Выдатныя навіны для мігрыруючых птушак

У мінулую нядзелю, 9 лістапада, адбылася вельмі значная падзея. На канферэнцыі краін-удзельніц Канвенцыі па мігрыруючых відах дзікіх жывёл (Convention on Migratory Species (CMS)), больш вядомай у нас як Бонская канвенцыя, прадстаўнікі краін між іншым выпрацавалі накірункі барацьбы з нелегальным забойствам, выемкай з прыроды і гандлем дзікімі птушкамі і ратыфікавалі пераломны План дзеянняў па ахове больш чым 400 відаў пярнатых! 

Гэтыя гістарычныя падзеі адбыліся пад час 11й сустрэчы бакоў Бонскай канвенцыі, якая праходзіла 4 - 9 лістапада ў Кіёта, сталіцы Эквадору. 
У якасці міжнароднай дамовы пад эгідай праграмы ААН па ахове навакольнага асяроддзя, канвенцыя CMS забяспечвае глабальную платформу для аховы і ўстойлівага выкарыстання мігрыруючых жывёл і іх месцапражыванняў. 

Адным з самых важных вынікаў канферэнцыі можна лічыць Рэзалюцыю супраць атручвання мігрыруючых птушак (Resolution Preventing Poisoning of Migratory Birds). Яна падтрымлівае асноўныя накірункі дзейнасці, якія значна змяншаюць рызыку атручвання і абавязваюць бакі Канвенцыі мінімізаваць гэтую небяспеку, ўключна з рэкамендацыяй забараніць выкарыстанне дыклафенаку - ветэрынарнага леку, з-за якога у Індыі амаль зніклі ўсе грыфы. Арамя гэтага рэкамендавана забараніць любую паляўнічую амуніцыю са свінцом, значна абмежаваць выкарыстанне радэнтацыдаў, інсектыцыдаў і атручаных прынадаў.

Марцін Харпер (Martin Harper), дырэктар RSPB па ахове прыроды, сказаў: “З таго, што я чуў пра ход абмеркаванняў /пад час канферэнцыі/, яны не былі лёгкімі. Тым больш такія нечакана добрыя навіны пра яе вынікі не могуць не радаваць.

Гэта выдатны прыклад таго, што можна дасягнуць пад час асэнсаваных і ўступлівых перамоваў. Аднак рэзалюцыя - толькі першы крок; цяпер зацікаўленыя бакі мусяць працаваць разам, каб выканаць рэкамендацыі ва ўсіх краінах, якія ратыфікавалі канвенцыю CMS.” 

План дзеянняў па ахове мігрыруючых птушак (Landbird Action Plan) усталёўвае шляхі паляпшэння ахоўнага статусу больш за 400 відаў птушак, якія выкарыстоўваюць Афрыканска-Еўразійскія пралётныя шляхі. Ён вызначае неабходнасць захавання ландшафтаў і магчымасць кожнага зрабіць унёсак у ахову птушак. 

Беларусь ратыфікавала Бонскую канвенцыю ў 2003 годзе і стала 84 краінай- яе падпісантам. Дарэчы, на канферэнцыі ў Кіёта ад нашай краіны ўдзельнічаў і Уладзімір Малашэвіч, дырэктар АПБ.

Падрыхтаваў паводле www.birdwatch.co.uk Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак лебедзяў-шыпуноў Мікалая Гулінскага

 

На гэтую тэму:

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

Крызіс знікненняў паглыбляецца

МСАП (IUCN) ПРАПАНУЕ НАРЭШЦЕ СКЛАСЦІ ЧОРНЫ СПІС ІНВАЗІЙНЫХ ВІДАЎ

НОВЫ ЧЫРВОНЫ СПІС БЕЛАРУСІ: ВЫКЛЮЧАНЫ ДВА І ДАДАДЗЕНЫ АДЗІН ВІД ПТУШАК

 

Comments