Знойдзены парэшткі “чатырохкрылага” дыназаўра

    Выключна выдатна захаваныя парэшткі незвычайнага дыназаўра былі адкрытыя ў паўночна-ўсходняй частцы Кітая. Яны яшчэ раз пацвердзілі паходжанне птушак ад дыназаўраў. Абодвум знойдзеным істотам больш 150 мільёнаў гадоў – а гэта значыць, што яны нашмат старэйшыя за архэаптэрыкса Archaeopteryx litographica – самую “старую” птушку, знойдзеную навукоўцамі.


   Праф. Ксу Ксінг (Xu Xing) і яго калегі сказалі часопісу Nature, што іх знаходка можа стаць фінальным доказам таго, што дыназаўры былі прамымі продкамі птушак. Тэорыя паходжання птушак ад дыназаўраў заўсёды выклікала пытанне: чаму да археаптэрыкса не было дыназаўраў з аперанымі крыламі?
Але новыя акамянелыя парэшткі, знойдзеныя ў двух розных месцах, прыкладна на 10 мільёнаў гадоў старэйшыя за самых прымітыўных птушак.
    Адзін з новаапісаных відаў дыназаўраў ужо атрымаў навуковую назву Anchiornis huxleyi, яго парэшткі захаваліся выдатна.
   Акрамя цела, “доўгімі пёрамі былі пакрытыя крылы і хвост, а таксама ногі дыназаўра, ператвараючы яго ў сапраўды “чатырохкрылую” істоту.” – пракаментаваў знаходку праф. Ксу (Xu) з Кітайскай Акадэміі навук у Пекіне.
"Першы экземпляр, які мы знайшлі раней у гэтым годзе, быў некамплектны. На аснове гэтых парэшткаў мы назвалі новы род дыназаўраў Anchiornis; і ўжо тады мы лічылі яго блізкім крэўным птушак. Але праз нейкі час мы атрымалі другі экземпляр, які быў цэлым і выдатна захаваўся. Паўсюль вакол костак шкілету можна заўважыць пёры. І на аснове апісанняў гэтага другога экземпляру мы зразумелі, што гэта быў нашмат больш важны від, і без сумненняў адзін з найважнейшых для разумення паходжання птушак і іх палёту”.  Праф. Ксу ўпэўнены, што такая “чатырохкрыласць” магла быць вельмі важнай ступенню ў эвалюцыйным пераходзе ад дыназаўраў да птушак.
   Падрабязнасці адкрыцця былі абнародаваны на мінулым тыдні пад час штогадовай сустрэчы Таварыства Палеантолагаў хрыбетных жывёл (Society of Vertebrate Paleontologists), якая сёлета адбылася ў Брыстальскім універсітэце (Вялікабрытанія).
    Знаны палеантолаг з Брысталя Майкл Бэнтон (Michael Benton), падкрэсліў, што прэзентацыя пра новае адкрыццё была сапраўды уражваючай.
   "Крэслячы дрэва жыцця, было яўна неабходна, каб апераныя крылы з’явіліся да археаптэрыкса. І цяпер гэтыя фантастычныя знаходкі праф. Ксу Ксінга даказалі гэта для ўсіх.”

На здымках з www.news.bbc.co.uk: выгляд дыназаўра Anchiornis huxleyi паводле рэканструкцыі і як выглядаюць яго акамянелыя парэшткі.

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments

Палеанталогію дакладна: ўжо колькі гадоў у іх раскопках удзельнічаюць дзесяткі тысяч людзей! - у асноўным сяляне і жаўнеры ў якасьці таннай працоўнай сілы. Адсюль і вялізарны прарыў і знаходкі мноства новых відаў выкапневых істотаў.

АV (госць) - 30.09.2009 - 14:06

хуа -птица по китайски. Странные комментарии вокруг находки, так и орлов можно 4-крылыми назвать, раз у них перьями покрыты ноги. Нет никакой интерпретации зачем нужны были перья и как они пользовались 4 крыльями. Скелет-то полный, похоже по отпечатку, нашли. И это не птицы, а динозавры, первые птицы пока археоптериксы...

У Любліне на агульнапольскай орніталагічнай канферэнцыі быў першым пастаўлены вельмі цікавы пленарны даклад пра эвалюцыю птушак. Дык там сьцвярджалася, што першыя птушкі доўга не маглі узьняцца ў паветра з зямлі. Для таго, каб усё ж лятаць, яны павінны былі з дапамогай кіпцюроў на крылах узьбірацца куды-небудзь, а ўжо потым пералятаць. Такія доўгія пёры на нагах патрэбныя былі, напэўна, для больш устойлівага палёту (большай плошчы паверхні крылаў). Як цікавая пераходная форма вельмі незвычайныя.