На Мальце адбудзецца рэферэндум па вясноваму паляванню на птушак

Канстытуцыйны суд Мальты пасля вялікага ціску грамадзкасці і прыродаахоўных арганізацый пастанавіў дазволіць правядзенне рэферэндума па існаванню на востраве вясновага палявання на птушак. 

Кааліцыя за забарону вясновага палявання (Coalition for the Abolition of Spring Hunting) радасна прыняла гэтую навіну. Усяго больш за 40 тысяч мальтыйцаў падтрымалі ідэю правядзення рэферэндуму і падпісалі адпаведную петыцыю. 

Раміна Толу (Romina Tolu), каардынатар кампаніі Кааліцыі, сказала, што “працэс прыняцця судом рашэння вельмі зацягнуўся, таму што паляўнічае лобі спрабавала шмат разоў заблытаць і людзей, і суддзяў. Цяпер усім стала зразумела, што патрабаванне забароны вясновага паляванне гэта не толькі патрабаванне Еўразвязу, але  і пажаданне многіх мальтыйцаў”. 

Прыродаахоўным арганізацыям на востраве і за яго межамі зразумела, што пераважная большасць мальтыйцаў супраць барбарскага вясновага палявання на птушак, аднак паляўнічыя маюць сваіх стаўленікаў сярод розных эшэлонаў улады на востраве. Такім чынам рэферэндум павінен скончыць доўгі этап нелегальных дамоўленасцяў паміж паляўнічымі і палітыкамі коштам жыцця дзесяткаў і сотняў тысяч мігрыруючых над Мальтай птушак. 

Цяпер Урад вострава чакае на вызначэнне даты правядзення рэферэндума, якую прызначыць прэзідэнт. 

Вясновае паляванне і адлоў птушак забаронены ў краінах Еўразвязу адпаведна з Дырэктывай аб дзікіх птушках (Birds Directive). Існуюць выключэнні з гэтай забароны, якія можа выкарыстаць любая краіна – чалец ЕЗ, аднак толькі тады, калі выконваюцца адпаведныя ўмовы (гл. Артыкул 9 Дырэктывы): напрыклад, у інтарэсах грамадзкага здароўя і бяспекі; для дасягнення навуковых, навучальных або прыродаахоўных мэтаў і для вельмі абмежаванага Іншага разумнага выкарыстання дзікіх птушак. Для ўсіх гэтых выключэнняў Дырэктыва патрабуе, каб не было іншага магчымага рашэння праблемы.  

Мальтыйскі ўрад дазволіў вясновае паляванне і адлоў звычайных туркавак і перапёлак з моманту ўступлення ў Еўразвяз у 2004 годзе на працягу наступных трох гадоў. Паводле рашэння Еўрапейскага суду, Мальце было забаронена адкрываць паляўнічы сезон з вясны 2008 году.

Яшчэ адзін прысуд быў абвешчаны Судом 10 верасня 2009, у якім Суд прызнаў дазволы Мальты на вясновае паляванне ў 2004-07 гг незаконнымі і неадпаведнымі Дырэктыве па дзікіх птушках. 

Аднак, не гледзячы на гэта, у 2010 годзе прэм’ер-міністр Мальты пад ціскам мясцовага паляўнічага лобі дазволіў вясновае паляванне на туркавак і перапёлак на працягу 6 дзён і заканадаўча прасунуў магчымасць нават больш падоўжанага сезону палявання вясной у будучыні нават да трох тыдняў. 


Усяго для Мальты адзначаны 384 віды птушак, з якіх 170 рэгулярна адзначаюцца пад час міграцыі вясной і ўвосень.

Зразумела, што асноўная праблема вясновага палявання на Мальце – гэта не толькі і не столькі забітыя туркаўкі і перапёлкі, а магчымасць легальна знаходзіцца з паляўнічым рыштункам і пасткамі па ўсяму востраву і масавае забойства ўсіх відаў птушак, якія апынаюцца побач са шматлікімі стралкамі- браканьерамі.

Паволе www.birdlifemalta.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Лагатып сайту www.chrispackham.co.uk выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі

 

На гэтую тэму:

АПОШНІ МАЛЬТЫЙСКІ СОКАЛ-ПАДАРОЖНІК ЗАБІТЫ ПАЛЯЎНІЧЫМІ?

Скапа з перадатчыкам знікла над Мальтай Птушкі вяртаюцца на Мальту

Аперацыя “Бяспечныя нябёсы” працягваецца на Мальце

Менш нагоды да вычварэнстваў у рэстаранах

Кіпрыёты “запрацоўваюць” мільёны эўра, забіваючы мігрыруючых птушак

 

 

Comments