне соўкі-сплюшкі ў Польшчы

 Толькі цяпер стала вядома пра цікавы выпадак праўдападобнага гнездавання соўкі-сплюшкі (Otus scops) на Мазоўшы (Mazowszu), які адбыўся сёлета напрыканцы вясны – пачатку лета. 

Першая рэгістрацыя віду адбылася ў ноч з 14 на 15 мая каля аднаго са старарэччаў Нарвы, дзе група бёрдэраў з таварыства “Bocian” шукала пагонічаў. У нейкі момант яны пачулі голас савы з недалёкага сасновага бору, якую вызначылі як вераб’інага сычыка.

З-за таго, што патэнцыйны гнездавы біятоп і яго геаграфічнае становішча не пасавала для гэтага віду, даследчыкі вырашылі правесці дадатковыя назіранні, каб упэўніцца ў крыніцы гукаў.

Пры набліжэнні да савы аказалася, што голас не зусім пасуе да вераб’інага сычыка, да таго ж сыходзіў ён не з лесу, а з самага высокага дрэва найбліжэйшай вёскі. Такім чынам бёрдэры вызначылі, што інтэнсіўна крычыць самец соўкі-сплюшкі, які рэдка пералятаў з высокай таполі на іншыя дрэвы. Яго голас было чутно нават з адлегласці пр. ў 1 км.

Пасля такога адкрыцця гэтае месца рэгулярна наведвалі. Да 9 чэрвеня тут адзначалі толькі самца, але 13 чэрвеня была адзначана капуліруючая на правадах пара. Апошні раз птушак тут чулі яшчэ праз 6 дзён, пасля чаго з невядомай прычыны яны зніклі. 

Калі Фауністычная камісія (аналаг БАФК у Польшчы) зацвердзіць назіранні, гэта будзе толькі 7 рэгістрацыя віду ў Польшчы і першы выпадак праўдападобнага гнездавання. 

Апошняе зацверджанае назіранне сплюшкі адбылося таксама ў Мазоўшы (ў Варшаве), калі ў другой палове чэрвеня 2012 г. аслабленую сплюшку знайшлі ў парку і перадалі ў Птушыны прыют Варшаўскага заапарку. Пасля з’яўлення навіны пра сёлетнія назіранні віду, паведамілі пра яшчэ адну рэгістрацыю сплюшкі у Варшаве, дзе ў адным месцы ў маі тры разы крычаў самец. 

Сплюшка – невялікая паўднёвая сава, памерам з сыча-сіпеля і пераважна начной актыўнасцю. Від распаўсюджаны ў лісцевых або змешаных лясах, старых садах, парках і нават у асобных старых дрэвах у гарадах у Паўднёвай і Цэнтральна-Усходняй Еўропе, Заходняй і Центральнай Азіі да Японіі і Кітаю, а таксама ў Паўночна-Заходняй Афрыцы.

У Беларусі соўка-сплюшка – вельмі рэдкі гняздуючы пералётны від. Апошняя рэгістрацыя адбылася 5 мая 2008 г. ў Маларыце.

Паводле  www.bocian.org.pl (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

 

На гэтую тэму: 

У ПОЛЬШЧЫ ПРАЗ 60 ГАДОЎ ЗНОЎ АДЗНАЧАНЫ СТРЭПЕТ   СЕНСАЦЫЯ - Ў ПОЛЬШЧЫ ЗНОЎ ЗАГНЕЗДАВАЛІ БАРАДАТЫЯ КУГАКАЎКІ

 

Comments

ac/dc (госць) - 02.09.2013 - 10:19

13 июня копулировали, а через 6 дней исчезли, типа отгнездились? Где ж тут правдоподобность? Согласен, что все шло к гнездованию, но доказательств его нет. Посмотрим, что ПОФК решит)